Суббота, 18 апреля 2026

Прадавец магазіна «Гарачы хлеб» Вячаслаў Блізно вызначыўся з прафесіяй яшчэ ў падлеткавым узросце

589

Здараецца, што хтосьці і ў свае 25 гадоў працягвае шукаць сябе ў жыцці, а некаторыя вызначылі ўласны шлях яшчэ ў падлеткавым узросце. Да ліку такіх можна аднесці і прадаўца пятага разраду магазіна «Гарачы хлеб» Вячаслава Блізно.

Хлопец нарадзіўся ў аграгарадку Лінова. Вучыўся ў мясцовай школе і скончыў у ёй дзевяць класаў. Пасля вырашыў паступаць ва УА «Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці» (цяпер — УА «Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж»), дзе на працягу трох гадоў атрымліваў сярэдне-спецыяльную адукацыю і спецыяльнасці повара і прадаўца.

— Першапачаткова не зусім быў упэўнены, па якім накірунку пайсці працаваць. Выбар быў няпросты, але пасля таго, як усё добра абдумаў, вырашыў пачаць сваю працоўную дзейнасць у якасці прадаўца. Хутчэй за ўсё, важную ролю ў гэтым выбары адыграла мая любоў да зносін з людзьмі, — кажа Вячаслаў.

Першым рабочым месцам стаў будаўнічы магазін «ОМА», дзе хлопец працаваў паўтара года. Пасля Вячаслаў вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі прадаўца прадуктаў харчавання. І ў яго гэта выдатна атрымалася, пра што сведчаць словы падзякі з боку кіраўніцтва арганізацыі.

— Хачу вылучыць калектыў, у якім я працую. Гэта вельмі прыемныя і добразычлівыя людзі, заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. Люблю сваю работу, дзякуючы ёй магу штодзень мець зносіны са шматлікімі людзьмі, кожны з якіх цікавы па-свойму, — адзначае малады прадавец.

Вячаславу даводзіцца працаваць па асаблівым графіку — «двое сутак праз двое», але хлопцу гэта падабаецца: ёсць калі адпачыць і набрацца новых сіл для сваіх працоўных будняў і прыемных зносін з наведвальнікамі магазіна, якім ён заўсёды рады.

Магчыма, візітнай карткай добрай работы хлопца з’яўляецца пазітыўны настрой, які ён перадае іншым наведвальнікам. Я пераканаўся ў гэтым асабіста і быў рады нашаму знаёмству!

Руслан Басак.

Фота аўтара