Воскресенье, 19 апреля 2026

Пружанцы сталі сведкамі і непасрэднымі ўдзельнікамі рэканструкцыі падзей 1941-1944 гадоў у Хаваншчыне

321

На «Хаванчыне» гучалі стрэлы. На шчасце былі яны з халастых патронаў. Тут, на Івацэвіцкай зямлі, у мемарыяльным комплексе партызанскай славы «Хаваншчына», адбылася рэканструкцыя падзей 1941-1944 гадоў.

Адметна, што ў рэканструкцыі прымалі ўдзел члены ваенна-гістарычнага клуба «За Радзіму!» з Пружанскага раёна. Камандаваў сваім атрадам старшыня клуба, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Віталій Матвіенка.

Прызнаюся, што мне ўпершыню давялося быць відавочцам падобнага дзейства. Выбухі, дым, стрэлы адступаючых «фрыцаў», крыкі «Ура! Мы перамаглі!», узятыя ў палон ворагі, якіх па-майстэрску сыгралі ўдзельнікі клубаў… Усё было даволі рэалістычным.

Перш чым трапіць на мемарыяльны комплекс, нам трэба было прайсці даволі немалы шлях праз лес і балота. Але на самай балоцістай частцы пракладзены трывалыя масткі. Дэлегацыя Пружанскага раёна (былі сярод нас і дзеці), пераадолела ўсе цяжкасці. Заадно ўсвядомілі, што ў тыя страшныя гады, калі бацькі, дзяды і прадзеды вызвалялі краіну ад гітлераўцаў, падобныя перашкоды здаваліся дробяззю. Насамрэч, былі такія цяжкасці, што не ўяўлялася, як людзі змаглі выстаяць і перамагчы.

Удалося пабываць у партызанскай зямлянцы, штабе атрада, у рэдакцыі газеты «Заря», дзе стваралася і друкавалася партызанскае выданне. Тут таксама праводзілась рэканструкцыя жыцця партызанскага паселішча. На вогнішчы гатавалася каша, якую можна было пакаштаваць.

На пляцоўцы, побач з якой праходзіла рэканструкцыя, прайшоў канцэрт, у якім прынялі ўдзел самадзейныя артысты. Гучалі песні ваенных гадоў. Пад іх музыку кружыліся ў віхуры танца прыбыўшыя з многіх раёнаў Брэстчыны ўдзячныя патомкі герояў-партызан.

Гэтую паездку пружанскай дэлегацыі ў Год міру і стварэння, што таксама сімвалічна, арганізавала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук. Тым самым даўшы старт серыі іншых паездак па гістарычных мясцінах нашай сінявокай Беларусі.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_293397807 і https://ok.ru/budni/album/962013870472