
У мінулую пятніцу на базе ДЮСШ № 1 г. Пружаны прайшоў традыцыйны раённы конкурс «Ану, хлопцы!», прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны. Дэвіз сёлетняга мерапрыемства — «Спорт супраць шкодных звычак».
Паказаць свой спрыт, вытрымку, жаданне перамагаць выказалі ўсе гарадскія школы і восем каманд з сельскіх населеных пунктаў. Кожную навучальную ўстанову прадстаўляла па дзевяць самых дужых, упэўненых у сабе і мэтанакіраваных хлопцаў, якія былі гатовы адстойваць гонар сваёй роднай альма-матар.
Што трэба для таго, каб перамагаць? Канечне, упэўненасць у сваіх сілах, а яшчэ добрая фізічная падрыхтоўка. Тады няхай пераможа мацнейшы — такі пасыл быў ад начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандра Момліка. Пасля чаго была праведзена жараб’ёўка, і… наперад, да пераможных лаўраў, прызнання і павагі!
Абавязкова першым адбылося прывітанне кожнай каманды ў адвольнай форме, у межах якога праводзіўся і конкурс салдацкай песні. Што сказаць, хлопцы — проста малайцы, пастараліся. Песні на ваенную тэматыку сапраўды краналі душу, прымушалі ўсіх задумацца над тым, наколькі важны мір на зямлі, як добра жывецца там, дзе не гінуць людзі, дзе пануе спакой і поўнае прымірэнне, як, напрыклад, у нашай роднай Беларусі. На гэтым этапе дзве каманды з СШ № 5 і СШ № 4 падняліся на першую прыступку п’едэстала.
Патрэбна заўсёды быць гатовым абараняць сваю Бацькаўшчыну, пры неабходнасці і зброю ў рукі ўзяць. Юнакі паказвалі сваю трапнасць у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дамагаючыся нядрэнных паказчыкаў. Глеб Крышчык з СШ № 3 пакінуў сапернікаў ззаду, набраўшы 36 ачкоў. А здароўе багатырскае праяўлялі ў падцягванні і жыме гіры. Вельмі прыемна, што сярод цяперашніх хлопцаў ёсць яшчэ асілкі, якія дзвюма рукамі за здаровы лад жыцця, падымалі гіру больш за 60 разоў (Арсеній Валасевіч з СШ № 3) і падцягваліся каля 30 (Сяргей Кукла з Мураўскай СШ).
Не прамінём увагай і спартыўную эстафету, дзе юныя спартсмены і скакалі на адной назе, і бегалі ў процівагазах, і футбольны мяч вадзілі вакол фішак, і яшчэ многа чаго. Годна выступілі, бачна, што рыхтаваліся, стараліся не падвесці сваю школу. Тут вянок пераможцаў прымералі на сабе навучэнцы гімназіі.
Але ўжо і хуткія хлопцы! Проста ляталі падчас чаўночнага бегу. Выкладваліся па поўнай, падтрымлівалі адзін аднаго, падбадзёрвалі. У паветры лунаў сапраўдны спартыўны інтарэс, без насмешак над няўдачамі сапернікаў. У гэтым конкурсе занялі першае месца прадстаўнікі Ліноўскай СШ.
Дзе можа праявіцца камандны дух? Зразумела, у перацягванні каната. Ох, і азартным атрымалася дадзенае дзейства! Хлопцы да апошняга не здаваліся, па максімуме напружвалі мышцы, упіраліся да апошняга сантыметра. Але, як і ў любой гульні, пераможца можа быць толькі адзін. І ў чарговы раз удача ўсміхнулася хлопцам з трэцяй гарадской школы.
Усё павінна мець лагічнае завяршэнне. За справу ўзялося журы, каб падвесці агульны вынік і выбраць лепшых з лепшых. Хвалюючы момант! Трэцяе месца за навучэнцамі Ліноўскай СШ. Сярэбранымі прызёрамі сталі юнакі з СШ № 4. А пераможцай конкурсу «Ану, хлопцы!» стала каманда з СШ № 3! З чым і віншуем, жадаем і надалей удасканальваць свае фізічныя здольнасці!
Не за доўгім часам гэтыя хлопцы стануць на абарону сваёй Айчыны, будуць пільна вартаваць яе граніцу. Вельмі хочацца верыць, што яны не падвядуць і з гонарам выканаюць свой пачэсны абавязак перад Бацькаўшчынай!
Вадзім Раўнейка.
Фота Кацярыны Масік
