Воскресенье, 5 октября 2025

Мудрасць і традыцыі — багацце народа. Пад такой назвай у рамках акцыі «Павага. Клопат. Адказнасць», прымеркаванай да Дня пажылых людзей, у холе раённага Палаца культуры прайшоў рэгіянальны агляд-конкурс «Ветэранскія дажынкі».

289

Гэтыя людзі — наша жывая гісторыя, моцная апора і наш гонар. Іх рукі расцілі хлеб, будавалі гарады, пракладвалі новы шлях у будучыню. Іх сэрцы вынеслі ўсе нягоды мінулага, а мудрасць, вопыт і сумленне для нас і сёння служаць пуцяводнай зоркай.

У гэты святочны дзень Палац культуры расчыніў свае дзверы, каб падарыць нашым дарагім ветэранам, прадстаўнікам «залатога ўзросту» сапраўднае свята душы — вечар, напоўнены шчырай увагай, цяплом і прызнаннем.

Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей розных узростаў, садзейнічаюць захаванню і папулярызацыі лепшых традыцый сельскай працы і народнай культуры, умацаванню сувязі пакаленняў, падтрымцы сацыяльнай актыўнасці грамадзян старэйшага ўзросту, павышэнню іх грамадскага прэстыжу і ўдзячнасці за ўклад у развіццё роднага краю.

Святочная атмасфера захліснула гасцей прама на ўваходзе. Багатая палітра колераў, апетытны пах прыгатаваных страў, арыгінальны падыход падачы матэрыялу спрыяў узнёсламу настрою. Агляд-конкурс праходзіў у фармаце выставы сельскагаспадарчай прадукцыі, якая адлюстроўвала традыцыі і багацце роднага краю. Шэсць каманд-удзельніц адказна падышлі да падрыхтоўкі святочнага пралога. Кожная афармляла сваю ўнікальную выставачную зону, на якой былі прадстаўлены дары восені: ураджай садавіны, агародніны, ягад, грыбоў, а таксама вырабы хатняй гаспадаркі, прыгатаваныя сваімі рукамі: разнастайныя «саленні», варэнні, нарыхтоўкі… Вочы «разбягаліся» ад такога багацця.

Кожная экспазіцыя адрознівалася выразным сродкам з выкарыстаннем дэкаратыўна-прыкладных работ: вышыўка, пляценне, вырабы з прыродных матэрыялаў, нацыянальных страў, элементаў сельскага побыту і народнага каларыту.

Падчас абходу выставачных зон членамі журы каманды мелі магчымасць коратка прэзентаваць сябе ў розных формах з выкарыстаннем спеваў, вершаў, прыпевак. Згодна з рэгламентам, каб уразіць паважаных суддзяў, прадстаўленне доўжылася не больш за шасці мінут. Гэтага было дастаткова, каб ярка і маляўніча заявіць аб сабе і паказаць, хто на што здатны.

Пасля азнаямлення з творчымі прэзентацыямі і дэгустацыяй страў журы адправілася на падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу. Цырымонія ўзнагароджання адбылася на сцэне ў другой палове мерапрыемства.

Гэтае свята стала выдатнай метафарай для ўшанавання людзей, якія сабралі багаты ўраджай не толькі на сваім падворку, але і жыццёвага вопыту.

У шасці намінацыях пераможцамі сталі ўсе 6 каманд-удзельніц, бо кожная з іх паказала свае асобныя таленты, неверагодны запал, камандны дух і любоў да жыцця. А гэта дарагога каштуе!

Д«Эстэтыка і гармонія» — каманда хору «Чырвоны гваздзік» раённага цэнтра культуры; Д«Захавальнікі традыцый» — каманда савета ветэранаў г. Пружаны творчага клуба «Нам гады не бяда»; Д«Шчодрасць ураджаю» — каманда клуба «Радасць зносін» г.п. Шарашэва ТЦСАН; Д«Крэатыўны падыход» — каманда аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН; Д«Майстры слоічных цудаў» — каманда гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Жаночая майстэрня» філіяла «Мураўскі сельскі Дом культуры»; Д«Кулінарная фантазія» — каманда Пружанскага раённага савета ветэранаў.

Такі падыход дазволіў падкрэсліць унікальнасць кожнага калектыву і адзначыць, што ў творчасці, як і ў жыцці пенсіянераў, няма слабейшых, а ёсць толькі тыя, хто адказна ставіцца да любой справы, дзеліцца сваім вопытам і мудрасцю з іншымі.

Атмасфера ў зале панавала па-сапраўднаму сямейная, цёплая і ўрачыстая. Са сцэны ў гэты дзень гучалі толькі добрыя словы і самыя шчырыя пажаданні. Звяртаючыся да герояў свята, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец адзначыў іх велізарны ўклад у развіццё рэгіёна, падзякаваў за шматгадовую працу і тую моцную жыццёвую аснову, якую яны заклалі для маладога пакалення.

Цудоўным падарункам для ўсіх прысутных сталі яркія музычныя нумары. Творчыя калектывы Палаца культуры, удзельнікі і кіраўнікі клубаў ТЦСАН падрыхтавалі сапраўдны калейдаскоп знаёмых песень, гледачы падпявалі разам з артыстамі.

Дарагія нашы ветэраны, прадстаўнікі «залатога ўзросту»! Жадаем вам, каб сэрцы заўсёды напаўняліся цяплом, а душа заставалася энергічнай і маладой. Моцнага вам здароўя, бадзёрасці духу і ўвагі самых блізкіх людзей. Няхай кожны ваш дзень будзе асветлены промнямі клопату і павагі, а ў душы заўсёды гучыць цудоўная музыка, якая дорыць радасць, надзею і любоў. Дзякуй вам за мудрасць і вашу неацэнную прысутнасць у нашым жыцці!

Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік