
Мэта падобных сустрэч — аказанне дапамогі тым, хто часова сышоў з вернага жыццёвага шляху. Камісія праводзіць прафілактычныя гутаркі, прапануе кансультацыі па розных жыццёвых пытаннях і дапамагае ў працаўладкаванні. Бо менавіта работа дапамагае чалавеку зноў знайсці сваё месца ў грамадстве. І калі ён імкнецца прыносіць карысць, не гультаяваць, а рабіць крок насустрач сабе і дзяржаве — такія мерапрыемствы становяцца кропкай апоры. Галоўнае — жаданне мяняцца. Усё астатняе магчыма.
Кожны, хто прыйшоў на пасяджэнне, мае за плячыма сваю гісторыю: парушэнне закону, прыцягненне да крымінальнай адказнасці… Аднак нават самы складаны шлях пачынаецца з першага кроку.
Вось, напрыклад, грамадзянін Н. з г.п. Шарашэва быў асуджаны за крадзеж, атрымаў абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і зараз афіцыйна працаўладкаваны. Здавалася б, жыццё наладжваецца. Але сам ён прызнае: перашкаджае «зялёны змей». Менавіта з-за злоўжывання алкаголем ён прапусціў абавязковую яўку ў РАУС, чым парушыў устаноўлены парадак. Калі гэта паўторыцца, наступствы будуць ужо больш сур’ёзныя.
На пасяджэнні прысутнічалі і яшчэ зусім маладыя людзі. Адзін з іх, які раней адбыў пакаранне за аналагічнае злачынства, заявіў, што памылак мінулага паўтараць не збіраецца. Ён ужо праходзіць медагляд і гатовы працаваць. Іншыя ўдзельнікі таксама паведамілі аб хуткім працаўладкаванні і ўпэўнена заявілі: у дадатковай дапамозе не маюць патрэбы.
Спадзяёмся, што ўсе яны стануць на праўдзівы шлях карысных спраў, адказных адносін да сябе і грамадства. У гэта хочацца верыць. Бо кожны з нас здольны да перамен. Трэба толькі адно — шчырае жаданне выправіцца. Усё астатняе абавязкова атрымаецца.
А важным крокам на шляху да выпраўлення з’яўляецца працаўладкаванне. Работа не толькі дапамагае чалавеку знайсці стабільнасць, але і адчыняе дзверы да самапавагі і прыняцця з боку грамадства. Мы ведаем, што яна надае высакароднасць, фарміруе асобу. І для большасці з‘яўляецца не проста крыніцай даходу, а адной з найважнейшых жыццёвых каштоўнасцей.
Руслан Басак
Фота Кацярыны Масік