Воскресенье, 19 апреля 2026

На месте мемориала «Падающие кресты», расположенного на территории Беловежской пущи, почтили память погибших в годы Великой отечественной войны

491

У першую нядзелю жніўня праз векавыя дрэвы Белавежскай пушчы, быццам праз слёзы, ледзьве прабіваецца сонца… Тут, у асяроддзі маўклівых сведак трагедыі, узвышаецца мемарыял «Падаючыя крыжы» — сімвал невыказнага болю і страт Вялікай Айчыннай вайны. Крыжы, нібыта сарваныя з нябёсаў, сімвалізуюць абарваныя жыцці, нерэалізаваныя мары, пакалечаныя лёсы …

Менавіта ў гэтым месцы, на гэтай зямлі ў апошнія дні ліпеня і першыя дні жніўня 1941 года фашысцкія карнікі расстралялі каля 130 мірных жыхароў — праводзілі так званыя «зачысткі» пушчы, каб мясцовыя людзі не дапамагалі партызанам. У выніку незваротна загубленыя жыцці жыхароў беларускіх Борак, Ківачына, Роўбіцка, Шарашэва, Белага Ляска, Крыніцы, а таксама польскіх Гайнаўкі, Белавежы і шэрагу іншых населеных пунктаў…

Традыцыйна каля мемарыялу праводзіцца мітынг, каб ушанаваць памяць людзей, жыццё якіх было абарвана фашыстамі ў самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Адкрыў мерапрыемства старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Ён адзначыў, што ў 2025 годзе на брацкай магіле былі праведзены рамонтныя работы, усталявана дадатковая пліта, на якую вынесены 15 раней невядомых імёнаў.

— Без ведання мінулага немагчыма светлая будучыня, — падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч. — Помнікаў і абеліскаў, падобных гэтаму, толькі ў Пружанскім раёне больш за 100. Яны нагадваюць пра тое, што вайне не месца ў нашым жыцці, і берагчы мір — задача не толькі палітыкаў і дзяржаўных дзеячаў, але і нас з вамі, простых грамадзян, бо жыццё і лёс чалавека залежыць ад яго радзімы, і мы павінны памятаць пра гэта і зрабіць усё, каб страшныя падзеі ваенных дзеянняў больш ніколі не паўтарыліся. Выказваю словы ўдзячнасці ўсім, хто сёння прыехаў аддаць даніну павагі пахаваным тут землякам.

На мітынгу сабраліся людзі, каб схіліць галовы перад вечнай памяццю тых, хто аддаў сваё жыццё за мір. Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Таццяна Гаманчук, іншыя шаноўныя госці, у тым ліку прадстаўнікі працоўных калектываў, духавенства, грамадскіх арганізацый, вучні і мясцовыя жыхары — усе аб’ядналіся ў імкненні захаваць памяць пра страшныя падзеі вайны.
Малітоўны чын памінання загінуўшых правёў настаяцель царквы в. Новыя Засімавічы іерэй Сергій Сысаляцін. Ён пажадаў усім здароўя, міру і дабра.

Словы ксяндза Яцэка Дубіцкага прагучалі як заклік да любові і дабрыні: «Добрае слова прыносіць добрыя плады, любоў. Давайце памолімся, каб было больш добрых слоў у нашых сем’ях, гарадах і пасёлках».

Старшыня пярвічкі РГА «Белая Русь» аддзела культуры, работнік Мураўскага СДК Таццяна Кукла ў сваім выступленні адзначыла: «Гэта месца — сімвал болю, памяці, гора і страты. Яно назаўсёды захавае памяць пра чалавечую стойкасць і бязмернае гора. Заклікаю ўсіх нас быць годнымі тых, хто змагаўся за мірную будучыню. Толькі разам, падтрымліваючы адзін аднаго, мы зможам пераадолець любыя цяжкасці, захаваць спадчыну і ўмацаваць нашу краіну».

У мінуце маўчання прысутныя схілілі галовы перад памяццю загінуўшых, а потым усклалі кветкі і вянкі да помніка, аддаючы даніну павагі.

«Калі стаіш каля гэтага месца, сэрца сціскаецца ад болю, — прызнаюцца ўдзельнікі мітынгу. — Веліч пушчы, якая атачае мемарыял, нібы ўзмацняе пачуццё страты. Здаецца, усё тут дыхае гісторыяй, кожнае дрэва маўкліва сведчыць пра тыя страшныя часы. У такія моманты разумееш, як важна шанаваць мір і памятаць пра тых, чые жыцці сталі платай за яго».

Мемарыял «Падаючыя крыжы» — гэта не проста помнік, а месца, дзе кожны можа дакрануцца да гісторыі сэрцам і душой, адчуць трагедыю вайны. Гэта маўклівы заклік да будучых пакаленняў — шанаваць мір і памятаць, якой цаной ён быў заваяваны.


Крысціна Асіпчук
Фота аўтара