Воскресенье, 12 октября 2025

Мастацтва, вытканае з любоўю. У ціхай вёсцы Кацёлкі жыве дзіўная жанчына, чые рукі робяць сапраўдныя цуды. Ніна Уладзіміраўна Салапура — захавальніца старажытных традыцый і цудоўная майстрыха

468

У ціхай вёсцы Кацёлкі жыве дзіўная жанчына, чые рукі робяць сапраўдныя цуды. Ніна Уладзіміраўна Салапура — захавальніца старажытных традыцый і цудоўная майстрыха. Яе работы напоўнены цяплом і бясконцым творчым натхненнем, а вышытыя карціны, вязаныя ўзоры і шытая лялька — не проста рукадзелле, а часцінка душы, перададзеная праз пакаленні.

Рамяство вышыўкі
прыйшло да Ніны Уладзіміраўны ад маці і бабулі. У даўні час уменне ствараць прыгажосць сваімі рукамі было не проста захапленнем, а часткай жыцця. Дзяўчынак з дзяцінства вучылі трымаць іголку і нітку, каб потым яны маглі ўпрыгожыць дом, апрануць сям’ю, перадаць ва ўзорах свае пачуцці. А самае галоўнае — прыгатаваць сабе пасаг: вышыць прасціны, падушкі, ручнікі, сурвэткі, святочны абрус. Калі палявыя работы заканчваліся, зімовыя вечары цягнуліся вельмі доўга, таму часу на асваенне рукадзелля і падрыхтоўцы да будучага замужжа было дастаткова. І зараз у бацькоўскай хаце мужа, дзе 52 гады таму маладая дзяўчына знайшла сваё сямейнае шчасце, як і ў былыя часы ўсё ўладкавана ў аўтэнтычным стылі.

— Раней без рукадзелля нікуды, — з усмешкай успамінае Ніна Уладзіміраўна. — Мама вышывала вельмі шмат, а я сядзела побач і паўтарала за ёй, так і навучылася. Потым узяла ў рукі вязальны кручок і спіцы, пачала ствараць буйныя рэчы, з задавальненнем дарыла сябрам і блізкім. У маёй мамы і свякрові стаялі старадаўнія кросны, і да гэтага часу ў доме ляжаць саматканыя пакрывалы і дыванкі, якія напамінаюць аб родных людзях. Мы ўсё імкнуліся рабіць сваімі рукамі, бо гэта сапраўды вельмі прыгожа, ды і памяць аб сабе застанецца надоўга.

З гадамі майстэрства
рукадзельніцы толькі мацнела. Яна асвоіла розныя тэхнікі: далікатны крыжык, вытанчаную гладзь, а яшчэ захапілася вырабам лялек. Але па-сапраўднаму пагрузіцца ў любімую справу ёй удалося толькі на пенсіі, тады на свае «хацелкі» заставалася больш часу. А тры гады таму, калі муж пакінуў гэты свет, рукадзелле стала для яе не проста хобі, а спосабам захаваць светлую памяць і напоўніць жыццё новым сэнсам.

— Мой муж, Лявонцій Васільевіч, таксама быў майстрам, але ў сваёй мужчынскай справе. Амаль 40 гадоў мы адпрацавалі рабочымі на заводзе, а ў вольны час ён віртуозна плёў кошыкі з лазы і каранёў, таксама дарыў іх блізкім. Многія вырабы захаваліся да гэтага часу, настолькі якаснымі былі яго работы. Ён ва ўсім любіў парадак, і калі нешта рабіў, то заўсёды сумленна. А яшчэ быў заўзяты грыбнік і паляўнічы, заўсёды браў з сабой у лес старэйшага сына Аляксея, усяму яго навучыў і прывіў любоў да цудоўнай беларускай прыроды. Цяпер сын у вольны час таксама займаецца творчасцю, выразае з дрэва падносы, падстаўкі, апрацоўчыя дошкі. Малодшы Юрый абраў шлях навукі, але з цяплом успамінае, як мы вучылі яго цярпенню і акуратнасці.

А яшчэ Ніна Уладзіміраўна перадала навыкі рукадзелля нявестцы Наталлі. Цяпер яны разам вышываюць, дзеляцца сваімі ідэямі і рознымі навінкамі. У гэтым і ёсць сутнасць сямейных каштоўнасцяў і працягу старадаўніх традыцый. Сям’я Салапура — сапраўдная творчая супольнасць, дзе кожны знайшоў сваё прызначэнне, захоўваючы пры гэтым мудрасць, уласную ідэнтычнасць і памяць продкаў. Іх працы таму пацвярджэнне, а яшчэ добры прыклад таго, як сямейнае рамяство дапамагае захоўваць моцную сваяцкую сувязь. У доме бабулі Ніны шануюць працу, паважаюць старэйшых і вучаць цяпер ужо ўнукаў не толькі браць, але і ствараць. Дарэчы, іх у яе трое.

Сёння ў калекцыі майстрыхі больш за 200 вышытых карцін, не лічачы абрусаў, навалачак, сурвэтак… Гэта краявіды, сюжэты з народных казак, рэпрадукцыі вядомых мастакоў. Любімая тэма — коні і кветкі. Гэта менавіта тое, што яе напаўняе і дае сілы для далейшай творчасці. Кожная праца — кранальная гісторыя, укладзеная ў сцяжкі. Калі Ніна Уладзіміраўна пачынае «тварыць», мір як быццам вакол змаўкае. На стварэнне складанай карціны ідзе не адзін тыдзень карпатлівай працы, але пры гэтым яна не стамляецца, а з кожным новым узорам атрымлівае сапраўдную асалоду.

Упершыню яе работы ўбачылі свет на свяце вёскі толькі ў мінулым годзе. Сціплая жанчына ніколі не афішыравала сваё мастацтва, маўляў, вышывальшчыц вакол нямала, асабліва ў вёсках. І ўсё ж старшыня Шаняўскога сельвыканкама Ірына Бяляева папрасіла майстрыху разам з нявесткай зрабіць выставу сваіх работ. І калі яны нарэшце выйшлі за межы хатняй майстэрні, госці былі ў поўным захапленні. Такой колькасці і разнастайнасці вырабаў у адным месцы яны не бачылі ніколі. Гэта быў сапраўдны сюрпрыз для аднавяскоўцаў.

І праўда, гледзячы на тварэнні Ніны Уладзіміраўны і Наталлі, адчуваеш, што яны зроблены не проста рукамі, а кожная нітка працята сэрцам і нейкім тонкім адчуваннем навакольнага свету. Іх работамі можна любавацца бясконца, апускацца ва ўласныя ўспаміны, спакой і рамантызм. І няхай сучасны свет такі імклівы і зменлівы, але работы такіх умельцаў зноў і зноў нагадваюць нам, што сапраўдныя каштоўнасці крыюцца ў самых простых рэчах: у любові да роднага краю, у памяці пакаленняў і ў тым, што мы пакінем пасля сябе…


Ірына Велясевіч
Фота аўтара