
Калі падыходзіў да выставачнай залы, дзе размешчаны карціны, нейкі невядомы свет бруіўся з дзвярнога праёма, хаця на вуліцы стаяла пахмурнае надвор’е. Скажу адразу, што ад палотнішчаў струменіла такая энергетыка, ажно дух займала. Калі вы, паважаныя чытачы, зойдзеце на вернісаж, то, не сумняваюся, адчуеце ўсё гэта самі.
Адкрываючы выставу, вядучы, малодшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы, Дзмітрый Шульга адрэкамендаваў Мікалая Чалея як мастака-самавучку. Па спецыяльнасці Мікалай Мікалаевіч — будаўнік. Але, ведаеце, не кожны прафесіянальны мастак валодае такім пачуццём густу, паэтычнасці, бачання душы ў сюжэце як гэты будаўнік.
Сярод хараства беларускай прыроды, якая была прадстаўлена на большасці карцін вернісажу, яскравымі мазкамі былі партрэты Уладзіміра Мулявіна, Анатолія Ярмоленкі і Генадзя Гарбука, а яшчэ сімвалы не толькі Брэстчыны, але і ўсёй Беларусі — Брэсцкая крэпасць-герой.
Яскравым сюжэтам выставы былі палотны, дзе паказаны простыя людзі: араты на полі, калядоўшчыкі, дзяўчынка на сцежцы і іншыя. Усё гэта я змог убачыць да адкрыцця, была такая магчымасць.
На афіцыйнай частцы мерапрыемства слова было дадзена Мікалаю Чалею, а таксама іншым мастакам, якія прыехалі падтрымаць сябра. Як расказаў Мікалай Мікалаевіч, гэта яго ўжо другая выстава ў Пружанах. Першая прайшла без афіцыйнага адкрыцця. Як бачыце, папулярнасць майстра стала расці і ў Пружанах. На гэты вернісаж прыйшло даволі шмат пружанцаў, а колькі яшчэ наведаецца да моманту закрыцця! Схадзіце, не пашкадуеце.
Па словах Мікалая Мікалаевіча, самая любімая тэма карцін — пейзажы, але ў апошні час стаў ён звяртацца да партрэтаў, батальных сцэн, архітэктуры.
На маё пытанне, што для майстра азначае словазлучэнне «мастак-самавучка», Мікалай Чалей адказаў, што ніякіх спецыялізаваных навучальных устаноў не заканчваў, проста любіў маляваць з дзя-цінства. У школе, акрамя ўрокаў па маляванні, вельмі падабалася чарчэнне. Пасля школы спрабаваў маляваць карыкатуры на розныя тэмы, рабіў алоўкавыя накіды на паперы.
«Ведаеце, мае першыя карціны намаляваны звычайнымі алейнымі фарбамі, якія прыдатны для будаўнічых работ, — расказвае, усміхаючыся Мікалай Чалей. — Першымі ж палотнамі былі кавалкі прасцін. Не ведаў я тады, колькі каштуюць сапраўдныя мастацкія фарбы, пэндзлікі. Аказваецца, гэта не вельмі танны матэрыял».
Жаданне маляваць Мікалая ніколі не пакідала. І ён працягваў удасканальваць сваё майстэрства. Зараз Мікалай Мікалаевіч прызвычаіўся рабіць палотны з грунтоўкай, як кажуць, на запас. А раптам спасцігне натхненне? Такое ў творчых людзей бывае. А яшчэ фармат палотнаў —гэта таксама немалаважны фактар. Майстар не прыхільнік маленькіх карцін. Маляваць дык ужо вялікае палатно.
Прысутныя ў зале цікавіліся, ці ёсць у сям’і той, хто таксама любіць маляваць. Мікалай Мікалаевіч адказаў, што ўнучка часцяком назірае, як дзед працуе над карцінамі. Можа, талент і ў дзяўчынцы ўвасобіцца?
З цікавай прапановай звярнулася да мастака галоўны спецыяліст аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Наталія Пракаповіч — надаць увагу прыродзе і помнікам архітэктуры Пружаншчыны. «Тут ёсць чым натхніцца, што ўвасобіць у палотнах», — сказала Наталія Сяргееўна.
Са словамі ўдзячнасці да мастака звярнулася дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Ангеліна Маруфенка. Яна выказала ўпэўненасць, што супрацоўніцтва яго з музеем працягнецца і далей. Ангеліна Юр’еўна ўручыла Мікалаю Мікалаевічу сувеніры, якія ўвасабляюць гасціннасць пружанскай зямлі.
Выстава адкрылася. Наведвальнікі атрымлівалі асалоду ад хараства карцін, якія струменіліся святлом, жыццёвымі сіламі. У нас жа была магчымасць задаць Мікалаю Чалею яшчэ больш пытанняў.
Справа ў тым, што неяк мне пашчасціла трапіць у майстэрню мастака ў Доме мастацтваў Саюза мастакоў Беларусі ў Мінску. Нам паабяцалі, што пабываем у гасцях у самога народнага мастака БССР Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва. Але майстар захварэў. Аднак у майстэрні іншага мастака, не менш цікавага, можа, толькі менш заслужанага, Уладзіміра Кожуха мы ўсё ж пабывалі. Мне нават прадставілася магчымасць зрабіць інтэрв’ю з ім. Справа ў тым, што Уладзімір не піша карціны з натуры. Сюжэты да яго прыходзяць у думках, снах, мроях. А як жа з гэтым у Мікалая Чалея?
— Ведаеце, я перш, чым прыступіць да работы, праектую карціны, з якіх сюжэтаў яны павінны складацца. Магу рабіць фрагментальныя замалёўкі, якія затым аб’яднаюцца ў адно палатно. Вось над адной з такіх карцін я зараз працую, называецца яна «Белавежская пушча». Там прысутнічаюць усе галоўныя элементы запаведнага лесу: зубры, яго непаўторная прырода.
— У Вас на палотнах многа святла, няма змрочнасці. Як яно нараджаецца ў такім жыццесцвярджальным ракурсе?
— Я нават над гэтым не думаю, святло пішацца машынальна. Для мяне галоўнае, каб карціна была нейкім расказам, каб наведвальнікі маглі чытаць яе, як кнігу.
— У майстэрні мастака Мікалая Чалея заўсёды парадак?
— Стараюся, каб гэта было заўсёды. Не люблю завалаў. Для мяне ўсё павінна быць пад рукой.
— Туды могуць трапіць староннія людзі?
— Калі Вы завітаеце да мяне ў госці, я з задавальненнем пакажу сваю майстэрню.
— Вы казалі, што ўнучка з цікавасцю сочыць за працай дзядулі. Хаця б адзін мазок пэндзлікам ёсць ад унучкі?
— Не, яна мне не перашкаджае. Сама спрабуе працаваць. Нават намалявала мяне, як пішу карціну. І, ведаеце, атрымалася. Я сябе пазнаў.
Пакідаў вернісаж у прыўзнятым настроі, з цеплынёй у душы. Такі ўплыў на мяне зрабілі карціны мастака Мікалая Чалея. Веру, што і ўсе наведвальнікі выставы адчуюць такую ж энергетыку.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік
