
На гэтым тыдні ў храмах Пружаншчыны разліваўся непаўторны водар спелай садавіны, асвечаных ласкай Яблычнага Спаса. З самай раніцы прыхаджане спяшаліся ў цэрквы з кошыкамі, напоўненымі пладамі новага ўраджаю, каб атрымаць благаславенне.

Іерэй храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы айцец Аляксандр з усмешкай сустракае прыхаджан.
— Хай гэты светлы дзень прынясе мір у кожны дом, напоўніць сэрцы дабром і любоўю, — пажадаў святар, благаслаўляючы прыхаджан.
Абрад асвячэння —кульмінацыя свята. У гэты момант усе прыхаджане свецяцца радасцю і верай.
Пасля набажэнства асвечаныя яблыкі нясуць дадому, дзе імі частуюць усіх родных і блізкіх. Лічыцца, што першы асвечаны плод трэба з’есці, загадаўшы жаданне, і яно абавязкова здзейсніцца.
«Спас» тлумачылі і па сугучнасці з дзеясловам «спаць». Лічылася, што зямля ў гэты дзень спіць, трывожыць яе сон, а таму і працаваць нельга. У гэты дзень у старажытнасці прынята было адорваць абяздоленых людзей усім, чым можна з сабранага ўраджаю.
Народная мудрасць гаворыць: «На другі Спас і жабрак яблычак з’есць», «Са Спаса-Праабражэння — надвор’е мяняецца», «Прыйшоў другі Спас — бяры рукавіцы на запас».
Яблычны Спас у Пружанскім раёне — гэта не толькі рэлігійнае свята, але і дзень яднання, дабрыні і падзякі за шчодрыя дары прыроды. І хай гэта светлае свята прынясе ў кожны дом мір, радасць і дабрабыт!
Крысціна Асіпчук
Фота Кацярыны Масік