Для тутэйшых прыхаджан свята Пакрова Божай Маці асаблівае: менавіта 14 кастрычніка новапабудаваная царква была асвечана ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў 1825 годзе, а ў 1991-м атрымала паўторнае асвячэнне пасля аднаўлення і рамонту.

Свята-Пакроўская царква ў в. Гарадзечна — адзіны на Пружаншчыне храм, узведзены ў памяць канкрэтнай гістарычнай падзеі. Падставу дала знакамітая Гарадзечненская бітва — самая буйная сутычка расійскіх і напалеонаўскіх войскаў на заходніх тэрыторыях Расійскай імперыі. Нагадаем, што ў бой 12 жніўня (усе даты прыводзім па новым стылі) 1812 года ўступілі авангард і асноўныя сілы 3-й рэзервовай арміі генерала Тармасава, аўстрыйскі дапаможны корпус Шварцэрберга і саксонскі корпус Рэнье. 18 тысяч рускіх супраць амаль 40 тысяч саюзнікаў французаў — аўстрыйцаў і саксонцаў. Перад гэтым расійская армія ўжо ўдзельнічала ў некалькіх сутычках на тэрыторыі Пружанскага павета. Упартыя баі вяліся ў раёне мястэчкаў Сялец, Малеч і Бяроза Картузская, вёскі Равяцічы (цяпер яны адносяцца да Бярозаўскага раёна). А з-за пройгрышу рускіх у бойцы каля населенага пункта Сягневічы 10 жніўня авангард генерала графа Ламберта аказаўся каля Пружан у крытычным становішчы. Гэта і пацягнула за сабою далейшыя падзеі.
Генерал Шварцэнберг вырашыў абысці ўсходні (правы) фланг ламбертаўскага авангарда і рушыў з Малеча праз мястэчка Лінёва да Пружан. Адначасова саксонскі корпус генерала Рэнье павінен быў накіравацца з боку Ваўкавыска на Шарашова ў абход заходняга (левага) фланга. Перадавыя пасты расійскага авангарда ў гэты час знаходзіліся ў в. Арабнікі, а галоўныя яго сілы прайшлі праз Пружаны і занялі ваўкавыскую дарогу. Бой пры Пружанах пачаўся а шостай гадзіне раніцы 10 жніўня і ішоў больш за дзве гадзіны адначасова на ўсходняй і заходняй ускраінах горада. У ім удзельнічала выключна кавалерыя. Манеўры саксонцаў былі заўважаны. Граф Ламберт не дазволіў непрыяцельскім войскам цалкам акружыць сябе, нягледзячы на іх колькасную перавагу, і пачаў адступленне ў бок Гарадзечна. Да глыбокай ночы таго ж дня працягваліся ўпартыя ар‘ергардныя баі пры населеных пунктах Клетнае і Козі Брод.

Цікава, што цуды адвагі і воінскай доблесці паказаў у баі каля Арабнікаў і ў далейшых сутычках палкоўнік лейб-гвардзейскага гусарскага палка князь Раман Баграціён — малодшы брат легендарнага расійскага палкаводца, князя Пятра Іванавіча Баграціёна, прыкамандзіраваны да Александрыйскага гусарскага палка.
Такім чынам да вечара 11 жніўня армія Тармасава размясцілася за балоцістым прытокам ракі Мухавец па абодва бакі Пружанска-Кобрынскай дарогі — на поўдні ад Гарадзечна. Супраць яе — на поўнач ад Гарадзечна — сабраліся дзве пяхотныя і адна кавалерыйская дывізіі аўстрыйцаў, а каля в. Жабін і Вялікае Паддуб‘е — адна аўстрыйская пяхотная дывізія і саксонскі корпус.
На світанку 12 жніўня пачалася бітва. Доступ з фронту да расійскіх пазіцый быў магчымы толькі па трох доўгіх грэблях — і непрыяцель не рашыўся атакаваць напрамую, а пайшоў у абыход з левага фланга, які ўпіраўся ў глухі лес (правы фланг арміі Тармасава «прыкрывала» балота). У выніку асноўныя баі праходзілі не каля Гарадзечна, а на поўдзень ад вёскі Вялікае Паддуб‘е (Паддубна). Гэтая крывавая бітва не сціхала да самай цемры і не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў (часам Гарадзечненскую бітву параўноўваюць з Барадзінскай, бо пасля яе заканчэння арміі засталіся на першапачатковых пазіцыях). А ноччу з 12 на 13 жніўня расійская армія, у якой склалася крытычная сітуацыя з прадуктамі харчавання, пакінула пазіцыі і пад прыкрыццём туману з баямі пачала адступленне за раку Мухавец, да Кобрына…
Дадзеныя пра колькасць загінулых у гэтым баі розняцца, але даследчыкі сышліся на агульнай лічбе — 5,5 тысяч ваяроў з абодвух бакоў. Праз 100 гадоў на месцы пахавання каля вёскі Паддубна, дзе разам спачылі беларусы, рускія, палякі, аўстрыйцы, саксонцы, французы, узвялі капліцу св. Аляксандра Неўскага. Яна была разбурана падчас Вялікай Айчыннай вайны, адноўлена ў 1990-х і стала своеасаблівым сімвалам 1812 года.

На сценах капліцы ў Паддубна — мемарыяльныя пліты з назвамі палкоў, якія прымалі ўдзел у баях. Але не захаваліся імёны мясцовых сялян — жыхароў Гарадзечна, Паддубна, Жабіна, Харкоў, якія сталі бязвіннымі ахвярамі ваенных дзеянняў. Вядома толькі, што вёскі гэтыя адрадзіліся ажно праз шэсць гадоў. А ў 1825-м у Гарадзечне вырас каменны храм: генерал Тармасаў неаднойчы выказваў пажаданне ўвекавечыць памяць пра тутэйшую бітву. Расійскім урадам гэта было даручана мясцоваму землеўладальніку Брунану Пуслоўскаму.
Першапачаткова храм меў выгляд вялізнага свірана, ні купала, ні званіцы не было. Існуе некалькі меркаванняў наконт таго, ці была царква адразу праваслаўнай альбо будавалася спачатку як уніяцкая. Дакладных звестак пра гэта няма, але варта схіліцца да другога варыянта: вядома, што першым настаяцелем яе быў Андрэй Кургановіч, які перайшоў з уніяцтва ў праваслаўе ў 1838 годзе. Праз год, пасля скасавання ўніі, ён жа ўстанавіў у храме першы іканастас — простую драўляную раму, зацягнутую тканінай, з прымацаванымі абразамі Спасіцеля і Божай Маці. Паступова ішло дабудоўванне, так што канчаткова сучасны выгляд храм набыў толькі ў 1903-1904 гадах пасля капітальнага рамонту. Дарэчы, 12 калон у ім і сімвалізуюць 1812 год.

Многае давялося перажыць Гарадзечненскаму храму і ў ХХ стагоддзі. А ў 1963 годзе ён наогул быў выкраслены са спіса дзеючых. Выкарыстоўваўся пад калгаснае збожжасховішча, пад школьную спартыўную залу…

— Я нарадзілася ў 1961 годзе, малая зусім была, калі храм закрылі, — расказвае прыхаджанка Марыя. — Памятаю, дзядуля ў вёсцы тут жыў, ён нас, дзяцей, збіраў, вадзіў у царкву. У бакавыя дзверы мы заходзілі, і ён чытаў малітву: «Ойча наш…» Мы за ім паўтаралі. Царква паступова разбуралася, бярозкі таўшчынёй у руку на званіцы прараслі. А на пачатку 90-х яе аднавілі — як прыгожа стала! Гаспадарка мясцовая, якую ўзначальваў Мікалай Цыпурка, шмат уклала сродкаў і сіл, і людзі дапамагалі. Дапамагаем і зараз.
Царкоўны стараста Таццяна Цыпурка кажа:
— Храм вялікі, клопату шмат. Бабулям нашым ужо па 80, 85 гадоў, а маладыя ў храм мала ходзяць. Так што жанчынам «сярэдняга» ўзросту даводзіцца шмат дапамагаць айцу Георгію. Але мы свой храм любім, і бацюшку з матушкай шануем, робім усё з задавальненнем. Я ўжо больш за 10 гадоў пры храме. У свой час працавала сакратаром сельвыканкама, потым на пенсію пайшла. Айцец Георгій аднойчы паслухаў, як мы спявалі на канцэрце, і запрасіў у храм. Так тут і засталіся.
У святочныя дні ў храме збіраецца нямала людзей. Прыязджае на богаслужэнні і Леанід Несцярчук — жыхар Брэста, ураджэнец в. Харкі. Леанід Міхайлавіч многае зрабіў для адраджэння гістарычнай памяці сваёй малой радзімы. Менавіта ён, гісторык і краязнаўца, выступіў з ініцыятывай аднаўлення паддубненскай капліцы. І нават знайшоў дакументальную копію мемарыяльнай пліты ў памяць Гарадзечненскай бітвы, якая знаходзілася ў маскоўскім храме Хрыста Спасіцеля і была знішчана пры яго зруйнаванні ў 1931 годзе.

Настаяцелем Свята-Пакроўскага храма ў в. Гарадзечна апошнія 18 гадоў з‘яўляецца іерэй Георгій Хадыніцкі. Пытаемся ў яго:
— Якія праблемы і якія перспектывы ў храма, айцец Георгій?
— Перспектывы самі бачыце якія. Храм вялізны, а людзей у прыходзе меншае. Вёскі Лібія, Жабін, Харкі, Прылутчына, Паддубна — маланаселеныя, у Сасноўцы цяпер у асноўным «дачнікі» засталіся, ды і ў самім Гарадзечне насельніцтва старэе, а моладзь не затрымліваецца асабліва. Пачалі ў райцэнтры жыллё для шматдзетных сем‘яў будаваць, і адразу з Гарадзечна адна ці дзве сям‘і ў горад пераехалі, са Шчарчова яшчэ дзве. Школу мясцовую даўно ўжо закрылі, дзяцей з усіх навакольных вёсак возяць у Шчарчова. З іншага боку, людзі з горада зараз даволі актыўна купляюць дамы ў вёсцы пад дачу і хто-ніхто не толькі летні час тут бавіць, але і круглы год жыве. Нягледзячы на ўсе праблемы, мы пастаянна нешта робім, рамантуем. Я прыйшоў сюды ў 2004 годзе, і з таго часу работы не перапыняюцца. Не тымі тэмпамі, як хацелася б, яны ідуць, бо не толькі ўнутры нешта папраўляць трэба, але і знешні выгляд храма чакае прыкладання рук. Але зразумела, што справа ўпіраецца ў грошы на аплату будаўнічых матэрыялаў. Мы не смуткуем: як будзем рабіць, пакуль не ведаю, але Гасподзь направіць. Падставы для аптымізму ў любым выпадку знаходзім. Напрыклад, будынак школы, які зараз пустуе, выкупіў нейкі прадпрымальнік, рамантуе яго, збіраецца адкрыць тут летні лагер, што ўжо добра, у перспектыве гэта таксама будзе аб‘ект для зносін, так скажам.

— Але пажылым людзям, асабліва з аддаленых вёсак, цяжка дабірацца на царкоўныя службы.
— Так, таму ўжо ўвайшло ў традыцыю, што бабуль з навакольных вёсак збіраю, калі еду на службу, а потым развожу іх па дамах.

— Час зараз складаны. Ці можна быць упэўненымі ў тым, што Божая дапамога, амафор Божай Маці выратуюць нас ад самага страшнага?
— Канец свету якраз ад нас залежыць, — усміхаецца айцец Георгій. — Калі чалавецтва нарэшце павернецца да Бога тварам, пачне выконваць Яго запаведзі, то вырашыць многія праблемы, і жыццё на Зямлі можа стаць зусім іншым. Але людзі становяцца эгаістычнымі, разбэшчанымі, на першы план ставяць уласнае «я». І вельмі добра, што цяпер мы зноў задумаліся пра патрыятызм, духоўнасць… Гэта абнадзейвае: лепш позна, чым ніколі…-
Ірына СЯДОВА, фота Кацярына МАСІК.
