Суббота, 26 апреля 2025

Калонка галоўнага рэдактара

498

Прынцу — сябра, «Тэсле» — інвестар…

І зноў размова пойдзе пра махляроў, якія не спяць, а мараць, як выцягнуць грошы з вашых кішэняў. Дарэчы, дзейнічаюць прайдзісветы, нягледзячы на пару года, стан надвор’я і перыяд часу.


Не так даўно ў сацыяльнай сетцы «Тік-Ток» на мяне падпісаўся ні многа ні мала, а сам Ілан Маск. І пачалася апрацоўка мяне як патэнцыйнай ахвяры. На тым, як кажуць, канцы гаджэта сусветны мільярдэр доўга пытаў пра тое, ці ведаю я такую фірму як «Тesla», «Spase X», якой вытворчасцю займаюцца. Я ж чалавек дасведчаны, таму сказаў, што ведаю. І тут, як кажуць, Астапа панесла. Прапанаваў мне фальшывы Маск стаць інвестарам яго кампаніі. Чым не гонар? І буду я пасля інвеставання мець свае працэнты ад прыбытку. Але я ўжо ведаў махлярскія сістэмы так званага Ілана, бо нядаўна мне трапілася гісторыя аднаго беларуса, які перавёў на зімовыя шыны для «Тesla». Такіх «маскаў» развялося — хоць сажалку імі гаці. Але гэта яшчэ кветачкі. Паспелі і ягадкі.


Пару тыдняў назад пасябраваў са мной у Instagram наследны прынц Дубая. Нік яго ў сетцы быў Рашыд Мактум. Пачалі перапісвацца. Але тады я яшчэ не ведаў, што гэта прынц. Прызнаўся мой суразмоўца, што ён найвышэйшая асоба, калі наша перапіска перайшла ў WhatsApp. Там і пачалася апрацоўка мяне. Былі і фотаздымкі з доказамі сапраўднасці прынца, аповеды чым займаўся, якія коні ў яго каралеўскай канюшні. Тут выявіліся ў нас аднолькавыя захапленні, нават дата нараджэння 14 — таксама аднолькавая. Усё, мы станавіліся лепшымі сябрамі. Каб гэтае сяброўства замацаваць, прынц запрасіў мяне прыехаць у Дубай. Засталося толькі залатую каралеўскую карту зрабіць. «Язда па вушах» працягвалася. Я адчуваў падман, але вырашыў гэтае адчуванне падмацаваць. Правёў невялікае расследаванне. Аказалася, што на фотаздымках на самой справе наследны прынц Дубая, але не Рашыд, а Хамдан. Рашыд у 2017 годзе памёр. Мала таго, так званы прынц абдурыў па ўсім свеце не адну сотню людзей. Там былі і жанчыны, якія не дачакаліся шлюбу з яго высокасцю, і мужчыны, якія так і не сталі сябрамі прынцу. Усе яны пазбавіліся нямалай колькасці грошай. Да прапановы заплаціць за залатую каралеўскую карту так чаргі і не дайшло. Я прадставіў яго высокасці вынікі маіх расследаванняў. На што той прапанаваў мне не хвалявацца, маўляў, яны ўжо стаміліся ад такіх фэйкаў, а мне ён праўду кажа. Паслаў я прынца вельмі далёка. Думаю, што ён і зараз там ходзіць.


Яшчэ выпадак. У Турцыі з’явілася на маё імя завяшчанне ад сваяка — Андрыяна Ільюшэнкі. Аб гэтым пісала мне душапрыказчыца дзядзькі, які «ў турэцкім банку на маё прозвішча Ільюшэнка пакінуў вялікія мільёны ў замежнай валюце і залатых злітках». Я гэтай кабеце не адзін раз пісаў, што ў нас прозвішчы адрозніваюцца на адну літару, у маім замест літары «ш», ёсць «шч (щ)». Адвакат дзядзькі мне адказала, што літару заменіць на тую, якая патрэбна. Што мне трэба было зрабіць, каб атрымаць вялікую спадчыну, я так і не стаў пытаць. Адвакатка таксама ў бан пайшла. Аднак і да гэтага часу неяк знаходзіць выйсце і зноў дастае сваімі прапановамі.


Ведаеце, многія ж «купляюцца» на такіх фальшывых прынцаў, мільярдэраў, адвакатаў і пералічваюць ім свае грошы. А пасля бягуць у міліцыю і патрабуюць выратаваць. Калі самі радуецеся падману, то пасля і не плачце!


Віктар Ільюшчанка