
Сярод шэрагу штодзённых канфліктаў паміж суседзямі, гісторыя з бярозамі і ліпай у гаражным кааператыве здаецца асаблівай. З аднаго боку — пакрыўджаны, які сцвярджае, што дрэвы перашкаджаюць вонкавай эксплуатацыі збудавання. З другога — супольнасць уладальнікаў гаражоў, якія бачаць у іх цені зялёны аазіс сярод бетоннай прасторы. Рашэнне камісіі спілаваць дрэвы пакінула горкі прысмак: нават законны вынік не вырашыў напружанасці паміж суседзямі. Чаму такія сітуацыі становяцца правілам, а не выключэннем? І што гэта кажа пра нас саміх?
Справа не толькі ў дрэвах
Канфлікт пачаўся з практычнага пытання: як пафарбаваць гараж, калі галіны бяроз поўнасцю павіслі на сцяну? Сусед звярнуўся ў камісію, якая пацвердзіла, што дрэвы шкодзяць збудаванню і адно з іх прызнала на 50% пашкоджаным. Маўляў, у любы момант можа ўпасці ад моцнага ветру або дажджу.
Вельмі цікава, што выраслі гэтыя дрэвы не ўчора і раней нікому не перашкаджалі. Ці не сталі яны проста зачэпкай даўніх «разборак» паміж добра знаёмымі людзьмі, а можа нават сябрамі? Дакладна ніхто не ведае, але вынік занадта сумны.
— Гэта ж жывыя істоты! — з нервознасцю ў голасе казалі адны. — Ды такія прыгожыя і вялікія, шкада будзе, калі іх спілуюць. Столькі гадоў стаялі, а тут…
— Я не магу трымаць гараж у сырасці, восенню ўвесь дах у лісці, потым гніюць, мне гэта не патрэбна, — адказваў другі.
Камісія, абапіраючыся на нормы, прыняла бок «тэхнічнай неабходнасці». Але ці можна было знайсці кампраміс? Напрыклад, абрэзку галін замест вырубкі? Пытанне засталося адкрытым.
Чаму суседзі становяцца ворагамі?
Для аднаго дрэва — перашкода, для другога — сімвал прыроды. На дачах гэта могуць быць межы ўчасткаў, на лесвічных пляцоўках — рэчы ў агульным прасторы. Кожны бачыць свет праз прызму сваіх патрэб.
Часта людзі нават не размаўляюць, пакуль праблема існуе. Замест таго, каб абмеркаваць паміж сабой варыянты, яны выносяць спрэчку на публіку. Адсутнасць нармальнага дыялогу нараджае нянавісць і недавер. А калі эмоцыі бяруць верх над розумам, канфлікт перарастае ў сапраўдную бойню. Надзея на хуткае вырашэнне знікае з кожным днём. Зварот у інстанцыі напачатку здаецца прасцейшым шляхам, чым доўгія перамовы. Але закон не вырашае чалавечыя адносіны, ён проста ставіць у ім тлустую кропкуЗварот у вышэйшыя інстанцыі, публічныя скаргі ў сацыяльных сетках або нават суд яшчэ нікога не зрабілі шчаслівым. Калі «смецце» выносіцца на паверхню, канфлікт пераходзіць у тэатр вайны, дзе вельмі многа гледачоў, і можа цягнуцца гадамі, выходзіць зпад улады ўдзельнікаў. І, як вынік, яго вырашаюць чужыя людзі, якім не шкада вашых адносін, якія ўжо ніколі не вернеш.
Шлях да міру
Падобныя гісторыі паўтараюцца ўсюды: на дачы — спрэчкі пра зацяненне суседняга ўчастка, шум ад інструментаў, гучная музыка… У пад’ездзе — хто павінен мыць акно або плаціць за рамонт ліфта? Усе гэтыя канфлікты аб’ядноў-вае адно — нежаданне ці няўменне разглядаць пазіцыю іншага і проста навучыцца размаўляць. Мы чапляемся за сваю «праўду», забыўшыся, што сусед — не вораг, а такі ж чалавек са сваімі матывамі і памылкамі. Першае, што трэба зрабіць — сустрэцца за сталом перамоў, а не ў кабінеце чыноўніка. Напрыклад, прапанаваць суседу сумесна запрасіць спецыяліста, які ацэніць стан дрэў. Магчыма іх можна не чапаць, а проста зрэзаць галіны, якія павіслі. Я разумею так: выхады ёсць, галоўнае — пачуць адзін аднаго. І чым менш старонніх людзей умешваецца ў спрэчку, тым хутчэй і лягчэй яна вырашыцца.
Дрэвы спілаваны, але што далей?
Гісторыя з гаражом —люстэрка грамадства, дзе кожны ідзе сваёй дарогай, нават калі яны перасякаюцца. Шкада, што такія спрэчкі ўспыхваюць паміж суседзямі, ад якіх нікуды не дзенешся, а жыць з мірам не атрымоўваецца. Канфлікты будуць заўсёды, але іх вырашэнне — гэта наш выбар. Ці будзем мы бачыць у суседзе паплечніка, з якім трэба знайсці агульную мову, ці праціўніка, якога трэба перамагчы? У выніку, каму мы робім горш: суседу ці сабе? Час пакажа, але часцей за ўсё ён не на карысць крыўдзіцеля і пакутуюць абодва бакі. Хтосьці першы павінен сказаць — хопіць!Можа, варта пачаць з малога: праз добрую размову, праз спробу зразумець, спакойна выслухаць адзін аднаго. Тады нават спілаваныя дрэвы не знікнуць дарэмна, яны навучаць нас, што мір важней за перамогу.
Канфлікт ля гаража раскрывае больш глыбокую праблему. Для некаторых людзей спрэчка — гэта не спроба вырашыць нешта, а магчымасць падняць свой статус. Такія людзі бачаць у любым супрацьстаянні бойку за «перавагу», дзе сусед — гэта вораг, якога трэба перамагчы. Але чаму такая «перамога» часта становіцца паражэннем? Таму што —канфлікт не знікае, а проста замоўчваецца, а праз нейкі час зноў дае пра сабе знаць, але ўжо з большай сілай. Дрэвы ссеклі, але цень канфлікту застаўся.
Чаму мудрасць выглядае
як слабасць?
Для іншых любая спрэчка — гэта стомная вайна, дзе нават перамога не апраўдвае страт. Стварэнне варожасці патрабуе сіл: скаргі, суды, лаянкі — усё гэта адмоўна ўплывае на стан здароўя. Хранічны стрэс ад канфлікту павялічвае ціск, пагаршае сон, руйнуе псіхіку. Калі паглядзець на гэтыя спрэчкі з другога боку —гэта насамрэч марная трата часу, гады варожасці замест таго, каб будаваць адносіны або займацца сям’ёй, работай, хобі і проста жыць з асалодай і абсалютнай напоўненасцю ад кожнага дня.
Але чаму ж тады «мудрыя» не заўсёды маюць перавагу? Таму што грамадства часта бачыць у іх стрыманасці слабасць. Калі ты не змагаешся — ты пераможаны. І так думае большасць. Мудрасць жа патрабуе мужнасці прызнаць, што спыніць барацьбу —не значыць саступіць, а адысці ў бок і быць вышэй за гэта. А яшчэ вельмі важна хоць аднаму ўдзельніку канфлікту ўспомніць «правілы 10 гадоў». Задайце сабе пытанне: «Ці будзе гэта спрэчка важнай праз гэты час?» Калі не —наўрад ці варта траціць на яе сілы і нервы.
Вынік і разважанні
Канфлікт ля гаража вучыць нас чамусьці важнаму: дрэвы можна пасадзіць нанова, але давер не вернеш ніколі. Кожная спрэчка — гэта выбар: будзем мы будаваць сцяну паміж сабой ці навадзіць масты? Здаецца мне, што мудрасць пачынаецца з прызнання — нават калі ты «выйграў», адносіны могуць памерці, і тады перамога становіцца горыччу. Але калі знайсці мужнасць ісвоечасова сказаць:
«Давайце спынімся. Што мы можам зрабіць разам?» Тады нават спілаваныя дрэвы пакінуць пасля сябе не столькі пянькі, колькі ўрокі. Быць моцным — не значыць крычаць найгаласней. Быць разумным — не значыць маўчаць, а знайсці магчымасць не весці войны. Гэта значыць ведаць, што сапраўдная перамога толькі тады, калі перамагае не асабістае «я», а просты мір!
Ірына Велясевіч
