
Маладыя людзі змаглі задаць хвалюючыя іх пытанні і атрымаць разгорнутыя адказы аб прэферэнцыях для маладых спецыялістаў, будаўніцтве жылля, падтрымцы сем’яў і перспектывах развіцця рэгіёну.
Размова пачалася з абмеркавання дзяржаўных праграм падтрымкі маладых спецыялістаў. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец расказаў аб ільготах пры працаўладкаванні на прадпрыемствы раёна, сацыяльных гарантыях і магчымасцях кар’ернага росту, аб дзяржаўных датацыях для замацавання спецыялістаў на вёсцы.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Таццяна Гаманчук таксама адзначыла, што для вучобы, кар’еры, стварэння сям’і ў Беларусі і ў нашым рэгіёне зроблена вельмі шмат. Дзейнічаюць розныя меры падтрымкі маладых кадраў — гэта і
пад’ёмныя выплаты, і дапамога ў забеспячэнні жыллём, і праграмы адаптацыі на працоўных месцах.
Асаблівую цікавасць у моладзі выклікала тэма будаўніцтва даступнага жылля. Удзельнікі дыялога абмеркавалі ўмовы атрымання льготных крэдытаў, дзяржаўныя праграмы арэнды з наступным выкупам і перспектывы развіцця жыллёвай інфраструктуры ў раёне. Кожны меў магчымасць выказаць сваё меркаванне і прыярытэты па іх значнасці. У многіх з прысутных на першым месцы адукацыя і самарэалізацыя, у іншых — здароўе, кар’ера, сям’я. Па апытанні моладзі за 2025 год у Беларусі лідзіруючую пазіцыю займае кар’ера, на другім — сям’я.
На сённяшні дзень у нашай краіне пражывае 1000629 маладых людзей да 31 года — гэта 18% ад усяго насельніцтва краіны. У Пружанскім раёне каля 600 чалавек.
У сваіх выступленнях Кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў, што Беларусь — краіна магчымасцей, дзе кожны грамадзянін, асабліва маладога ўзросту, можа рэалізаваць свой патэнцыял. Гэты тэзіс стаў ключавым у дзяржаўнай палітыцы, накіраванай на стварэнне роўных умоў для адукацыі, працаўладкавання, сацыяльнай падтрымкі і грамадскай актыўнасці. Сучасная беларуская моладзь вырасла ў суверэннай краіне, дзе дзяржава забяспечвае стабільнасць і бяспеку.
Не засталася без увагі і тэма сацыяльнай дапамогі для маладых сем’яў. Члены Маладзёжнага парламента цікавіліся, як развіваецца гэты напрамак на мясцовым узроўні.
— Мы разумеем, што стварэнне сям’і — адказны крок, таму дзяржава і мясцовыя ўлады ўсімі сіламі стараюцца дапамагчы маладым ужо ў новай якасці, — падкрэсліў Мікалай Пятровіч. — Акрамя існуючай дапамогі, аднаразовых выплат, мацярынскага капіталу, у раёне таксама развіваецца інфраструктура для дзяцей: добраўпарадкаванне гульнявых пляцовак, спартыўных аб’ектаў, зон адпачынку для мам і малых. І гэта яшчэ адзін важкі крок да спакою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Падчас сустрэчы Першы сакратар Пружанскага РК ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук асаблівую ўвагу надала ўдзелу моладзі ў маштабных праектах і конкурсах, якія адкрываюць новыя магчымасці для прафесійнага росту і патрыятычнага выхавання. Напрыклад, «100 ідэй для Беларусі». Гэты рэспубліканскі праект дае шанс маладым наватарам заявіць свае распрацоўкі ў розных сферах: ад IT і экалогіі да сацыяльных ініцыятыў. Таксама карыстаецца папулярнасцю аграрны конкурс «Уладар сяла», які матывуе моладзь заставацца ў сельскай мясцовасці, развіваць фермерскія гаспадаркі і ўкараняць сучасныя тэхналогіі на месцах. Цяпер у распрацоўцы знаходзіцца новы праект — «Малады чалавек года», які зусім хутка стане добрай стартавай пляцоўкай для крэатыўных юнакоў раёна.
Спецыяліст аддзела культуры Наталля Пракаповіч закранула тэму захавання гістарычнай памяці беларускага народа. Бо гэта той падмурак, на якім будуецца ўсё наша грамадства і будучыня. Тут важна не дапусціць скажэння фактаў гістарычнай спадчыны беларусаў, супрацьстаяць негатыўным павевам з-захаду, адсейваць лішняе і ўсімі сіламі захоўваць свае хрысціянскія каштоўнасці, галоўныя з якіх — грамадзянскасць і патрыятызм, прапісаныя ў Канстытуцыі нашай краіны.
Напрыканцы сустрэчы старшыня Маладзёжнага парламента Дзяніс Цямчык адзначыў, што такія дыялогавыя пляцоўкі — выдатная магчымасць для прамых зносін паміж моладдзю і ўладай. Прапанаваў праводзіць такія сустрэчы рэгулярна, каб аператыўна вырашаць актуальныя пытанні з улікам меркаванняў усіх бакоў. Ён таксама расказаў аб укараненні ў работу рэйтынгавай сістэмы «Святлафор», якая дае шэраг пераваг для ўнутранай арганізацыі работы, магчымасць адсочваць актыўнасць кожнага члена парламента, дысцыплінуе, павышае матывацыю да ўдзелу ў мерапрыемствах.
Дадзеная сустрэча паказала, што Беларусь — сапраўды краіна магчымасцяў, дзе маладыя людзі могуць рэалізаваць сябе, атрымліваючы падтрымку на ўсіх узроўнях, адкрыта дэманстраваць сваю пазіцыю, выказваць сваё меркаванне. Гэта матывуе быць больш актыўным і ўносіць свой уклад у развіццё раёна, заставацца на месцах і быць адданым роднай зямлі. А галоўнае — іх голас мае значэнне!
Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік