
Кожны куточак нашай беларускай зямлі мае сваё мінулае, і не простае.
Колькі яшчэ таямніц нам невядома!
Сёння гаворка пойдзе пра маленькую вёску Стараволя. Калі праязджаеш на машыне па дарозе, то не задумваешся, што калісьці яна называлася вялікім гандлёвым трактам. Ён ішоў з Кракава ў Вільню, а ў вёсцы знаходзіліся вартаўнікі гандлёвага шляху. Па правы бок была невялікая вёсачка, а па левы (на месцы былой пажаркі і ледзь бліжэй) стаялі два млыны, раслі велізарныя елкі. І менавіта гэтае месца калісьці абрала сям’я арыстакратаў Жукоўскіх для пабудовы маленькай утульнай сядзібы. У Стараволі правёў свае юнацкія гады мастак-пейзажыст Станіслаў Юльянавіч Жукоўскі. Тут былі напісаны многія карціны, якія выстаўляліся ў сусветных галерэях.
Дык што ж засталося ад сядзібы? Многія скажуць, што нічога. Не, адкажу я, засталіся ўспаміны ў карцінах і на зямлі. У канцы вёскі ёсць невялікая алея велізарных дрэў, якая некалі вяла да самой сядзібы, невялічкія вадаёмы. Такім чынам, пан Жукоўскі спрабаваў асушваць мясцовасць у вёсцы, каб вада падчас павадку не падступала да хат. А яшчэ гэтыя вадасховішчы служылі ў засушлівы год для арашэння палёў і для падарожнікаў, каб напаіць сваіх коней. На месцы, дзе стаяла сама сядзіба, кожны год можна назіраць, як зямля выштурхвае кавалкі старой чырвонай цэглы і тынкоўку. Засталося тут таксама зусім маленькае азярцо з астраўком.
За гэтым месцам з любоўю і трапятаннем ужо шмат гадоў, нягледзячы на свой узрост і слабае здароўе, сочыць выдатная жанчына, у мінулым настаўніца, Яўгенія Сцяпанаўна Залеўская. Гэтая маленькая, ветлівая жанчына з іскрыстымі вачамі з трапятаннем захоўвае гісторыю месца. Менавіта яе дом стаіць там жа, дзе знаходзілася сядзіба Жукоўскіх.
Часы мяняюцца, расце новае пакаленне і мала хто ведае ў Стараволі, што гэтай гістарычнай спадчыне сёлета спаўняецца 488 гадоў. Я вельмі рада, што змагла па крупінках старых картаў разгледзець і аднавіць гісторыю жыцця вёскі. І вядома ж, кожны год мы з дзецьмі ездзім на экскурсію і візуалізуем у думках тыя далёкія часы. Гэта мы робім з удзельнікамі гуртка па інтарэсах «Ты не адзін». Аднойчы, вяртаючыся з паходу, адзін з удзельнікаў усю дарогу маўчаў. Калі яго спытала: «Ты ўражаны, было цікава?». Ён адказаў: «Так, вельмі». І гэта самая вялікая ацэнка маёй працы як культработніка. Бо ў дзецях наша будучыня. Хто любіць сваю зямлю, шануе ўсё, што акружае, вырасце годным грамадзянінам нашай краіны. Гэта самае галоўнае — быць чалавекам. Неяк усе заўважылі, што няма больш такога месца, дзе жыве так шмат буслоў, толькі ў Стараволі. Любяць буслы гэтую вёсачку. Значыць, у ёй жывуць добрыя людзі. А на наступны год падрасце новае пакаленне, і мы вернемся туды, куды хочацца вяртацца зноў і зноў.
Наталля Дарошчанка,
загадчыца Старавольскага сельскага клуба-бібліятэкі
НА ЗДЫМКУ: Яўгенія Сцяпанаўна Залеўская расказвае гісторыю вёскі.