
Пружанскі палацык стаў аб’ектам пільнай увагі з боку Міністэрства культуры і ў рамках развіцця музейнай справы быў замацаваны за «Замкавым комплексам «Мір».
Напрыканцы лістапада дырэктар музея Аляксандр Лойка наведаў Пружаны разам з калегамі. У выніку была выпрацавана стратэгія далейшага супрацоўніцтва.

Першым крокам стала адкрыццё выставы «Погляд у мінулае: мода, стыль і прыгажосць» (з фондаў музея «Замкавы комплекс «Мір»). Экспазіцыя дазваляе перанесціся ў атмасферу XIX-пачатку XX стагоддзя, знаёміць з бытам прадстаўнікоў шляхты і са светам бальных і паўсядзённых аксесуараў. Яна падзелена на чатыры тэматычныя блокі: «Будуар», «Сцяжок за сцяжком» (рукадзелле), «Мужчынскі кабінет», «Жыццёвы ўклад» (прагулкі, візіты, чаяванне, баль).
Багацце калекцый прадстаўлена бісернымі і карункавымі вырабамі, наборамі для рукадзелля, аксесуарамі для курэння, прадметамі, якімі дамы і кавалеры карысталіся ў тэатры, на балях, у час чаявання, а таксама бралі з сабой, выходзячы на прагулку.
Цікавымі фактамі і гісторыямі падчас першай экскурсіі падзялілася навуковы супрацоўнік Мірскага замка Наталля Кавалевіч. Так у «Будуары» сярод жаночых туалетных прылад прыцягвае ўвагу двайны флакон з сіняга шкла для водару і нюхальнай солі. У другой палове XIX стагоддзя такія флаконы былі неабходнымі прадметамі для жанчыны, бо дамы тады неміласэрна шнуравалі стан у гарсэт, даводзячы ахоп таліі да 48 сантыметраў, з-за чаго часта гублялі прытомнасць.
Наведвальнікі выставы таксама могуць даведацца:
— якім быў мужчынскі кабінет XIX стагоддзя;
— якія аксесуары падкрэслівалі статус у грамадстве;
— як праходзіла чаяванне ў дваранскім доме і шмат іншага.
Выстава будзе працаваць да 7 верасня.
Не прапусціце магчымасць акунуцца ў атмасферу даўніны!
Крысціна Асіпчук
Фота аўтара