Амаль паўсотні «птушыных сталовак» адкрылася ў чацвер на прышкольным двары СШ №1 г.Пружаны. Кармушкі для птушак зрабілі вучні пачатковых класаў. Але ўдзельнікамі школьнага конкурсу «Падары птушцы кармушку» сталі не толькі хлопчыкі і дзяўчынкі, але і іх бацькі. У выніку конкурсу сямейнай творчасці з’явілася 46 арыгінальных работ, якія вылучаюцца цікавымі дызайнерскімі рашэннямі: ад звычайных, зробленых з пластыкавых бутэлек, кардонных скрынак і яловых галінак, да вельмі складаных, змайстраваных з фанеры, дрэва і металапрофілю.
Пераможцаў у дзвюх узроставых катэгорыях вызначылі самі школьнікі падчас закрытага галасавання: выстаўленыя ў фае кармушкі пранумаравалі, і вучні кідалі ў скрыню паперкі з нумарам найбольш спадабаўшайся. У выніку найбольш галасоў атрымалі работы Ягора Папова і Ромы Петруковіча (на здымку) — 1 месца, Косці Янушкевіча і Паліны Ракіцкай (на здымку разам з татай) — 2 месца, Вані Мелеша і Улада Наліўкі — 3 месца. А ўвогуле, варта адзначыць, што ўсе работі заслугоўвалі захаплення.
Кожнай з іх знайшлося па дрэву на школьным двары. Кіраўніцтва ўстановы тым часам мяркуе працягнуць добрую ініцыятыву і аб’явіць аналагічны конкурс сямейнай творчасці і сярод вучняў 5-6 класаў.
Марына Вакульская, фота аўтара.
