
Вясна прыйшла, а з ёй і прыгажосць! Менавіта пад такім лейтматывам, калі прырода толькі пачынае прачынацца ад зімовай спячкі, упершыню ў горадзе на галоўнай сцэне Палаца культуры прайшоў раённы этап абласнога конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства «Міс Вясна — 2025». Гэтая падзея стала сапраўдным святам прыгажосці, таленту і натхнення. Яна сабрала ў адной зале дзясяткі гледачоў, груп падтрымкі і самых яркіх і таленавітых удзельніц.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі райкам ГА «БРСМ» разам з аддзелам па адукацыі райвыканкама.
У конкурсе прынялі ўдзел 10 таленавітых дзяўчат навучальных устаноў горада і раёна. Кожная з іх выйшла на сцэну, каб паказаць сваю індывідуальнасць, творчы патэнцыял, інтэлектуальныя здольнасці, акцёрскае майстэрства і, безумоўна, грацыю і прыгажосць. Для ўсіх удзельніц гэта новы этап у жыцці, дзе кожны крок напоўнены цудоўнымі эмоцыямі, намаганнямі і радасцю.
За права насіць вышэйшы тытул на працягу дзвюх з паловай гадзін паміж удзельніцамі разгарнулася сапраўдная барацьба. Праграма конкурсу складалася з чатырох этапаў, кожны з якіх дазваляў канкурсанткам раскрыць розныя бакі сваёй асобы.
У першым конкурсе пад назвай «Супер — Я» дзяўчаты прадстаўлялі відэаролік, у якім крэатыўна і лаканічна павінны былі расказаць пра сябе, свае захапленні, мэты і мары, а таксама аб сваіх поспехах у розных сферах жыцця. Гэта быў момант, калі кожная з іх раскрыла сваю ўнікальнасць, багаты ўнутраны свет.
Другі этап стаў сапраўдным феерычным шоу. У «Творчым конкурсе» на працягу трох мінут удзельніцы дэманстравалі свае здольнасці: вакальныя, танцавальныя, ігры на музычных інструментах, арыгінальнага жанру і нават мастацкага слова. Члены журы ўлічвалі якасць выступлення, а таксама агульны творчы ўзровень і артыстызм. Дазвалялася выкарыстанне групы падтрымкі не больш за 6 чалавек.
Трэба падкрэсліць, што ў дзяўчат усё атрымалася, адчувалася сур’ёзная падрыхтоўка, добрае веданне і цікавая падача матэрыялу. Гледачы былі зачараваныя выступленнямі, кожнае суправаджалася бурнымі апладысментамі прыхільнікаў канкурсантак. Многія з іх старанна падрыхтаваліся да свята. Каб падтрымаць удзельніц, у ход ішлі спецыяльныя плакаты і эмацыйныя прамовы, што стварала ў зале непаўторную атмасферу.

Наступны конкурс «Інтэлектуальны» патрабаваў ад удзельніц сабранасці, крэатыўнасці мыслення, аратарскага майстэрства. Складанасць яго заключалася ў тым, што канкурсантка заставалася адна на сцэне. Ёй задавалася адно пытанне на логіку, абдумаць якое трэба было ўсяго за 30 секунд і даць адказ за той жа час. І тут дзяўчаты не разгубіліся, ярка і лаканічна адказвалі на кур’ёзныя пытанні, чым яшчэ больш пакарылі журы.
Фінальным, але не менш важным этапам конкурсу «Міс Вясна —2025» стала аратарскае майстэрства. Тэма выступлення, якую яны рыхтавалі загадзя, была прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі. Яна кранае сэрцы кожнага, бо нагадвае пра подзвігі нашых продкаў, цяжкія гады вайны і пра той светлы дзень, калі на зямлю прыйшоў мір.
За паўтары мінуты ўдзельніцам трэба было не толькі расказаць пра гераічныя старонкі гісторыі, але і зрабіць гэта так, каб закрануць сэрцы гледачоў, знайсці новыя падыходы да вядомай тэмы, паказаць сваю індывідуальнасць, арыгінальнасць падачы інфармацыі.
Кожная з дзяўчат падышла да выканання задання з творчым падыходам. Некаторыя расказвалі гісторыі сваіх прадзедаў, якія змагаліся на франтах падчас Вялікай Айчыннай вайны. Іншыя выкарыстоўвалі вершы, песні і нават тэатралізаваныя элементы, каб перадаць атмасферу тых гадоў. Падчас выступленняў у зале панавала поўная цішыня, настолькі кранальнымі былі словы, поўныя надзеі, жалю і смутку. Усе ўдзельніцы паказалі не толькі свае выдатныя навыкі публічных выступленняў, але і глыбіню разумення тэмы. Журы таксама адзначыла, што гэты конкурс стаў адным з самых цяжкіх у выбары лепшай, бо кожная з дзяўчат паказала высокі ўзровень падрыхтоўкі.
Кульмінацыяй вечара стала падвядзенне вынікаў святочнай праграмы. Конкурс «Міс Вясна — 2025» стаў магчымасцю адчуць дух вясны, натхнення, радасці для ўсіх прысутных. Гэта быў дзень, калі кожная з удзельніц змагла паказаць, што прыгажосць — гэта не толькі знешнія рысы, але і багацце ўнутранага свету, таленту і жадання ісці да сваіх мэт.

Дык вось, тытул «Міс Вясна — 2025 ONLINE» заваявала вучаніца 9 класа Хараўской сярэдняй школы Ганна Губарык. Званне «ІІ Віцэ-Міс Вясна — 2025» атрымала вучаніца 10 класа Мураўскай сярэдняй школы Вольга Жэлянгоўская. «І Віцэ-Міс Вясна — 2025» стала вучаніца 11 класа Ружанскай СШ імя К. Марача Паліна Губанава.
Ад раённай арганізацыі ГА «БРСМ» пераможцы атрымалі кароны, стужкі, дыпломы і падарункавыя сертыфікаты. Дзякуючы спонсарам мерапрыемства Пружанскаму КУВП «Камунальнік», ААТ «Пружанскі малочны камбінат» і «Ліноўскае», усе удзельніцы засталіся з кветкамі, спецыяльнымі падарункамі і сертыфікатамі ў ювелірную краму. Вялікі дзякуй за фундатарства!
Але галоўным прызам, вядома, стаў тытул «Міс Вясна — 2025». Гэтага высокага звання і кароны пераможцы была ўдастоена вучаніца 11 класа Кляпацкай сярэдняй школы Арына Джэйкун, якая здолела заваяваць сэрцы журы і гледачоў сваёй прыгажосцю, талентам і шармам. Таксама дзяўчына атрымала сертыфікат на бясплатную фотасесію студыі «Sanetka_photo».
Дзякуй усім удзельніцам, арганізатарам за незабыўныя імгненні! Вясна — гэта час абнаўлення, новых пачынанняў і надзей. Мы жадаем усім удзельніцам новых перамог, поспехаў і, вядома, яркай, чароўнай вясны!
Ірына Велясевіч. Фота аўтара
