Понедельник, 6 октября 2025

У мінулую пятніцу на базе Ліноўскага сельсавета прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама

505

Спачатку ўдзельнікам мерапрыемства далі магчымасць на свае вочы пабачыць, чым і як жывуць людзі ў падведамасных сельвыканкаму вёсках. Ці ўсяго хапае для якаснага пражывання?

Адным з асноўных работадаўцаў у той мясцовасці з’яўляецца філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі», куды і завіталі першапачаткова, а іменна, на камбікормавы завод. Экскурсію па ім правёў дырэктар гаспадаркі Андрэй Голдзінаў, расказаў пра ўвесь працэс прыгатавання камбінаванага корму, яго перавагі. Хочацца адзначыць чысціню на тэрыторыі, у памяшканнях прадпрыемства і вакол яго. Людзі задаволены і ўмовамі працы, і заработнай платай, адчуваюць сябе ўсебакова абароненымі. А гэта важны фактар, бо аддача ад такога працаўніка будзе куды большай.


На пусты страўнік многа не зробіш, бо сіл не хопіць. А на вёсцы заўсёды працы хапае, ды яшчэ і цяжкай. Таму зазірнулі і ў два магазіны, што размешчаны ў в. Смаляны. У фірменны сельгаставарыства «Бел-Морыс» і «Полечка» філіяла «Колас» райспажыўтаварыства. Ну, што сказаць, усяго на паліцах хапае, ёсць і хлеб, і каўбасы, цукеркі, марожанае, прысутнічае гаспадарчая група. Канечне, не абуешся і не апранешся, але пры сённяшняй мабільнасці кожнай сям’і лёгка можна наведацца ў раённы цэнтр і зрабіць патрэбныя пакупкі.

І сама вёска выглядае прыгожа і ўтульна. Своечасова праводзіцца абкошванне травы, удзяляецца ўвага і добраўпарадкаванню вуліц, як, напрыклад, Садовай. Зразумела, ёсць яшчэ над чым працаваць, але ўсё і адразу не зробіш, бо гэта ж не адзіны населены пункт у сельсавеце.

Перамяшчаемся да вёскі Бакуны, ад якой не так даўно да Аранчыц было праведзена асфальтаванне дарогі з абсталяваннем абочыны і абрэзкай дрэў. І стала зусім іншая справа, зніклі выбоіны і лужыны, едзь сабе і атрымлівай асалоду.

Наступны прыпынак — могілкі ў в. Аранчыцы, дагледжаныя і добраўпарадкаваныя. Перад прысутнымі таксама выступіў дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук, на балансе якога знаходзіцца 59 могілак. Як падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, патрэбна шчыльна працаваць з насельніцтвам, падключаць да работы старастаў вёсак, каб людзі разумелі, што збор сродкаў на прывядзенне ў парадак месцаў пахаванняў — вельмі важная справа, бо тут знайшлі вечны спачын нашы родныя і блізкія. У гэтым плане добра спрацавалі ў Сухопальскім і Зеляневіцкім сельсаветах.

Не маглі прамінуць і помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, размешчаны ў гэтым жа населеным пункце. Ушанавалі памяць аб ахвярах фашызму мінутай маўчання, пасля чаго Мікалай Пятровіч і старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань усклалі кветкі да манумента. Мы помнім гісторыю сваёй краіны, якой бы сумнай яна ні была, і гэта вельмі важна.

Цікава было пабываць і ў ТАА «Экалагічныя матэрыялы», дзе экскурсію правёў кіраўнік прадпрыемства Андрэй Басак. Чысціня ўсюды, хаця гэта 38 га. На дадзены момант працуе 102 чалавекі, сярэдняя заработная плата — 2,5 тысячы беларускіх рублёў. Пазнаёміліся і з прадукцыяй, какосавымі матамі для напаўнення матрасаў, якая на 80% адгружаецца на расійскі рынак. Адразу бачна рука гаспадара, які жыве працай і тым самым зараджае энергіяй і сваіх падначаленых.

У Ліноўскай сярэдняй школе шчыра віталі ўдзельнікаў выязнога пасяджэння начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік і дырэктар навучальнай установы Алена Макарэвіч. Уразіла гармонія ва ўсім, тая ж прыгожая клумба з разнастайнымі пахучымі кветкамі, сучасныя бегавыя дарожкі, вугалок па правілах дарожнага руху, не гаворачы ўжо пра ўтульныя кабінеты. Школа на 100% укамплектава кадрамі, ёсць нават свой доследны ўчастак, на якім дзеці могуць самі праявіць свае здольнасці ў вырошчванні розных культур. Далучаемся да слоў Мікалая Кудраўца: калі ў хаце ёсць сапраўдная гаспадыня, тады і парадак будзе ўсюды.

А наогул аграгарадок Лінова — гэта населены пункт, у якім і жыць прыемна, і працаваць, мноства кветак і вялікая колькасць прыветных людзей.

Падчас выніковага пасяджэння ў Ліноўскім сельскім Доме культуры была заслухана інфармацыя старшыні мясцовага выканкама Таццяны Мардань аб стане работы і мерах, якія прымаюцца сельскім Саветам дэпутатаў і выканаўчым камітэтам па добраўпарадкаванні тэрыторый, забеспячэнні спрыяльных умоў пражывання і жыццядзейнасці насельніцтва.

Аб землекарыстанні, навядзенні парадку на зямлі і ў населеных пунктах Ліноўскага сельсавета расказала прысутным першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Вярэха.

Мы самі павінны сачыць за тым, каб вакол было чыста, не ўтвараліся стыхійныя смеццязвалкі. І як паказвае маніторынг, які праводзіўся начальнікам Пружанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Гарусам, намеснікам начальніка аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталляй Неміровіч і ўрачом-гігіеністам (загадчыцай аддзела гігіены) ДУ «Пружанскі РЦГіЭ» Аленай Коверзневай у Велікасельскім, Зеляневіцкім, Ліноўскім, Навазасімавіцкім, Пружанскім і Ружанскім сельсаветах, нам ёсць яшчэ над чым працаваць. Але самае галоўнае тое, што людзі і арганізацыі ў большасці сваёй адгукаюцца на просьбы прыбраць смецце, акультурыць тэрыторыю.

Не трэба прыкладаць шмат намаганняў, каб стварыць прыгажосць вакол сябе. Часам дастаткова высадзіць крыху кветак, скасіць траву, недзе прыбраць смецце. А яшчэ не разбурыць і не сапсаваць тое, што ўжо створана людзьмі, беражліва адносіцца да чужой працы. І будзем жыць шчасліва і ў яркіх фарбах.


Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік