
На мінулым тыдні ў Пружанах працаваў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Рафаловіч, які ў Адзіны дзень інфармавання сустрэўся з калектывам ААТ «Пружанскі льнозавод». Тэма гэтага дня: «Беларускі шлях: адзінства лёсу».
Удзельнічаць у Адзіным дні інфармавання мне неаднойчы даводзілася. Адзначу, што Віктар Рафаловіч правёў сустрэчу цікава, крэатыўна, без усялякага афіцыёзу. Пабудаваў дыялог з калектывам ільнозавода на даверы, шчырасці. Але гэта было крыху пазней.
Ведаючы дырэктара ААТ «Пружанскі льнозавод» Мікалая Жогала, дзіўна было б, каб ён не паказаў госцю, які тут быў упершыню, паказаць тэрыторыю, саму вытворчасць, прадукцыю. Так яно і было. Віктар Рафаловіч у суправаджэнні старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча і кіраўніка прадпрыемства Мікалая Жогала агледзелі вытворчасць. Тут сапраўды ёсць чым пахваліцца, што паказаць. Таварыства з’яўляецца адным з вядучых у Рэспубліцы Беларусь.
На самой сустрэчы, якая прайшла ў актавай зале завода, Віктар Рафаловіч ва ўступным слове расказаў пра мэту свайго візіту, а яна шматгранная. Адна з граняў — пазнаёміцца з калектывам, другая — прадставіць тэматычную выставу, трэцяя — пагутарыць з прысутнымі і адказаць на пытанні, выслухаць прапановы… А яшчэ Віктар Анатольевіч расклаў па палічках сістэмнасць кнігачытання, яго патрэбнасць і карысць. Нават калі карыстаешся электроннай бібліятэкай, чытаеш патрэбную літаратуру ў інтэрнэце, таксама гэта ідзе на карысць. Аднак не ўсё там з’яўляецца каштоўным, трэба сартаваць непатрэбствы ад сапраўднай літаратуры, аддзяляць збожжа ад пустазелля. Віктар Рафаловіч сказаў, што ў гэты дзень супрацоўнікі льнозавода маюць унікальную магчымасць азнаёміцца з літаратурай, якую на выставе прадставіла загадчыца агульнай чытальнай залы Тамара Глазкова Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага. Ёй і было дадзена слова. Тамара Васільеўна расказала, што кнігі, якія былі тут, ахопліваюць час, калі наша краіна падзялялася на заходнюю і ўсходнюю часткі, а таксама перыяд, калі Беларусь стала адзінай, і іншае.
Пасля прэзентацыі выставы Віктар Рафаловіч адказаў на шматлікія пытанні. Тэматыка іх закранала ад святкавання Дня народнага адзінства, патрыятычнага выхавання дзяцей да закрыцця польскім бокам граніцы. На ўсе пытанні Віктар Анатольевіч адказваў са шчырасцю.
Віктар Ільюшчанка