Вторник, 7 октября 2025

У мінулую пятніцу ў актавай зале гімназіі прайшла цырымонія прынясення прысягі новымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь

64

Менавіта так эмацыянальна выказалася адна з прэтэндэнтак на грамадзянства нашай краіны пасля прынясення прысягі сваёй новай Радзіме. І гэтыя словы выключна адлюстроўваюць чарговую старонку ў жыцці гэтых людзей, якія, згодна з Указам № 321 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь», атрымалі тыя ж самыя правы, што і карэннае насельніцтва. Рашэннем Кіраўніка дзяржавы беларускае грамадзянства атрымалі 323 чалавекі, у тым ліку і 21 непаўналетні. Гэтыя людзі прыехалі ў нашу мірную краіну ў пошуку спакою з 17 дзяржаў.

Такую статыстыку абвясціў начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі Пружанскага РАУС Вячаслаў Міхайлаў, які дадаў, што шасцёра з іх — новыя пружанцы, цяпер ужо паўнапраўныя жыхары нашага раёна. Пяцёра з іх прыехалі з Украіны, адзін — з Малдовы. Каб атрымаць грамадзянства, яны прайшлі доўгі шлях. Абавязкова вывучалася біяграфія прэтэндэнтаў, прычыны іх прыезду ў Беларусь. Таксама адводзіўся пэўны час на вывучэнне гісторыі новай Радзімы, дзяржаўнага строю і сімвалаў, дакладнае веданне якіх потым пацвярджалася на спецыяльным іспыце. І завяршэннем гэтага шляху стала ўрачыстае прынясенне прысягі.

Першы намеснік начальніка раённай міліцыі Віталій Патапчук, уручаючы даведку для атрымання беларускага пашпарта, павіншаваў новых грамадзян Беларусі. Да яго слоў далучыўся і прадстаўнік мясцовай адміністрацыі, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік, які нагадаў, што разам з правамі яны павінны і выконваць пэўныя абавязкі, якія ўскладзены на кожнага жыхара нашай краіны, тым самым прыкладаючы ўсе намаганні для развіцця сваёй новай Радзімы.

Слова новым грамадзянам:

Іна Шынкарук з Ковельскага раёна:
— Прыехала ў Беларусь у 2013 годзе і за мінулы час займела тут і сваё жыллё, і працоўнае месца. Жыву ў аграгарадку Лінова і за гэты час поўнасцю параднілася з прыгожым краем, лепшага за які і шукаць не трэба.

Наталія Чаргейка з Валынскай вобласці:
— За 20 з лішнім гадоў, што я жыву ў Ружанах, былая Радзіма стала проста месцам нараджэння. А ўвесь жыццёвы шлях для мяне даўно звязаны з Беларуссю. У мінулым годзе вырашыла стаць паўнапраўнай грамадзянкай і зусім хутка атрымаю беларускі пашпарт.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік