
Мы, як сталае пакаленне, так і моладзь, павінны быць гатовы не толькі на словах, але і на справе паказваць сваю далучанасць да ўсяго, што адбываецца ў краіне. Заўсёды заставацца годнымі грамадзянамі сінявокай Беларусі, а не пустымі сузіральнікамі жыцця сваіх землякоў. Трэба падмагчы сельскім працаўнікам падчас жніва? Тут жа адклікаюцца работнікі і навучэнцы прафесійнай адукацыі і паказваюць даволі сур’ёзныя рэзультаты, па праве прымаюць словы падзякі і ўзнагароды на дажынках.
Не стаў выключэннем і сёлетні год. Падчас ушанавання хлебаробаў Брэстчыны на мінулым тыдні ў Белаазёрску неаднаразова на сцэну падымаліся і прадстаўнікі УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж». Як работнікі, так і навучэнцы ўстановы ўжо не першы год аказваюць дапамогу сельгаставарыствам вобласці ў якасці старшых камбайнераў і камбайнераў. І каледж, па словах яго дырэктара Дзмітрыя Чайкоўскага, ганарыцца сваімі прастаўнікамі, якія на высокім узроўні трымаюць марку роднай альма-матар, пастаянна знаходзяцца ў ліку лепшых. Ды і іншага мы і не чакалі.
Таму шчыра віншуем загадчыка аграмеханічнага аддзялення Аляксандра Саковіча і майстроў вытворчага навучання Уладзіміра Субацея і Аляксандра Ніканчука з Ганаровай граматай Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Гэтыя людзі не толькі вучаць хлопцаў і дзяўчат будучай прафесіі, а яшчэ сваім прыкладам паказваюць: цурацца роднай зямлі не трэба, толькі яна ў нас адзіная і на ёй нам жыць і працаваць.
А як вам такая акалічнасць: узнагароджаных навучэнцаў на вобласці 18 чалавек, з іх 14 — з нашага каледжа! Працавітая моладзь жыве на Пружаншчыне!
Высокай узнагароды быў удастоены Яўген Камінскі (на здымку другі справа). Яму ўручылі Ганаровую грамату Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта за дасягненне высокіх паказчыкаў ва ўборачнай кампаніі. Больш за 2 тысячы тон намалаціў экіпаж, у якім Яўген быў камбайнерам.
На вышыні жніва-2025 аказаліся і Яўген Ламакін, Ягор Курнец, Аляксандр Пашкевіч, Раман Гвоздзік, Мікіта Ільківь, Станіслаў Мацейка, Аляксандр Шурко і Яўген Марозаў. Прымайце, калі ласка, Дыпломы Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Добра папрацавалі, загартаваліся фізічна.
Убаку ад віншаванняў не засталася і Брэсцкая абласная прафсаюзная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Яе Падзяка за сумленнае стаўленне да працоўных абавязкаў дасталася Станіславу Мазіну і Аляксандру Плыціку. А Падзячныя лісты атрымалі Мікіта Нявьянцаў, Валерый Марчук і Наім Махаммад.
Не трэба баяцца працы, якой бы цяжкай яна ні была. Усё нам пад сілу, калі з ахвотай брацца за работу, верыць у сябе і ўпарта ісці да канчатковага выніку. Гэтым і кіруюцца работнікі і навучэнцы УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж». Цяпер пра іх гавораць на абласным узроўні. Чарговая падстава для радасці.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
