
Здаецца, кірмаш «Пружанская восень» стаў хоць і звыклай, але добрай традыцыяй. Штогод мерапрыемства зноў і зноў здзіўляе наведвальнікаў. Як гэта адбылося і ў мінулую суботу.
Гандлёвыя часткі на цэнтральнай вуліцы Савецкай і гарадской плошчы былі арганізаваны па ранейшай схеме. Тыя, хто жадаў набыць збожжа, маглі пад’ехаць да пляцоўкі за Палацам культуры. Сёлета гаспадаркі, у ліку якіх ААТ «Агра-Калядзічы», «Мурава», «Велікасельскае Агра», «Пружанскае», «Шані-аграпрадукт», райаграсэрвіс, філіялы «Аграэнерга Зеляневічы» і «Айчына» прывезлі ўласны ўраджай — жыта, пшаніцу, трыцікале. Дык вось збожжа ў гэтым сезоне амаль што і не падаражэла. У прыватнасці, калядзіцкія аграрыі захавалі мінулагоднія прапановы і выставілі пшаніцу па 55 кап. Дзякуючы чаму, самыя першыя і рэалізавалі свой тавар. Летась яны ж упершыню прэзентавалі зерне кукурузы, што таксама знайшло свайго пакупніка. Сёлета тая ж прапанова зноў «спрацавала». Увогуле попыт на збожжа быў даволі высокі, а дзякуючы адчувальнай розніцы цэн, многія набывалі ў вялікіх аб’ёмах, загружаючы свае аўтамабілі. На пляцоўцы можна было набыць пшаніцу 55-66 кап., трыцікале — 50 кап., жыта — 47 кап, кукурузу — 55 кап. Варта адзначыць, што сёлета на гэтым участку і прылягаючых вуліцах належным чынам быў арганізаваны аўтамабільны рух, дзякуючы чаму не назіраліся пробкі або ДТЗ.

Побач размясціліся грузавыя машыны з бульбай, якая сёлета істотна парадавала і ўраджайнасцю, і цэнамі.
Пакупнікі мелі магчымасць выбраць гатункавую карту з «мастака», «галы», «брыза», «каралевы Ганны» і іншых назваў. Больш таго, некаторыя прадаўцы рэалізоўвалі і насенны матэрыял.
А вось агародніна сёлета была прадстаўлена ў меншым аб’ёме і яна не карысталася вялікім попытам. Мала хто з пакупнікоў адносіў ад прылаўка вялізныя сеткі, больш набывалі кілаграмамі. Тое ж тычыцца і капусты, якой філіял «Колас» выставіў ажно два грузавікі: там таксама часцей куплялі па 2-3 качаны. Хаця ў параўнанні з мінулагоднімі коштамі гэты прадукт патаннеў істотна: 70-71 кап. супраць 1-1,07 руб. Такое зніжэнне попыту ўвогуле аб’ектыўнае, таму што зараз пры круглагадовай разнастайнасці прыродных вітамінаў у магазінах райспажыўтаварыства рабіць зімовыя запасы і не варта.
У агародніна-садавінных радах пакупнікі таксама знаходзілі жадаемае. Нават яблыкі, якімі гэты сезон не вельмі парадаваў. Аднак філіял «Айчына» ўсё-такі назбіраў у сваім садзе духмянага ўраджаю і прывёз яго частку па цане 2,66 за кг.

Як і на ўчастку саджанцаў садовых або дэкаратыўных раслін. Кветкі, туі, вінаград, парэчкі, яблыні, вішня, чарэшня… Жвавая рэалізацыя назіралася ў кожнага прадаўца. Не меншыя чэргі адразу сабраліся з моманту адкрыцця прылаўкаў з малочнай прадукцыяй ААТ «Пружанскі малочны камбінат» і мясной ад ААТ «Жураўлінае» і «Ружаны-Агра». Аднак самай першай распрадала свой тавар менавіта Аранчыцкая птушкафабрыка.
Наўскідку, можна сказаць, што не менш за сотню прадаўцоў прынялі ўдзел у кірмашы «Пружанская восень», а пакупнікоў зусім немагчыма падлічыць. Таму што некаторыя прыходзілі неаднаразова, адпраўляючы дадому набытае. Нехта карыстаўся дапамогай валанцёраў БРСМ, іншыя — сацыяльным таксі. А хтосьці ўвогуле прыходзіў толькі за добрым настроем, які на сцэне доўгі час падтрымлівалі выступленні асобных салістаў і мастацкіх калектываў раённай самадзейнасці. Вельмі прыемна было за кубкам гарачага чаю з булкай, што прапаноўвалі кандытары раённай кааперацыі ў адкрытым кафэ, паслухаць народныя і эстрадныя песні, прытопнуць ножкай і проста адпачыць душой у вольны час.
Ці задаволіў сёлетні кірмаш?
Наталля Уладзіміраўна:
— На кірмашы заходжу раз-пораз, але ніколі не застаюся без пакупак. Вось і зараз набыла па-мідораў, перцаў, і яблычкамі парадавалі.
Яўген Данілавіч:
— Кожны год наведваю «Пружанскую восень», для мяне гэта заўсёды як свята. А дадому набіраю пакрыху ўсяго, таму што прапаноў вельмі шмат.
Аляксей і Наталля:
— Сёння спецыяльна прыехалі па саджанцы кветак для добраўпарадкавання сваёй сядзібы. Прапаноў нямала, але галоўнае, што і цэны прымальныя.
Алег Сідарэнка (тэкст і фота)
