Суббота, 18 апреля 2026

Пружанский район стал площадкой для проведения важного семинар-совещания. В центре внимания участников — новые правила экстренного убоя КРС, утвержденные постановлением Минсельхозпрода №108 от 11 октября 2024 года

644

Наш раён 21 сакавіка ў чарговы раз наведалі высокія госці, каб прыняць удзел у рэспубліканскім семінары-нарадзе «Арганізацыя работы па правядзенні экстраннага забою буйной рагатай жывёлы ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь ад 11.10.2024 № 108» на прыкладзе Пружаншчыны.

Адкрыццё мерапрыемства ў гарадскім Палацы культуры пачалося з уступнага слова міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Юрыя Горлава. Было адзначана, што ў рабоце любой галіны эканомікі краіны ўсё павінна быць адкрыта і празрыста. Ніякага ўтойвання фактаў наогул быць не можа.


Мы павінны ўсімі сіламі старацца не дапускаць падзяжу буйной рагатай жывёлы. Пра гэта заўсёды гаворыць і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Але, на жаль, так бывае, што карова атрымала траўмы, якія не сумяшчаюцца з жыццём. Тады патрэбна хутка зрэагаваць, каб не запісаць галаву ў лік падзяжу.

Для гэтага і існуюць забойныя пляцоўкі, такіх у Брэсцкай вобласці трыццаць на 182 гаспадаркі, якія займаюцца вырошчваннем БРЖ. Як падкрэсліў Юрый Мікалаевіч, паняцце выбыцця павінна быць выключана, мяса ж таксама каштуе грошай. А яны лішнімі ніколі не бываюць.

Гэтай жа думкі прытрымліваецца і першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, а яшчэ дадаў: усё патрэбна выкарыстоўваць на карысць дзяржавы. З мяса ж робяцца тыя ж каўбасы, тушонкі, якія мы і спажываем, а яшчэ і імпартуем у іншыя краіны.

Але асноўная задача — пазбегнуць памяншэння пагалоўя БРЖ, пастарацца нават яго павялічыць, таксама павысіць надоі. Лідарам у раёне з’яўляецца ААТ «Велікасельскае Агра» з лічбай у больш чым 33 кг на карову. Гаспадарка гасцінна сустракала ўдзельнікаў мерапрыемства на МТФ «Вялікае Сяло № 1». На яе тэрыторыі дырэктар сельгаставарыства Васіль Севасцьянчык падрабязна расказаў пра праектныя рашэнні пры будаўніцтве дадзенай фермы ў адпаведнасці з сучаснымі тэхналагічнымі патрабаваннямі. Звярнуў увагу прысутных на такі немалаважны элемент, як стварэнне камфортных умоў утрымання для буйной рагатай жывёлы, збалансаванае кармленне і на тое, што захаванасць пагалоўя пачынаецца з сухастойнага перыяду. Здароўе рагуль пад кантролем ветэрынарнай службы з 5 чалавек. На свае вочы можна было бачыць, што ўсюды пануюць чысціня і парадак. Значыць, усе работнікі фермы зацікаўлены ў станоўчым выніку, імкнуцца да камфорту свайго і жывёлы.

Наступны пункт прыпынку — ААТ «Мурава». Тут месцам размовы была абрана ферма з аднайменнай назвай. Дырэктар гаспадаркі Аляксандр Маркечка пазнаёміў з сельгаставарыствам. Пасля чаго слова ўзяла намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама — начальнік аддзела ветэрынарыі Вольга Васютовіч. Яна даступна давяла да слухачоў інфармацыю, як правільна праводзіць экстранны забой буйной рагатай жывёлы. Гэтая работа павінна праводзіцца якасна, бяспечна, прасочвацца сыравіна. Абавязкова збіраецца пакет дакументаў па экстранным забоі ў арганізацыі, таксама і на мяса, які неабходны для ветэрынарнай сертыфікацыі. Сыравіна павінна быць поўнасцю прыдатнай для далейшага выкарыстання. Цікава было наведаць і мясцовы забойны цэх, такіх у раёне шэсць.

Калі ж сельгаставарыства не мае магчымасці ў сябе праводзіць забой, на выручку прыходзіць райспажыўтаварыства, якое займаецца такой работай. А са жніўня 2024 года арганізацыя яшчэ адкрыла і цэх па вырабе мясных кансерваў. Вытворчая магутнасць па забоі — 25 галоў у суткі. Што да асартыменту прадукцыі, то гэта ялавічына тушаная вышэйшага і першага сорту, рубленая, цяляціна апетытная. Важны момант, па словах старшыні праўлення Пружанскага раённага спажывецкага таварыства Дзмітрыя Карпея, — дастаўка з гаспадарак буйной рагатай жывёлы павінна ажыццяўляцца толькі з прыкладаннем усіх дакументаў, каб пазбегнуць непатрэбнай нікому ўтылізацыі. Пабывалі і ў самім цэху, работа адладжана, працуюць спецыялісты адпаведнай кваліфікацыі з захаваннем усіх санітарных нормаў.

Надышоў час падвесці вынікі ўбачанаму і пачутаму ў вялікай зале райвыканкама. На пытанні ўдзельнікаў семінара-нарады таксама былі гатовы адказаць намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктар Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іван Смільгінь, старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і намеснік старшыні праўлення Белкаапсаюза Аксана Скіндзер. Бяздзейнічаць ні ў якім выпадку нельга — пасыл ад Юрыя Горлава. Уся жывёла павінна быць здаровай і ўтрымлівацца належным чынам. Выбыццё пастарацца выключыць, а непрадбачаныя сітуацыі вырашаць аператыўна, з падключэннем, калі ёсць патрэба, іншых службаў. Толькі разам і зможам дамагчыся рэзультату.


Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік