Воскресенье, 12 октября 2025

Сфера культуры шматгранная і ўмяшчае ў сабе мноства розных спецыяльнасцей, але ўсіх аб’яднае любоў да мастацтва, вернасць прафесіі. І толькі такія людзі могуць знайсці водгук у душы кожнага, таму што адораны талентам, валодаюць майстэрствам і вызначаюцца неверагоднай адданасцю сваёй справе

75

Менавіта гэтыя людзі працуюць у сферы культуры Пружаншчыны. Сярод іх — героі гэтай старонкі.

«Авацыі — гэта «дзякуй» ад гледачоў»

Жанна Вахновіч, выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы

Некалі Жанна Фёдараўна сама была вучаніцай Пружанскай музычнай школы, дзе вывучала азы ігры на баяне ад Івана Іванавіча Гвоздзіка. Настаўнік прывіў настолькі трывалую любоў да музыкі, што дзяўчына вырашыла абраць сабе такую ж спецыяльнасць, паступіўшы ў Брэсцкае музычнае вучылішча.

Цяпер яе працоўны стаж налічвае ўжо 35 гадоў. За мінулы час Жанна Фёдараўна падрыхтавала нямала вучняў, шэрагу з якіх, па прыкладзе свайго настаўніка, здолела перадаць сваю любоў да мастацтва, арыентаваўшы на ўжо прафесійны выбар. І зараз у розных гарадах і мястэчках Беларусі працуюць яе выпускнікі, нясуць культуру грамадству або таксама вучаць дзяцей.

Але гэта толькі адна грань творчасці Жанны Вахновіч. Год таму яна стала кіраўніком народнага аркестра народных інструментаў ДШМ імя Р. Шырмы, які больш за паўстагоддзя таму быў створаны знакамітай на Пружаншчыне Іраідай Вітальеўнай Багамолавай. Нягледзячы на такі «важкі» ўзрост, калектыў застаецца запатрабаваным у гледачоў, нярэдка выступае на многіх масавых мерапрыемствах. Музыкі здзіўляюць аўдыторыю пастаяннымі навінкамі з народнага рэпертуару, эстраднымі і прысвечанымі ваеннай тэматыцы творамі. А яшчэ сольныя суправаджэнні, у прыватнасці, нядаўнія выступленні сумесна з Аляксандрам Котавым і іншымі майстрамі ігры на інструментах. І гэта пацвярджае «водгук залы» ў выглядзе апладысментаў. Таму музыкі заўсёды заклікаюць гледачоў не шкадаваць далоняў, а такім чынам выказваць сваю прыхільнасць да мастацтва.

«Патрыятызм непарыўна звязаны з гісторыяй»

Дзмітрый Шульга, навуковы супрацоўнік музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

На думку Дзмітрыя Іванавіча, гісторыя — яшчэ адна грань культуры, а поруч яны выступаюць нязломным падмуркам для патрыятызму.

— Ведаць гісторыю сваёй малой радзімы — значыць любіць яе, паважаць і захоўваць, — менавіта з такой высновы для Дзмітрыя Шульгі пачаўся прафесійны шлях у цяперашнюю прафесію. Яшчэ падчас вучобы ў Кляпацкай школе ён адкрыў для сябе гэту ісціну. А потым развіў яе да вучобы ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна і працягвае падтрымліваць на працы ў музеі-сядзібе.

Як сцвярджае навуковы супрацоўнік Пружанскага палацыка, ніякіх высілкаў для такой высновы не патрабуецца. Проста трэба пачаць вывучаць жыццё малой радзімы, не пакідаючы па-за ўвагай дробязяў. Так ён працаваў над сваім першым гістарычным артыкулам пра гісторыю роднага аграгарадка Клепачы, які першым з’явіўся ў «раёнцы» і атрымаў шырокі рэзананс сярод землякоў аўтара. Больш за паўгода ён збіраў па крупінках розныя звесткі, адкрываў забытае, знаходзіў самае цікавае.

Так жа Дзмітрый Шульга працуе і з экскурсіямі, якія часта наведваюць палацык. Хаця толькі «дасведчанага» падыходу для камунікацыі з гасцямі недастаткова. Так, здзіўляць невядомым трэба, але і без гумару ўвагу экскурсантаў не затрымаць, будаваць размову трэба так, каб наведванне музея запоўнілася надоўга. У выніку гіду даводзіцца спалучаць розныя спосабы зносін. Што потым адбіваецца «аганьком у вачах» слухачоў. І пэўным спадзяваннем, што творца зрабіў чарговы ўклад у агульны рост як культурнага выхавання, так і патрыятычнага.

«Сцэна з сапраўдным цунамі эмоцый»

Кацярына Цяжолава, работніца раённага цэнтра культуры

Усе жыхары раёна ведаюць Кацярыну Уладзіміраўну як выдатную спявачку, якая выступае амаль на ўсіх масавых мерапрыемствах. Яшчэ ў маленькім узросце яна пачала пакараць «падмосткі» ружанскіх клубаў. Паступова ў дадатак да прыроднага таленту авалодала пад кіраўніцтвам Аляксандра Барысевіча даволі няпростай вакальнай навукай. Атрыманае ў дзяцінстве потым яна адшліфавала падчас вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў.

Трыа «КаТаНа» (Кацярына Цяжолава крайняя злева)

Аднак у Кацярыны Цяжолавай ёсць і другая іпастась, у якой яна кіруе двума аматарскімі калектывамі — вакальным гуртом «Жамчужыны» і трыа «КаТаНа». Дарэчы, назва другога гурта пішацца менавіта так, таму што ніякага дачынення да Японіі не мае, а створана з першых складоў імён удзельніц — Кацярыны, Таццяны і Наталлі. Так-так, Кацярына Уладзіміраўна таксама спявае ў сваіх гуртах, хай і не як салістка, але заўважны завадатар імпэту. А інакш і быць не можа, таму што кожнае выступленне прадумваецца да дробязяў. Нават сцэнічныя касцюмы скрупулёзна падбіраюцца, згодна з рэпертуарам. І рыхтуюцца ўборы самімі ўдзельніцамі, у выніку атрымліваецца сапраўдная гармонія з аўдыё і візуальным спалучэннем. Гэта таксама спрыяе росту папулярнасці названых калектываў.

Ці пажадала б Кацярына Уладзіміраўна па магчымасці змяніць свой лёс? Ні ў якім разе, больш таго, раіць усім, у каго прырода заклала хаця б іскрынку таленту, развіваць яго. Таму што, як зазначае творца, «сцэна — гэта неверагоднае, нічым не стрыманае цунамі эмоцый, якіх больш нідзе ў жыцці не знойдзеш».