Суббота, 18 апреля 2026

Рэспубліканскі велапрабег, прымеркаваны да 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчынай вайне і святкавання 900-годдзя з дня заснавання Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку, прайшоў па Пружанскім раёне напярэдадні яго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

536

Удзельнікамі «дарогі памяці», якую ў гэтыя ліпеньскія дні пранеслі ў сваіх сэрцах добраахвотнікі, сталі прадстаўнікі абласнога і раённага ўпраўленняў па спорце і турызму, Брэсцкай епархіі, велаклубаў Брэстчыны, а таксама маладзёжнае брацтва Свята-Серафімаўскага праваслаўнага прыходу. Старт быў дадзены ля сцен Брэсцкай крэпасці, дзе кожны камень памятае грукат першых залпаў вайны. Тут, у цытадэлі мужнасці, ад Вечнага агню, веласіпедысты ўзялі курс на ўсход, каб пайменна ўспомніць аб тых, хто аддаў жыццё за мірнае неба.

Праехаўшы больш за 100 км па маршруце Брэст — Хмелева — Вежнае — Шчарчова, удзельнікі велапрабегу пад канец дня дабраліся да Пружан. «Калона жывых» — так можна было назваць гэты струмень людзей, якія зліліся ў адзіным парыве. Яны імчаліся міма палёў і пералескаў, спыняліся ля брацкіх магіл і абеліскаў, каб схіліць галовы перад загінуўшымі героямі.

Ля помніка «Спаленым вёскам», дзе камень плача вогненнымі слязьмі вайны, сабраліся ўсе, каму дорага гэта памяць: кіраўніцтва горада, грамадскія актывісты, духавенства, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна — усе стаялі плячом да пляча, аб’яднаныя адным смуткам і адной падзякай. Казалі пра подзвіг, пра цану Перамогі, пра тое, як важна захоўваць гэтую праўду ў сэрцы, перадаючы сваім нашчадкам.

— Тут кожны метр паліты крывёю, і мы не маем права забыцца. Гэтае месца — журботнае дыханне гісторыі, якое не змоўкне, пакуль мы памятаем. Яно сімвалізуе сабой той боль, трагедыю і бесчалавечнасць, якія фашысты чынілі ў адносінах да мірных грамадзян. Наша зямля з усёй тэрыторыі Беларусі даўжэй за ўсіх знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, тысячы людзей былі забітыя, закатаваныя, спаленыя. І да гэтага часу выяўляюцца новыя факты той вялікай трагедыі. Гэта вайна пакінула беларускаму народу цяжкую спадчыну. Таму наша задача — памятаць, шанаваць, пакланяцца і ўсімі сіламі берагчы мір на нашай шматпакутнай зямлі, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.

Рэспубліканскі велапрабег сабраў тых, для каго словы «Ніхто не забыты, нішто не забыта» — не проста радкі з песні, а клятва, дадзеная продкам. Сярод удзельнікаў — ветэраны веларуху, для якіх такое падарожжа становіцца добрай традыцыяй. Уладзімір Бабко, інжынер-электрык з Брэста, удзельнічае ў мемарыяльным прабегу другі год запар, далучыў да яго сваіх аднадумцаў і плануе далей пашыраць гэты рух.

— Важна, што з кожным годам нас становіцца больш. Няма ніводнай беларускай сям’і, каго б не закранула гэтая трагедыя. Мае дзядулі і бабулі спачатку былі ў акупацыі, а калі прыйшоў фронт, усе пайшлі ваяваць. На сваім «жалезным кані» я аб’ехаў усю вобласць. Гэта мой сціплы ўклад у вялікую справу — пакуль я магу, буду прыязджаць да іх, як да жывых. Калі спыняешся ля брацкай магілы, адразу разумееш, што пад гэтым каменем ляжаць такія ж хлопцы, як мы, і ўся стомленасць сыходзіць. Гэта мацней за любыя словы.

У памяць аб загінуўшых ля помніка «Спаленым вёскам» прайшоў памінальны малебен. Пасля ўдзельнікі велапрабегу ўсклалі кветкі да падножжа манумента.

Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны МАСІК