
Гісторыя паспяховага прафесійнага тандэму, сапраўдны ўзор кахання і гармоніі, дзе добрыя традыцыі пераплятаюцца ў адзінае цэлае, у сям’і Вадзіма і Дар’і Прыпутневіч сталі залогам трывалага фундаменту адносін, на якіх і будуецца ціхае сямейнае шчасце. Іх саюз яшчэ раз даказвае: можна быць калегамі на рабоце, захоўваючы пры гэтым цяпло хатняга ачага. Яны пазнаёміліся ў газавай галіне 10 гадоў таму. Цяпер разам будуюць кар’еру, выхоўваюць траіх дзяцей і ўпэўнены — прафесійнае партнёрства толькі ўмацоўвае сям’ю.
У Пружанскі райгаз малады хлопец патрапіў не выпадкова. Пасля заканчэння аграрна-тэхнічнага каледжа з дыпломам
агранома і службы ў арміі ён мэтанакіравана ўладкаваўся ў службу эксплуатацыі звычайным слесарам і пачаў асвойваць новую справу з самых «азоў». Жаданне зразумець невядомае аказалася мацнейшым за ўсе цяжкасці, і Вадзім працягнуў навучанне. Атрымаўшы дадатковую спецыяльнасць «тэхнік-цеплатэхнік», перавёўся на рамонтна-будаўнічы ўчастак. Але на гэтым знаёмства з новай прафесіяй не скончылася, ён пастаянна ўдасканальваўся і паэтапна праходзіў навучанне ў газінстытуце на допуск да розных відаў работ. Пасля прайшоў павышэнне кваліфікацыі ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і вось толькі праз 22 гады ўпартай працы заняў пасаду кіраўніка.
— Спачатку для мяне ўсё было нязведаным. Але я адразу патрапіў у добры калектыў, побач былі вопытныя спецыялісты і ўсе дапамагалі асвоіць новую справу. Таму цяжкасцей асабліва не ўзнікала, хацелася далей вучыцца, каб застацца менавіта ў гэтай сферы. Тут усе аб’екты патэнцыяльна небяспечныя, таму праверка ведаў і пастаяннае навучанне — гэта норма. Вось так і атрымалася, што прафесія выбрала мяне сама, — расказвае Вадзім Міхайлавіч. — Пазней я дарос да майстра і мяне перавялі на аварыйна-дыспетчарскі ўчастак. А праз некаторы час, набраўшыся адпаведнага вопыту, стаў ужо старэйшым майстрам. У цэлым на «аварыйцы» я адпрацаваў 10 гадоў. Гэта была выдатная практыка асваення прафесіі «газавіка». Ужо з вялікім багажом ведаў у 2018 годзе мяне зацвердзілі на пасаду галоўнага інжынера, а праз сем гадоў я ўзначаліў Пружанскі райгаз. І менавіта ў гэтай сферы я сустрэў свой лёс, жонку Дар’ю, і зараз дакладна ведаю, што ўсё недарэмна.
Іх знаёмства магло б застацца радавым працоўным кантактам, калі б не імгненна ўзніклая сімпатыя, якая з часам перарасла ў нешта большае. Вадзім — мэтанакіраваны, адказны, з цвёрдым характарам кіраўніка. Дар’я — уважлівая, удумлівая, з тонкім разуменнем людзей. Разам яны стварылі не проста сям’ю, а моцны саюз, дзе кожны ведае сваё прызначэнне і ў любы момант гатовы падставіць плячо блізкаму чалавеку.
Сёння Вадзім Міхайлавіч кіруе сур’ёзным прадпрыемствам, дзе ад яго разумных рашэнняў і згуртаванасці калектыву залежыць цяпло ў нашых дамах. Дар’я працуе спецыялістам у службе транспарту і ўліку газу. Нягледзячы на агульнае месца працы, іх прафесійныя шляхі не перасякаюцца, а дома яны свядома пазбягаюць абмеркавання працоўных момантаў. Для Прыпутневічаў важныя простыя, але такія каштоўныя ісціны: сумесныя вячэры, падрыхтоўка да сямейных падзей, дні нараджэнні дзяцей. Хатнія клопаты яны таксама дзеляць на дваіх, а лепш сказаць — на пяцярых.
— Мы заўсёды накрываем стол разам, — расказвае Дар’я. — Я адказваю за салаты і выпечку, Вадзім бярэ на сябе мяса і грыль, дзеці дапамагаюць з сервіроўкай. Гэта наша агульная справа і ў гэтым увесь сэнс — не проста паесці, а стварыць нешта большае, ператварыць падрыхтоўку да вячэры ў сапраўдны сямейны рытуал. Наша сям’я — не дадатак да працы, а яе добры працяг. Калі ў хаце парадак і спакой, то і на службе ўсё атрымліваецца. І наадварот, калі ты ведаеш, што цябе чакаюць дома, працуецца з вялікім задавальненнем і аддачай.
Сапраўдная формула іх сямейнага шчасця — гэта не толькі іх уласны дом і тое, што яны зрабілі сваімі рукамі. Гэта тыя мясціны, дзе выраслі яны самі. Разам з дзецьмі Прыпутневічы часта прыязджаюць у бацькоўскую хату Вадзіма ў в. Руднікі, куды таксама з’язджаюцца яго сёстры. Тут усё дыхае гісторыяй: дагледжаны двор, стары дзядуляў сад, скошаная трава. Тут іх дзеці даведваюцца пра свае карані, слухаюць гісторыі з мінулага, вучацца берагчы тое, што ніколі не купіш. Яны ведаюць, кім былі іх продкі, чым займаліся, як жылі і шанавалі родную зямлю, гэтак жа, як зараз шануюць іх бацькі. У гэтым месцы яны становяцца яшчэ бліжэй адзін да аднаго і дакладна разумеюць, што самае важнае — не кар’ера і грошы, а менавіта тыя, хто побач. А калі склалася і тое, і іншае — гэта вялікая праца і заслужаная ўзнагарода.
У жыцці Вадзіма і Дар’і няма нічога незвычайнага: любімая работа, дом, дзеці, сумеснае баўленне вольнага часу, паездкі да родных мясцін — простыя і зразумелыя рэчы, з якіх і складаецца іх сучаснасць. Яны берагуць тое, што маюць: шчырае каханне, моцную сям’ю, агульныя інтарэсы, упэўненасць у заўтрашнім дні. А большага і не трэба…
Ірына Велясевіч
Фота з архіва
сям’і Прыпутневіч
