
У перыяд з 7 па 9 лютага на базе Лядовага палаца ў г. Пружаны прайшлі штогадовыя адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па фігурным катанні «Кубак Косава».
Варта адзначыць, што гэты турнір наш горад прымаў упершыню. Да гэтага кожны год ён праходзіў у Івацэвічах. На гэты раз удзел у спаборніцтвах прыняло амаль 200 спартсменаў з розных куткоў нашай краіны, а таксама фігурысты з Расіі. Сярод удзельнікаў былі і выхаванцы пружанскай школы фігурнага катання, якія займаюцца пад кіраўніцтвам Вольгі Уважанай і Таццяны Хадаровіч.
Дарэчы, аматарам гэтага віду спорту было на што паглядзець, кім і чым захапіцца. Парадавалі мясцовых гледачоў і прадстаўнікі Пружаншчыны, якія чатыры разы ўздымаліся на верхнюю прыступку п’едэстала. У катэгорыі навічкоў групы Б самай моцнай стала Стэфанія Казмярчук. У сваю чаргу, у юных фігурыстаў у групе Б першае месца заняла Сафія Труш, у анала-гічнай жа катэгорыі сярод хлопцаў у групе А золата дасталося юнаму таленту Міхаілу Князеву. Добрым выступленнем адзначылася і яшчэ адна наша выдатная фігурыстка — Крысціна Валасюк, якая заваявала серабро ў другім спартыўным разрадзе.
Віншуем нашых спартсменаў з цудоўным выступленнем і жадаем ім удачы на наступных спаборніцтвах! Брава, так трымаць!

Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік
