Воскресенье, 26 октября 2025

Мітынг памяці ў Дзень 80-годдзя вызвалення раёна прайшоў у Пружанах

340

17 ліпеня — адначасова радасная і жалобная дата ў гісторыі нашага раёна. У гэты дзень роўна 80 гадоў таму Пружаншчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Цаной перамогі сталі жыцці людзей, якія ахвяравалі сабой дзеля нашчадкаў, дзеля міру на гэтай зямлі. У гонар іх каля брацкай магілы на гарадскіх могілках у Пружанах прайшоў мітынг памяці.

Намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч нагадаў пра колькасць загінулых падчас наступальнай аперацыі «Баграціён»: з двух бакоў загінула больш за адзін мільён чалавек.

— Гэта трагедыя для ўсіх нас. Кожны кавалак нашай зямлі паліты крывёю. І наша з вамі задача зрабіць усё, каб падобныя падзеі не мелі паўтарэння. Прыходзячы да такіх памятных мясцін, мы заўсёды ўспамінаем сумныя старонкі нашай гісторыі, аддаём даніну павагі нашым продкам, — адзначыў Руслан Васільевіч.

Прысутныя ўшанавалі памяць ахвяр вайны мінутай маўчання. Настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма протаіерэй Ігар Мрыхін адслужыў памінальную ліцію, а ўдзельнікі мерапрыемства памаліліся за загінулых воінаў, якія аддалі сваё жыццё за нашу шчаслівую будучыню. Завяршылася мерапрыемства ўскладаннем кветак да брацкай магілы.

Руслан Басак

Фота аўтара

Больш фотаздымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_303427520 і https://ok.ru/budni/album/981164676232