Пятница, 31 октября 2025

Работа ў сельскай гаспадарцы не спыняецца нават у выхадныя дні

248

Ніколі не было такога, каб кагорта вясковых працаўнікоў стаяла ўбаку ад агульнай справы сваёй Беларусі.

Гэта ж датычыцца і сельскай гаспадаркі як у цэлым па краіне, так і адносна нашага раёна. Знаходзяцца ж скептыкі, якія на ёй гатовы проста крыж паставіць, пры гэтым з апетытам паядаюць кожны дзень духмяны хлеб, каўбасу розных гатункаў, салаты з той жа капусты, морквы і буракоў, п’юць пажыўнае малако. А самі ж і блізка не ведаюць пра актуальны стан спраў, не валодаюць аператыўнай інфармацыяй, больш таго, ніколі не былі на той жа ферме ці комплексе, не бачылі ўсяго размаху пасяўной і жніўнай кампаній.


Трэба, відаць, часцей праводзіць азнаямленчыя экскурсіі ў гаспадаркі для такіх людзей. Каб яны самі ўпэўніліся ў тым, што ў нашай краіне дадзенай галіне эканомікі надаецца самая пільная ўвага. А значыць, сельская гаспадарка была і будзе непарушнай. Як яна можа быць у занядбанні, калі на ёй трымаецца ўся харчовая бяспека дзяржавы? Гэтага ніхто не дапусціць, у першую чаргу, наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які пастаянна выдзяляе час са свайго шчыльнага рабочага графіка, каб наведаць той ці іншы раён, пабываць у сельгаставарыствах, пагутарыць з народам, даць слушныя парады і падтрымаць ініцыятывы, якія ў будучым прынясуць прыбытак.

Гэта было першае. Ды і самі сельскія працаўнікі не дапусцяць таго, каб родныя палеткі зараслі пустазеллем, тэхніка без справы прастойвала. Гэта не пра іх, любоў да зямлі ў гэтых людзей закладзена ад прыроды. Яны могуць служыць прыкладам самааддачы ў любой справе, упартасці і скрупулёзнасці падчас выканання пастаўленай задачы.


І робяць жа ўсё шчыра, з веданнем справы, не для галачкі, бо разумеюць важнасць работы. Аб чым гаворыць і год сёлетні, складаны. Але што нашаму мужыку тая непагадзь? Не такое бачылі! У пацвярджэнне можам і лічбы прывесці, каб даказаць: сельская гаспадарка Беларусі мае намер ісці толькі ў рост, забяспечваць прадукцыяй сваіх жыхароў, а яшчэ можа падзяліцца з добрымі суседзямі. Возьмем хаця б Пружаншчыну з апошнімі дадзенымі на панядзелак бягучага тыдня. Напрыклад, бульба (куды нам без яе?!). У мінулым годзе яе ўраджайнасць па раёне складала 160 ц/га, а на сёння гэтая лічба — 308. Мала без чаго ў два разы павялічылі. Трэба толькі правільна разлічыць усе агратэхнічныя тэрміны і, канечне, свае сілы. Тое ж і з цукровымі буракамі: на 100 ц/га падняліся. А ў ААТ «Мурава» па ўраджайнасці выйшлі ажно на 699. І па ўборцы збожжавых і зернебабовых (з кукурузай) таксама ўсё на ўзроўні. Ні халодная вясна, ні пераменлівае лета не перашкодзілі хлебаробам дамагчыся рэзультату. Што да жывёлагадоўлі, то таксама ўсё ладам. Напрыклад, нарыхтавана травяных кармоў для грамадскай жывёлагадоўлі 216861 тона (102% да 2024 года), а ў разліку на адну ўмоўную галаву выйшла 31,09 цэнтнераў кармавых адзінак
(+0,25 да мінулага года). Быць нам з малаком і смятанай.

Калі ўжо разбірацца, то да канца. Пагаворым і пра фінансавы бок справы. У сельскай гаспадарцы можна зарабіць да двух тысяч і вышэй, гледзячы, канечне, якую пасаду займаеш. Даволі такі значная сума, якая дазваляе годна пабудаваць жыццё, нават
адкласці на будучыя пакупкі. Між іншым, сельгаставарыствы на дадзены момант шчыра запрашаюць жадаючых паспрабаваць свае сілы ў рабоце на зямлі. А чаму б і не? Вакантныя месцы ёсць, патрэбны трактарысты-машыністы, аператары машыннага даення, нават жыллё дадуць.

І дзіва, моладзь у апошні час стала пільней прыглядацца да спецыяльнасцей, якія так ці інакш звязаны з вёскай. А гэта значыць толькі адно: там можна і трэба працаваць, ёсць перспектыва прафесійнага росту, было б толькі непадробнае жаданне. І яно маецца, часам нават здзіўляешся: маладая дзяўчына родам з горада, а абрала для сябе лячэнне кароў і ў будучым мяняць нічога не збіраецца. У далейшым нават сем’і ствараюць на вёсцы маладыя людзі, разам па жыцці і на працы. Бывае і цяжкавата, дык ніхто і не абяцаў лёгкіх грошай, а ўрэшце, табе вось проста так ніхто рубля не дасць, яго трэба зарабіць. Гэта закон жыцця.


Работа ў сельскай гаспадарцы не спыняецца нават у выхадныя дні. Ніколі не было такога, каб кагорта вясковых працаўнікоў стаяла ўбаку ад агульнай справы сваёй Беларусі. Праводзіцца рэспубліканскі суботнік — значыць дружна падтрымалі ініцыятыву, выйшлі і навялі чысціню і парадак вакол сябе. Так атрымалася і ў мінулую суботу. Напрыклад, работнікі філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі». Аб’ектамі для суботніка былі абраны МТК «Загор’е» і «Харава». Дапамагчы сваім людзям — святое. На апошнім малочнатаварным комплексе з задорам узяліся мыць уваходныя дзверы ў цэхах і вокны, фарбаваць батарэі ацяплення, нават распілоўкай дроў займаліся (на здымках). Там і так па сутнасці ў памяшканнях і на тэрыторыі быў парадак, але зрабіць яшчэ лепш ніхто не можа забараніць.

У заключэнні вельмі хацелася б прывесці словы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі: «Мая мэта, як і раней, — захаваць вёску. Не будзе вёскі — не будзе дзяржавы». Вельмі слушнае выказванне, якое надае ўпэўненасці ў тым, што сельская гаспадарка будзе на вышыні.


Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік