Суббота, 18 апреля 2026

Наша апытанне: Выбіраеце здароўе ці «дымнае» задавальненне?

880

Амаль кожны з нас яшчэ ў падлеткавым узросце ці юнацтве спрабаваў зацягнуцца цыгарэтай. Але для кагосьці гэтая шкодная звычка стала паўсядзённым рытуалам, а хтосьці адмовіўся на карысць уласнага здароўя. Мы папрасілі пружанцаў падзяліцца сваім вопытам і стаўленнем да курэння і цыгарэт.

Аляксандр:

— Я пачаў курыць прыкладна ў класе 9-ым, у кампаніі з сябрамі. Курыў у агульнай складанасці гадоў 15. Ведаеце, хутчэй не падабалася гэта рабіць, чым падабалася, проста ўжо за шмат гадоў сфарміравалася звычка. І аднойчы вырашыў кінуць. Было складана, спачатку вельмі хацелася зацягнуцца цыгарэткай, але проста перамагаў гэтае жаданне. Дарэчы, лічу, што таблеткі ці нешта падобнае тут не дапамогуць, проста павінна прыйсці ўсведамленне, што можна выдатна жыць без тытуню.

Аксана:

— Я не куру, але сапраўды, неяк цыгарэты спрабавала, яшчэ ў школе. Бацькі своечасова зрэагавалі, правялі размову. Важна, што не крычалі, а проста патлумачылі, якія могуць быць наступствы ў будучым, тым больш, для дзяўчынкі. І працягваць не захацелася, выхаваўчая работа спрацавала. Потым я пачала займацца вакалам. Калі ты спяваеш, то ўсе шкодныя звычкі адмоўна ўплываюць на голас. Вось муж мой, на жаль, курыць і дастаткова даўно. Спрабаваў кінуць, але ўсё праходзіла складана. Будзе спрабаваць, канечне ж, зноў. Спадзяюся, усё ў яго атрымаецца.

Ігар:

— Я ў свой час паспрабаваў пакурыць, наколькі памятаю, у трэцім класе. Пабалаваўся з месяц — ды і кінуў. Лічу, што кожнаму хоць раз хацелася пакаштаваць «смак» тытунёвага дыму. І многія, на жаль, уцягваюцца. А мне не спадабалася. Абсалютна не было жадання курыць ні тады, ні зараз.

Генадзь:

— Пачаў курыць у 23 гады, калі мы пасварыліся з дзяўчынай. Я ж займаўся спортам, практычна ніколі не выпіваў, а вось з-за сваркі пачаў курыць. Вось і куру да гэтага часу. Дома менш, на працы часцей. Як гаворыцца, «перакур дазваляе сканцэнтравацца для далейшай працы». Працягваю падтрымліваць сваё здароўе і зараз: гантэлі і гіры дома ёсць, раблю фізічныя практыкаванні. Курэнне мне не перашкаджае. Але лічу, што гэта ўсё ж дрэнная звычка. Заўважыў, што людзі кідаюць курыць тады, калі ў іх узнікаюць праблемы са здароўем. Вось і з’яўляецца стымул кінуць. А калі ўсё добра — працягваюць курыць.

Андрэй:

— Куру прыкладна гадоў 20. Спроб кінуць не рабіў, бо курэнне дапамагае час праводзіць. Можна сказаць, што цыгарэта мне жыць не перашкаджае. На здароўе негатыўнага ўплыву пакуль няма.

Аксана:

— Я ніколі і не імкнулася паспрабаваць. Нават у школе, калі прапаноўвалі «за кампанію», мне не хацелася гэтага рабіць. Лічу, што курэнне моцна шкодзіць здароўю, асабліва жаночаму. А яшчэ не выношу пах цыгарэтнага дыму. Асабліва гэта праяўлялася, калі я была цяжарная. Таму цыгарэтам няма месца ў маім жыцці.

Думкамі цікавілася Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік