Суббота, 18 апреля 2026

Першая тысяча тон зерня намалочана ў Пружанскім раёне

487
На здымку: памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Аляксандр Ломскі віншуе пераможцаў.

Гэтыя людзі, як адзначае кіраўніцтва ААТ «Жураўлінае», падчас жніва ўжо а сёмай гадзіне раніцы каля свайго збожжаўборачнага камбайна «GS-2124». Старанна чысцяць сваю тэхніку, прадзьмухваюць кожны агрэгат, калі трэба, змазваюць дэталі, падкручваюць гайкі. Пад іх пільным кантролем усе рабочыя механізмы. Яны сапраўдныя людзі працы, шчырыя і сумленныя хлебаробы. І калі даецца дазвол на выезд, яны першыя прыступаюць да ўборкі ўраджаю. Размова ў дадзеным выпадку пра старшага камбайнера Міхаіла Фядотава і камбайнера Мікалая Бірука, якія на гэтым тыдні першымі на Брэстчыне намалацілі 1000 тон залацістага зерня!

Ну, як прапусціць такую падзею і не выказаць цёплыя словы падзякі хлебаробам за цяжкую работу, сур’ёзнае стаўленне да працоўных абавязкаў?! Таму і было шматлюдна на палетку паміж аг. Сухопаль і
в. Андрыянаўка. Такі родны і непаўторны пах спелай збажыны, гонар за нашых землякоў, імёны якіх гучаць ужо на ўсю вобласць. Усё гэта разам прыводзіла толькі да адной думкі: нішто і ніхто не парушыць наша адзінства, будзе ў нас і хлеб, і да хлеба.

Гэта на словах пацвердзіў і першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, які не мог прамінуць увагай такую важную для Пружаншчыны падзею і прыехаў павіншаваць камбайнераў з такім важным для іх дасягненнем. З такімі людзьмі, як адзначыў Дзмітрый Мікалаевіч, заўсёды прыемна сустракацца, паціскаць іх натруджаныя рукі і ад душы дзякаваць за зробленае, бо яны і ёсць сапраўдныя беларусы.

А памочнік Прэзідэнта —інспектар па Брэсцкай вобласці Аляксандр Ломскі падкрэсліў, што на такіх працаўніках, як Мікалай Бірук і Міхаіл Фядотаў і трымаецца ўся эканоміка нашай краіны. Таму мы і жывём у дастатку, смела глядзім у будучыню, не баімся падымаць планку ў сваіх дасягненнях.

Гонар, вось што перапаўняе старшыню райвыканкама Міхаіла Грышкевіча, які ад імя кіраўніцтва раёна віншаваў пераможцаў спаборніцтваў на жніве-2025. Але не расслабляемся, бо хлеб патрэбна ўбраць своечасова і без страт. Так што наперад, да новых працоўных перамог, можна нават з песняй!

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч адзначыў, што гэта прыемная падзея для сельгаставарыства, і яна надае імпэту іншым, паказвае, што ўсё ў нашых сілах, абы было жаданне і сілы — духоўныя і фізічныя. Падараваўшы наклейку «1000», пажадаў экіпажу, каб такіх на шкле камбайна было яшчэ як мінімум пяць.

Дарэчы, аб падарунках. Іх было столькі, што ў Міхаіла Фядотава і Мікалая Бірука рук не хапала іх трымаць. І падзячныя лісты, і граматы, і ўрачыстыя стужкі, і бытавая тэхніка, і інструмент. Штосьці сабе, а нечым нават жонак можна парадаваць. Букеты вельмі прыгожых і духмяных кветак, чароўная песня. Усё для іх, адданых справе хлебаробаў, якія штодзень клапоцяцца пра наш дабрабыт. Нізкі паклон ім за гэта!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік