Воскресенье, 26 октября 2025

Сімвалы дзяржаўнасці і суверэнітэту

510

У Пружанах адсвяткавалі Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Гэтае свята, якое штогод адзначаецца ў другую нядзелю мая, стала ўрачыстай нагодай падкрэсліць значэнне нацыянальных сімвалаў, якія ўвасабляюць гісторыю, суверэнітэт і духоўныя каштоўнасці беларускага народа.

Святочныя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх кутках «сінявокай», і наш раён не стаў выключэннем. На плошчы каля райвыканкама сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, а таксама школьнікі, навучэнцы, мясцовыя жыхары і госці горада. Усе прысутныя ў адзіным патрыятычным парыве спелі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, які гучыць падчас усіх важных дзяржаўных і грамадскіх падзей. Яны нагадваюць, што кожны з нас з’яўляецца часткай вялікай, незалежнай краіны.

— Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн — гэта не проста афіцыйныя атрыбуты. Яны з’яўляюцца візітоўнай карткай Беларусі, якая аб’ядноўвае грамадзян розных пакаленняў, гераічнае мінулае цэлага народа з яго сучаснымі дасягненнямі. За гады незалежнасці мы з вамі пабудавалі моцную, суверэнную, незалежную дзяржаву, якой па праву ганарымся, якую любім і паважаем. Бо фундамент любой дзяржаўнасці — гэта мы з вамі, і толькі ад нас залежыць, якой яна стане ў будучым, — зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.

Права ўзняць Дзяржаўны сцяг сёлета было даручана начальніку штаба аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Мікалаю Заянчкоўскаму і вучаніцы 11 класа СШ № 4
г. Пружаны Мілане Сідарук.

Са святам, якое аб‘ядноўвае, павіншавалі пружанцаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віталій Матвіенка, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Ірына Рапейка, першы сакратар РК ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук, якія адзначылі, што нашы дзяржаўныя сімвалы — гэта таксама перамога ў розных галінах эканомікі, культуры, спорце і іншых грамадскіх сферах. Яны выказваюць нашы светлыя імкненні да шчаслівай будучыні, да мірнага жыцця і працвітання.

Традыцыйна ў гэты дзень адбылося ўрачыстае прыняцце ў піянеры вучняў 4 класаў пружанскай гімназіі. Як часцінку Дзяржаўнага сцяга Беларусі, юным піянерам павязалі гальштукі члены райвыканкама, прадстаўнікі раённага Савета дэпутатаў, пракуратуры і іншыя ганаровыя госці. Класныя кіраўнікі чацвёртых класаў Святлана Удавінец і Вольга Алішэвіч разам з вучнямі падрыхтавалі гімн беларускіх піянераў «Будзь гатоў!», які прагучаў узнёсла і ганарова.
Старшыня раённага савета ГА «БРПА» Ала Хадаровіч адзначыла, што гэты памятны дзень юныя беларусы запомняць на ўсё жыццё. Піянерскі гальштук — не проста прыгожы атрыбут, а прыклад патрыятызму, даніна павагі да свайго мінулага, любові да роднай зямлі.

Таксама на плошчы прайшла цырымонія ўручэння членскіх білетаў ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», якую правяла першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук. Пасведчанні таго, што кожны з маладых людзей далучыўся да вялікай, дружнай, крэатыўнай каманды моладзі, атрымалі 30 юнакоў і дзяўчат. Прадстаўнікі маладога пакалення, выпускнікі ўстаноў адукацыі прынеслі прысягу грамадзян Беларусі. З гэтага часу яны павінны горда несці высокае званне, быць лепшымі ў вучобе, спорце і актыўнымі ў грамадскім жыцці.


Цудоўную атмасферу свята дапоўніла не толькі сонечнае надвор’е, але і творчыя калектывы Пружаншчыны, якія парадавалі гледачоў яркімі нумарамі.


Ірына Велясевіч.
Фота Кацярыны Масік