Яшчэ складана прагназаваць, як складуцца лёсы тых студэнтаў, якія зараз навучаюцца ў каледжы ў групе будучых выратавальнікаў. Але прыемна, што пераважная большасць свядома плануе прысвяціць сябе гэтай карыснай службе.

Захар Свід і Мікалай Дабрынец:
— Бачым сябе толькі ў баявых падраздзяленнях, там, дзе будуць патрэбны нашы сілы і майстэрства. А яно за мінулыя паўгода значна павысілася, дзякуючы жыццёвай тэорыі, што даюць нашы настаўнікі. У будучым абяцаюць і прыкладанне навукі на практыцы.
Адзначым, што ў праграме навучання вельмі цікавыя прадметы, няхай і складаныя, але пры пэўнай адказнасці зразумелыя. Варта толькі не ленавацца і дакладна асвойваць веды, якія абавязкова спатрэбяцца на службе. Мяркуем пасля заканчэння прыйсці на працу ў Пружанскі райаддзел.

Маргарыта Міхалюк:
— Я родам з Брэста, дзе падчас навучання з’яўлялася актывісткай Беларускага маладзёжнага таварыства выратавальнікаў-пажарных. Таму пасля атрымання атэстата свядома вырашыла трапіць у гэту службу і, адпаведна, набыць патрэбныя веды. Ва ўпраўленні МНС мяне накіравалі ў Пружаны, дзе якраз стварылася такая група, дарэчы, адзіная ў Брэсцкай вобласці. Зразумела, што баявыя падраздзяленні для дзяўчат закрытыя, але спадзяюся, што і мой удзел будзе запатрабаваны на іншых дапаможных накірунках.
Алег СІДАРЭНКА (тэкст і фота)
