Вторник, 30 сентября 2025

Тихая охота

563

Восень прыходзіць не па календары, а па дыханні лесу. Яна пачынаецца з першага ранішняга туману, з паху сырой зямлі, з шоргату лістоты, якая кладзецца на сцежкі як покрыва. У гэты час лес кліча не гучна і не настойліва, амаль шэптам на «ціхае паляванне».

Трывожныя званкі
Збор грыбоў — гэта час, праведзены без напружання і мітусні, але з радасцю, калі кошык напаўняецца не толькі ляснымі дарамі, але і запамінальнымі момантамі, якія ўжо не паўторацца.

Але лес — гэта не толькі ўтульнасць і спакой. Ён можа быць каварным, асабліва для тых, хто забываецца, што прырода патрабуе павагі і асцярожнасці. Кожны год у сезон збору грыбоў і ягад міліцыя і выратавальнікі атрымліваюць дзясяткі трывожных званкоў аб тым, што згубіліся людзі. Хтосьці, паблукаўшы пару гадзін, знаходзіць дарогу сам, але бываюць і адваротныя выпадкі. Тады пачынаецца сапраўдная аперацыя: да пошукаў падключаюцца праваахоўныя органы, выратавальнікі, валанцёры, леснікі і мясцовыя жыхары. Асабліва часта губляюцца пажылыя людзі, дзеці без суправаджэння, а таксама тыя, хто пакутуе ад гіпертаніі, псіхічных расстройстваў або мае праблемы з апорна-рухальным апаратам. Але, як паказвае практыка, заблудзіць можа кожны, нават той, хто лічыць лес сваім другім домам.

Паводле дадзеных аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Брэсцкага аблвыканкама, з пачатку 2025 года ў нашай вобласці зарэгістравана больш за 15 выпадкаў знікнення людзей у лесе. За кожным — напружаная, зладжаная работа дзясяткаў людзей, тэхнікі і службаў.

Жыццёвыя правілы
Іх выконвать трэба, каб не стаць героем трывожнай зводкі. Паведаміце блізкім, куды пойдзеце і калі плануеце вярнуцца. Вазьміце з сабой компас, нож, ваду, ежу, аптэчку, зараджаны тэлефон. Выбірайце зручнае, непрамакальнае адзенне і абутак. Ужо будучы ў лесе, вывучыце мясцовасць, калі маецца карта, то адзначце арыенціры — рэкі, прасекі, лініі электраперадач. Рухайцеся па сцежках, пакідайце пазнакі. Арыентавацца неабходна па компасе, калі ж яго няма, то зрабіць гэта вы можаце па сонцы, а таксама моху на дрэвах, які звычайна расце з паўночнага боку. Таксама старайцеся не сыходзіць са сцежак і дарог, ісці ўздоўж іх. Калі яны ёсць, то хутчэй за ўсё прывядуць да людзей.

Калі ўсё ж заблудзіліся, галоўнае — не панікаваць. Спыніцеся, зрабіце некалькі глыбокіх удыхаў, выпіце вады, агледзьцеся. Паспрабуйце вызначыць сваё месцазнаходжанне. Падайце сігналы голасам або свістком і заставайцеся на месцы. У гэты момант варта прыслухацца да гукаў: у лесе брэх сабак чутны за два кіламетры, шум трактара — за тры, цягнік — за дзесяць. Калі ж не ўдалося выбрацца з ляснога масіву да ночы, то ў гэты час лепш застацца на месцы да раніцы. У барацьбе з холадам можа дапамагчы ліст газеты або лістота, змешчаныя пад адзенне, яны паменшаць цеплааддачу. Арганізуючы начлег, паклапаціцеся, каб людзі, якія будуць вас шукаюць, не прайшлі міма, павесьце на кусты кепку, насавую хустачку або ліст паперы, абламіце галінкі, каб прыцягнуць увагу. Апроч гэтага, развядзіце вогнішча на якім-небудзь высокім месцы, зблізку вялікага дрэва і кладзіцеся тварам да яго.

Як збіраць грыбы
— Калі ўсё рабіць акуратна, то метад збору, зразанне або выкручванне не ўплывае на будучы ўраджай. Частка пладовага цела надзейна абаронена, і пашкодзіць яе пры зборы практычна немагчыма. Спосаб залежыць ад выгляду грыба: трубчастыя — баравікі, чырвонагаловікі, падбярозавікі зручна выкручваць, сыраежкі і лісічкі лепш зразаць нажом, каб не рассыпаліся. Шчыльныя грыбы можна разварушыць і выцягнуць за ножку, ломкія — акуратна зразаць унізе. Галоўнае — не цягнуць грыб уверх, не паглыбляцца ў зямлю, не разграбаць лясную подсцілку, не вырываць мох, — адзначае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Гарус.

У адпаведнасці з ч. 1 артыкула 44 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзяне маюць права свабодна наведваць лясы і без дазвольных дакументаў бясплатна ажыццяўляць збор дзікарослых ягад і грыбоў.

Калі растуць і якія
— Для ўраджайнага грыбнога года патрэбныя цяпло і вільгаць. Рэгулярныя дажджы насычаюць глебу, умеранае цяпло ад +10 да +25 °C актывізуе грыбніцу, а стабільнае надвор’е без рэзкіх перападаў дае грыбам час вырасці. У Пружанскім раёне пераважаюць розныя віды гэтых лясных дароў. Напрыклад, на тэрыторыі Гарадзечненскага, Бярозаўскага і Пружанскага лясніцтваў шмат лісічак, а ў Ружанскім і Лыскаўскім нярэдка можна сустрэць і баравікі. Што ж тычыцца саміх збіральнікаў лясных дароў, то абуральных выпадкаў, звязаных з імі на тэрыторыі нашага ляснога фонду, зафіксавана не было. Аднак некаторыя пасля сябе пакідаюць смецце, што таксама кепска. Хочацца ўсё ж такі, каб стаўленне да прыроды было ўважлівым, — падкрэслівае галоўны ляснічы Пружанскага лясгаса Дзмітрый Козел.

Ціхае паляванне — гэта не проста збор грыбоў, а сустрэча з прыродай і яе прыгажосцю. І калі вы ідзяце ў лес – ідзіце не толькі за дарамі, але і за цішынёй, спакоем і падзякай. Тады і зялёнае багацце адкрыецца вам па-сапраўднаму.

Руслан Басак. Фота ўзята з інтэрнэт-рэсурсаў