
Мы вырашылі пазнаёміць чытачоў «раёнкі» з прадстаўніцай прыгожай паловы нашага вайсковага калектыву — прапаршчыкам 210-га авіяцыйнага палігона Ірынай Міхайлаўнай Плашэй.
Нарадзілася Ірына ў в. Верчыцы, што на Ружаншчыне. У 2013-м скончыла Варанілавіцкую СШ і паступіла ў Брэсцкі гандлёвы каледж. Пасля выпуску працавала па спецыяльнасці, а па збегу жыццёвых абставін — у іншых сферах. Апошнім «цывільным» месцам працы стала аддзяленне паштовай сувязі ў аг. Варанілавічы, дзе жанчына выконвала абавязкі аператара. Паслугамі гэтай пошты, дзе Ірына добразычлівы спецыяліст, неаднаразова карысталіся ваеннаслужачыя нашага палігона.
З размоў Ірына даведалася пра армейскае жыццё, сацыяльныя ўмовы і гарантыі. Што ў выніку і падштурхнула яе да змены свайго выбару на ваенны, звязаўшы яго са службай ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. У 2020 годзе Ірына Плашэй прынесла Ваенную прысягу, а потым была накіравана ў школу падрыхтоўкі прапаршчыкаў 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра.
За перыяд праходжання вайсковай службы прапаршчык Плашэй зарэкамендавала сябе не толькі выдатным спецыялістам, але і надзейным баявым таварышам, добрасумленным і душэўным чалавекам, годным грамадзянінам нашай краіны. А яшчэ Ірына Міхайлаўна — выдатная мама, якая гадуе 8-гадовага сына Ягора.
Разам з Ірынай мужчынская палова калектыву 210-га авіяцыйнага палігона віншуе ўсіх жанчын-саслужыўцаў. Ад усёй душы жадаем кахання, моцнага здароўя, поспехаў у армейскім і цывільным жыцці, радасці і аптымізму, выдатнага настрою і толькі станоўчых уражанняў. З 8 Сакавіка, нашы сонейкі!
Вадзім Сямак, намеснік камандзіра
