Воскресенье, 19 апреля 2026

Бачыць свет у яркіх фарбах…

475

А яшчэ тонка адчуваць, захапляцца і назіраць за яго прыгажосцю можа толькі чалавек з адкрытай душой і дзіўным унутраным зместам. Далёка не кожны з нас у кропельцы расы на траве або ў маленькім праменьчыку ранішняга сонца, які прабіваецца праз цяністыя галіны дрэў, можа разгледзець усе адценні наваколля і з дапамогай пэндзля і фарбаў захаваць гэтае імгненне на палатне.

Знаёмства з мясцовай мастачкай Галінай Локцевай аказала на мяне незабыўнае ўражанне. Здавалася б, настаўніца інфарматыкі з 40-м стажам упершыню занялася жывапісам усяго 4 гады таму, калі выйшла на заслужаны адпачынак. Аднак пераадоленне сябе, сваіх страхаў і нават нейкай няўпэўненасці за гэты час перасягнула ўсе чаканні. І зараз Галіна Рыгораўна, не пабаюся гэтага слова, — майстар сваёй справы, з асабістым мастацкім почыркам, з глыбокім веданнем і бачаннем матэрыялу.

— Я памятаю, калі вучылася ў першай школе, у 5 класе маляванне выкладала Тамара Рыгораўна Марозава. Яна давала матэрыял так цікава, што не палюбіць гэты прадмет было проста нельга. Тады, дзякуючы ёй, я ўпершыню пазнаёмілася з творчасцю сусветных мастакоў, і, верагодна, недзе гэта адклалася ў памяці і нагадала пра сябе праз столькі гадоў, — кажа мастачка.

Сур’ёзна займацца жывапісам Галіна пачала амаль адразу. Вучылася самастойна, у асноўным, па кнігах, але гэтага аказалася мала. Тады будучы майстар вырашыла асвоіць відэа-ўрокі ў сетцы інтэрнэт. Спачатку вучылася ў анлайн-школе «Жывапіс алеем» г. Санкт-Пецярбурга ў Надзеі Ільіной, затым — на курсах «ІНТЭР’ЕРіЯ», «Майстар жывапісу», «Свабода». А летась скончыла яшчэ адзін анлайн-курс «Школа масціхіна» вядомай мастачкі Аляксандры Чорнай. Усе атрыманыя веды паслужылі сур’ёзным штуршком для напісання больш складаных палотнаў. Дыпломная праца «Пружанскі палацык» — адна з першых сур’ёзных карцін, выкананая масціхінам на палатне.

— Малюючы алеем, цалкам аддаешся працы, і дзесьці праз гадзіну надыходзіць настолькі камфортны стан, у якім адчуваеш абсалютную свабоду і эмацыйную напоўненасць. Ты цалкам псіхалагічна разгружаешся, пры гэтым адчуваеш неверагодную лёгкасць і ўнутраную сілу. І ў такім стане палёту хочацца пісаць і пісаць, пры гэтым забываеш пра цяжкасці, і яны паступова сыходзяць на другі план, — падзялілася ўражаннямі Галіна Рыгораўна.

Жывапіс, як высокае мастацтва, настолькі захапіў Галіну, што яна вырашыла прафесійна падысці да гэтага пытання, каб у далейшым ужо з веданнем справы паказаць сябе шырокай публіцы. Так у чэрвені 2023 года адбылася першая персанальная выстава «Я адкрываю сябе» на пляцоўцы аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН, дзе было прадстаўлена каля 30 работ у розных тэхніках: малюнак, акварэль, акрыл, масціхін. Мастачка піша тое, з чым мы сутыкаемся практычна кожны дзень, але ў сілу пастаяннай спешкі не заўважаем таго, што бачыць і адчувае мастак: чырвоныя макі і ружы, сакавітыя вішні і лімоны, яркія сланечнікі і спелыя яблыкі… І толькі гледзячы на яе карціны, хочацца задумацца і проста памаўчаць.

— Любы майстар у кожную работу ўкладвае сваю душу. Я стараюся, каб мае карціны былі прасякнуты радасцю і аптымізмам, таму ў іх столькі яркіх адценняў і фарбаў. Калі яны выклікаюць у мяне станоўчыя эмоцыі, значыць, у кагосьці такія таксама ўзнікнуць, таму трэба гэта людзям паказваць, дзяліцца станоўчай энергетыкай. Я даўно заўважыла, што мяне ў жывапісе найбольш захапляе колер. Гэта вельмі гнуткая структура, якая адлюстроўвае і настрой, і ўнутраны стан і дае магчымасць нешта мяняць.

Праз паўгода палотны Галіны ўбачылі свет у другі раз. З дапамогай дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Засіма Таццяны Гуторкінай адбылася выстава пад назвай «Паглыбленне ў жывапіс», на якой былі прадстаўлены 18 работ: пейзажы і нацюрморты. А далей пайшло па накатанай. Адчуўшы свае моцныя бакі, мастачка працягвала ўдасканальваць майстэрства і выстаўляць карціны на суд гледача. Таксама яны экспанаваліся на шасці анлайн-выставах школы «Жывапіс алеем» у Санкт-Пецярбургу, на выставе творчага аб’яднання «Na-Vi».

Прыняўшы ўдзел у анлайн-конкурсах-фестывалях «Серпанцін мастацтваў», «Жар-птушка Расіі», «Палітра талентаў», «GLOBAL ASIA» і многіх іншых, у кожным з іх Галіна атрымала званне лаўрэата 1 ступені. А гэта значыць, што чалавек у патрэбны час апынуўся ў патрэбным месцы, знайшоў сам сябе і стаў на шлях свайго прызначэння, прыносячы карысць сабе і людзям. А яшчэ ў Галіны таленавітая сям’я: мама цудоўна вязала кручком, вышывала гладдзю і крыжыкам, цёткі займаліся ткацтвам і вязаннем на прутках, а родны дзядзька сам навучыўся іграць на акардэоне. Ну, як тут не падтрымаць сямейныя традыцыі…

За 4 гады паглыблення ў творчасць у майстра сабралася каля 90 работ. Галіна Рыгораўна з’яўляецца пастаяннай удзельніцай у экспазіцыях на выставах-кірмашах гарадскіх і раённых мерапрыемстваў, працягвае нястомна працаваць над сабой, вывучае інтэр’ерны стыль. І паралельна больш за 20 гадоў спявае ў царкоўным хоры сабора Аляксандра Неўскага. Вось гэта ўжо сапраўды дадзена не кожнаму. Яна бачыць вакол сябе толькі добрае і шчыра верыць, што прыгажосць выратуе свет!

Ірына Велясевіч. Фота аўтара