Воскресенье, 19 апреля 2026

Саламяныя перапляценні жыццёвых узораў

562

Больш за пяць гадоў таму ў нашым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі склаўся творчы дуэт педагога Наталлі Вітальеўны Свешнікавай і яе вучаніцы Крысціны Васкоўцавай (на здымку). Здаецца, два зусім розныя чалавекі, пакаленні, але як шмат іх сёння аб’ядноўвае. Давайце пазнаёмімся з нашымі гераінямі бліжэй.

У дзяцінстве Наталлі Свешнікавай было цікава займацца вязаннем, з вялікім інтарэсам сачыла за работай швейнай машынкі. А вось прафе-сію першапачаткова абрала сабе не зусім творчую. У 1985 годзе Наталля Вітальеўна скончыла Беларускі політэхнічны інстытут (сённяшні БНТУ) і прыйшла працаваць на Пружанскі завод радыёдэталей. Але ж потым лёс перавярнуў усе планы. Дарадцам выступіў… тата, які на той момант працаваў у Доме піянераў. Ён і параіў дачцэ паспрабаваць сябе ў ролі педагога. Пачаўся шлях Наталлі Вітальеўны ў свет сумеснай творчасці з дзецьмі ў гуртку па вязанні на спіцах — чым і сама цікавілася і займалася ў дзяцінстве. А залатая саломка ў залатых руках таленавітага педагога апынулася, дзякуючы тагачаснаму дырэктару Ніле Іванаўне Макавецкай: старэйшая калега бачыла ў юным педагогу вялікі творчы патэнцыял. І, працуючы з саломкай, Наталля мае значна больш прасторы для развіцця і стварэння свайго непаўторнага майстэрскага почырку. Так яно і адбылося. Наталля Вітальеўна з кніг па крупінках збірала веды і фарміравала сваё творчае і педагагічнае майстэрства, што потым адбілася ў шматлікіх перамогах яе вучняў. Адпрацаваўшы больш за 30 гадоў у ЦТДМ, у 2022 годзе Наталля Вітальеўна адправілася на заслужаны адпачынак і два гады нават не брала саломку ў рукі, аддаўшы перавагу шыццю, аб чым таксама марыла ў дзяцінстве. Але ж калі ў жніўні 2024 года дырэктар цэнтра Алена Пухнарэвіч прапанавала вярнуцца і адкрыць гурток, Наталля Свешнікава амаль не вагалася і зноў не прагадала: гэта сапраўды залатое вяртанне, аб чым сведчаць перамогі яе таленавітай вучаніцы Крысціны Васкоўцавай, з якой варта пазнаёміцца бліжэй.

Крысціна — вучаніца 10 класа СШ №1 імя ЧБВА. Яшчэ ў 4 класе дзяўчына прыйшла на заняткі ў гурток да Наталлі Вітальеўны і паказала сябе вельмі стараннай і таленавітай. За некалькі гадоў Крысціна навучылася ў сваёй настаўніцы многаму, а галоўнае — ніколі не спыняцца на дасягнутым і імкнуцца да самаўдасканалення. У сваёй школе Васкоўцава на сённяшні дзень — неаднаразовы прызёр алімпіяд па беларускай мове і інфарматыцы. А ў ЦТДМ толькі за пяць месяцаў гэтага навучальнага года ў Крысціны дыпломы І ступені раённых этапаў выстаў-конкурсаў «Усе дзеці таленавітыя» і «Калядная зорка», дыпломы І і ІІІ степеняў абласных этапаў гэтых жа конкурсаў. І ўжо падведзены вынікі XXVIII Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Калядная зорка», згодна з якімі 1 лютага таленавітая старшакласніца ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Як бачым, пад кіраўніцтвам Наталлі Свешнікавай Крысціна становіцца таксама таленавітым юным майстрам з глыбокім пачуццём любові да прыгожага, гарачым сэрцам і пры гэтым з разважлівым матэматычным складам розуму, як і яе педагог. Дзяўчына ўжо абрала для сябе свой будучы прафесійны шлях: далейшае жыццё яна плануе звязаць з праграмаваннем ці інфармацыйнай бяспекай. Дарэчы, напярэдадні ўзнагароджання ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Крысціна знаходзілася ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку — гэта ўстанова адукацыі, мэтай якой з’яўляецца падтрымка адораных школьнікаў, развіццё ў іх інтарэсу да навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, імкненне да асабістых дасягненняў. Таленавітая вучаніца СШ № 1імя ЧБВА г. Пружаны наведвала гэту ўстанову ўжо двойчы, на гэты раз яе праект стаў адным з лепшых, і таму Крысціна атрымала магчымасць працягнуць навучанне ў тэхнапарку і работу над сваім праектам у дыстанцыйнай форме. Вось такая шматгранная натура ў нашай юнай зямлячкі.

Як бачым, у лёсе педагога і вучаніцы ёсць нейкае залатое перапляценне: праз тэхнічныя навукі да саломапляцення і наадварот. Адчуванне, што спіраль часу сціснулася і жыццёвыя кропкі Наталлі Вітальеўны і яе вучаніцы Крысціны знаходзяцца максімальна блізка і амаль паўтараюць адна адну. Вось так цікава перапляліся два розныя, але такія падобныя жыццёвыя ўзоры людзей розных пакаленняў, якіх аб’яднаў наш цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і беларускае золата — саломка.

Вольга Бабрыцкая, метадыст ЦТДМ