Суббота, 18 апреля 2026

Фестиваль камерной музыки «Музыкальные сокровища на пересечении стилей и эпох»

507

У адрозненне ад Станіслаўскага падчас канцэртнай праграмы «Музычныя скарбы на перасячэнні стыляў і эпох» мне хацелася крыкнуць: «Веру!».

Спрыялі падобнай выснове высокае майстэрства музыкантаў — струннага аркестра заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга» і ўдала падабраная праграма? Альбо ўплывала магія месца, дзе разгортвалася дзея, зала музея «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў»? Хутчэй за ўсё, менавіта гэтае трыадзінства і падаравала падобны эфект прысутнасці, пагружэння ў эпоху.

Як паведаміў прысутным мастацкі кіраўнік — галоўны дырыжор аркестра Максім Расоха, для канцэртнай праграмы ў адрэстаўраваных гісторыка-культурных каштоўнасцях былі выбраны творы кампазітараў XVII-XIX стагоддзяў, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку пры дварах Сапегаў, Радзівілаў. Як аказалася, ведаем мы пра іх вельмі няшмат, таму захапляльнай аказалася не толькі музычная частка праграмы, якой папярэднічала інтэрактыўная экскурсія па музеі «Пагружэнне ў эпоху», але і аповед Максіма Мікалаевіча пра кампазітараў мінулага.

Напрыклад, ці ведалі вы (я — не!), што адным з першых беларускіх кампазітараў быў Андрэй Рагачэўскі, які ў XVII стагоддзі працаваў у Радзівілаў. А чэх Войцах Жыўны, які пэўны час служыў настаўнікам музыкі пры двары Казіміра Сапегі, — першы настаўнік знакамітага Фрэдэрыка Шапэна. Амаль дэтэктыўная гісторыя звязана з імем Яна Душака: у Нясвіжы музыкант закахаўся ў жонку аднаго з князёў Радзівілаў Соф‘ю і збег з ёй, зразумела, прыхапіўшы каштоўнасці. Закаханых злавілі, каштоўнасці вярнулі, кампазітар-авантурыст стаў персонай нон-грата, але музыка яго засталася гучаць на беларускай зямлі.

Вельмі прыстойныя творы пісалі адзін з уладальнікаў Ружан Казімір Масальскі і тая ж няўдалая бяглянка Соф‘я Радзівіл, аўтарству Мацея Радзівіла належаць шэраг паланэзаў і нават опера. Галоўным прыдворным капельмайстрам у Радзівілаў напрыканцы XVIII стагоддзя стаў немец Ян Голанд. Ён праслужыў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, а потым Расійскай імперыі больш за 40 гадоў, тут напісаў усе свае знакавыя творы, у тым ліку камічную оперу на лібрэта Мацея Радзівіла «Агатка, альбо Прыезд пана», якая лічыцца першай беларускай нацыянальнай операй.

Таленавітым кампазітарам быў і чалавек, дзякуючы якому мы ведаем, як выглядала ружанская рэзідэнцыя ў старажытныя часы, мастак, скульптар Напалеон Орда.

Высновы арганізатараў і гледачоў

Максім Расоха, мастацкі кіраўнік — галоўны дырыжор заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга»:
— Вельмі прыемна, што першы канцэрт у рамках фестывалю мы праводзім у старажытных Ружанах. На жаль, падобныя творы сёння не часта выконваюцца для шырокага слухача. А частка іх, верагодна, некалі гучала менавіта ў гэтых сценах. І музыка сёння дапамагае нам пагрузіцца ў атмасферу мінулых стагоддзяў, нібы ажыўляе сцены знакавых архітэктурных помнікаў.

Алена Кубарка, дырэктар музея «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў:
— Упершыню наш музей далучыўся да такой імпрэзы. Прыемна, што нам аказалі гонар, адкрылі музычны фестываль менавіта ў Ружанах. Адзначу, што ў верасні мы адсвяткавалі 395-годдзе з дня нараджэння аднаго з уладальнікаў Ружан — Аляксандра Міхала Сапегі. Менавіта дзякуючы яму, радавая рэзідэнцыя была перабудавана ў шыкоўны палацавы ансамбль, тут з‘явіўся свой тэатр. І тое, што сёння ў нашым музейным комплексе гучыць старажытная музыка, — лагічны працяг слаўнай гісторыі.

Наталля Пракаповіч, галоўны спецыяліст аддзела культуры Пружанскага райвыканкама:
— Значны падарунак напярэдадні Дня работнікаў культуры мы атрымалі ад сваіх калег. Эмоцыі проста перапаўняюць. Сімвалічна, што падчас канцэрта гучала музыка, якую стварылі тыя, хто фарміраваў культуру свайго часу. Гэта повязь паміж эпохамі і, магчыма, пачатак добрай традыцыі: у Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў працягваецца рэканструкцыя тэатральнага корпуса і ёсць шанец, што падобныя мерапрыемствы стануць пастаяннымі.

Святлана Собаль, настаўніца-пенсіянерка:
— У першую чаргу, спадабалася тое, што гэта ўсё наша, гэта музыка, якая нараджалася на беларускіх землях. І многае мне раней не даводзілася чуць, нават не ведала пра шэраг кампазітараў-землякоў, нягледзячы на тое, што люблю класіку. Атрымала вялізнае задавальненне. Не чакала, што старажытная музыка можа гучаць так цудоўна.

Ірына Сядова, фота аўтара