Шпаркімі тэмпамі ідзе нарыхтоўка кукурузы на сілас і зялёны корм. Так сказаць, закладваецца кармавая база на зімовы стойлавы перыяд. Але ж чалавек кожны дзень бульбу не есць, таму трэба падумаць і аб разнастайным рацыёне жывёлы. Сена і сянаж ніхто не адмяняе, але ж зерне кукурузы таксама вельмі пажыўнае і карыснае.
У сельскай гаспадарцы нельга ўпускаць з-пад увагі ніводнага рабочага моманту. Інакш потым чакай вялікіх праблем. Напрыклад, не ўдзяліў увагі колькасці і якасці кармоў. Як вынік, чакай зніжэння тых жа надояў малака, а то і пагаршэння здароўя жывёлы.
Вось на гэта цяпер і робіцца ўпор у гаспадарках. Нам патрэбна ўбраць кукурузнае зерне на 2784 га, ураджайнасць нават перавышае мінулы год — 86,6 ц/га супраць 74,5. Значыць, нашым аграрыям не страшна і капрызнае надвор’е, толькі б усё рабіць з толкам і расстаноўкай, пералічваць хады наперад, як тыя ж шахматысты.

Першым у раёне на 100 % справілася з уборкай кукурузы на сілас і зялёны корм ААТ «Шані-аграпрадукт». Перасягнулі экватар і ў нарыхтоўцы яе зерня пры плане ў 215 га.
Тэхніка не падводзіць, ды і працаўнікі вопытныя, як, напрыклад, старшы камбайнер Георгій Касьян. Чалавек зямлі, які сваё сумленнае жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. А такія людзі ніколі не падвядуць, нават кантраляваць работу не трэба, бо самі перажываюць за рэзультат, адным словам, самыя сапраўдныя беларусы. На 10 кастрычніка бягучага тыдня ўжо намалацілі 1117 тон пры ўраджайнасці 93,1 ц/га.
Бункер камбайна «GS 12А1 PRO» поўны — тут ўжо напагатове «МАЗ». Зерне кукурузы адразу дастаўляецца на «ЗСК-20», дзе частка ідзе на сушку. Пасля чаго закладваецца на захоўванне ў складзе з наступным выкарыстаннем у якасці дабаўкі ў камбікорм.
Некалькі гадоў таму кіраўніцтва ААТ «Шані-аграпрадукт» прыйшло да высновы, што эканамічна выгадна кукурузу плюшчыць і ўпакоўваць у рукавы з дапамогай спецыяльнага апарата больш чым па 100 тон у кожны.

У чым перавага такога захоўвання? Плюшчанае зерне — цудоўны корм, які добра засвойваецца каровай, што станоўча адлюстроўваецца на вытворчасці малака. Як вынік, расце і рэнтабельнасць. Гэта яшчэ і танная кармавая адзінка, бо выключаецца працэс сушкі, які патрабуе нямала энерганосьбітаў. А гэта, у сваю чаргу, уплывае на сабекошт жывёлагадоўчай прадукцыі.
Ці выгадна ўкараняць новыя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы? Канечне, калі ўсё выверана, зроблены разлікі, не лішнім будзе пазычыць вопыт сельгаставарыстваў, якія ўжо працуюць у гэтым напрамку. Гэтак робіцца і ў ААТ «Шані-аграпрадукт», бо яго працаўнікі не хочуць стаяць на месцы. Толькі наперад, ні кроку назад!
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі
