Аграгарадок Шані на адзін дзень стаў сэрцам сельскагаспадарчага жыцця раёна, гасцінна расчыніўшы дзверы для ўдзельнікаў і гасцей раённых «Дажынак-2025».

Водар свежага хлеба, песні, танцы і ўсмешкі радасці — усё гэта напоўніла вуліцы аграгарадка Шані, ператварыўшы яго ў эпіцэнтр сельскагаспадарчага жыцця Пружаншчыны.
Раённы фестываль-кірмаш разгарнуўся шматлікімі гандлёвымі радамі і забаўляльнымі пляцоўкамі для дзяцей. Свята прапанавала гасцям не толькі шырокі выбар сельгаспрадукцыі, але і мноства цікавых забаў для ўсёй сям’і.




Аграгарадок Шані папрыгажэў. Кідалася ў вочы, што работа тут праведзена немалая: звычайная чысціня яшчэ больш стала бачна на фоне прыгожых платоў, дагледжаных газонаў, цікавых муралаў.
Непасрэдна святочныя мерапрыемствы пачаліся апоўдні з агляду падворкаў, якія традыцыйна ўразілі сваім афармленнем і гасціннасцю, крэатывам і шчодрасцю. Кожная гаспадарка імкнулася здзівіць не толькі багаццем дароў зямлі, але і арыгінальным афармленнем. Здавалася, што кожны куток напоўнены любоўю і жаданнем падзяліцца ёй з іншымі. Пышныя пачастункі, вясёлая музыка, прыгожыя дэкарацыі — тут было ўсё, каб адчуць сябе як дома.
На другім баку вуліцы разгарнулася сапраўдная галерэя ў золаце і бронзе — выстаўка конкурсных снапоў і караваяў «Спявае колас хлебу песню».

Караваі нагадвалі сапраўдныя шэдэўры. Каласкі, кветкі і ягады ўпрыгожвалі іх, ствараючы цудоўныя скульптурныя кампазіцыі. А побач стаялі снапы — сімвалы нялёгкай працы, багатага ўраджаю і дабрабыту.

Інтрыга трымалася да апошняга моманту, але нарэшце імёны пераможцаў былі аб’яўлены. ААТ «Жураўлінае» сваім караваем і падворкам заваявала сэрцы журы і заслужана атрымала першае месца. А гаспадары ААТ «Шані-аграпрадукт» з гонарам прынялі першае месца за самы прыгожы сноп.


Фотавыстава «Адданыя роднай зямлі» з пранікнёнымі партрэтамі людзей, якія прысвяцілі сябе працы ў сельскай гаспадарцы, выклікала шчыры водгук у сэрцах наведвальнікаў. Асабліва прыемна было бачыць, як перадавікі вытворчасці з задавальненнем разглядалі здымкі, пазнаючы сябе і сваіх калег.
Віншаванне лепшых аграрыяў пачалося з урачыстага шэсця дэлегацый сельгаспрадпрыемстваў і перадавікоў. Прадстаўнікі арганізацый на чале з кіраўнікамі сваімі ўсмешкамі сведчылі пра радасць ад добрага ўраджаю і шчырага свята.

Затым намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Віталь Рудзь адкрыў свята. Ён уручыў узнагароды і зачытаў віншаванне ад імя старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Пятра Пархомчыка. Адзначыўшы важнасць працы хлебаробаў, Віталь Анатольевіч пажадаў усім моцнага здароўя, дастатку і новых працоўных поспехаў.

Далей з прывітальным словам звярнуўся да ўсіх прысутных старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Ён адзначыў, што захаванне традыцый, граматная расстаноўка прыярытэтаў, а таксама ўкараненне сучасных тэхналогій дапамогуць раёну і ў далейшым паспяхова вырашаць важныя задачы, якія стаяць перад аграпрамысловым комплексам.

Звяртаючыся да герояў свята, Міхаіл Міхайлавіч сказаў:
— Дарагія хлебаробы! У гэты святочны дзень я дзякую вам за добрасумленную працу і любоў да роднай зямлі. Упэўнены, што адданасць прафесіі і адказнае стаўленне да справы дазволяць Пружаншчыне дасягнуць выдатных вынікаў, а наш ураджай будзе толькі расці. Віншую ўсіх са святам «Дажынкі»! Жадаю моцнага здароўя, поспехаў, дабрабыту ў кожным доме. Нізкі ўсім паклон за хлебны каравай. Няхай будзе жытніца наша залатой, а неба — мірным. Дзякуй за працу!
Пачалася цырымонія ўзнагароджання лепшых хлебаробаў.
Падчас урачыстасці ганаровым госцем быў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Наркевіч.
Адкрываючы сваё выступленне, Юрый Іосіфавіч пад-крэсліў:
— Хлеб — усяму галава! Нездарма гэтая народная мудрасць праз стагоддзі данесла да нас разуменне важнасці працы хлебароба. І сёння, гледзячы на пружанскую зямлю, якая першай на Брэстчыне дала сто тысяч тон збожжа, бачыш, як працавітыя і таленавітыя людзі ўвасабляюць гэтую мудрасць у жыццё.
Адзначаючы значныя дасягненні пружанскіх аграрыяў, дэпутат паведаміў, што паводле вынікаў веснавой рэалізацыі насення высокіх рэпрадукцый, першае месца ў вобласці заняло ААТ «Жураўлінае». Згодна з рашэннем Савета Рэспубліканскага аб’яднання «Белнасенне», медаль «За заслугі ў развіцці насенняводства» Юрый Іосіфавіч уручыў намесніку дырэктара па раслінаводстве ААТ «Жураўлінае» Паўлу Чэчку.

Апладысменты гучалі і ў адрас заслужаных работнікаў сельскай гаспадаркі, ганаровых грамадзян Пружанскага раёна, якія маюць дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь: Мікалая Сцяпанавіча Жогала, Пятра Мікалаевіча Білецкага і Васілія Іванавіча Сарокі.

Важным момантам свята стала ўзнагароджанне пераможцаў раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, якое правёў старшыня райвыканкама Мі-хаіл Грышкевіч. Дыпломы атрымалі: дырэктар ААТ «Жураў-лінае» Аляксандр Пішч, гаспадарка якога заняла першае месца, дырэктар ААТ «Ружаны-Агра» Андрэй Босак, чыё прадпрыемства стала другім, дырэктар РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Уладзімір Цімошчанка, якому ўручылі ўзнагароду за трэцяе месца.
Таксама на свяце прысутнічаў старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Саланевіч. Ён уручыў ганаровыя граматы і падзякі ад Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза, адзначыўшы неацэнны ўклад працаўнікоў вёскі ў развіццё эканомікі вобласці.
Кульмінацыяй свята стала аб’яўленне старшынёй райвыканкама месца правядзення «Дажынак» у наступным годзе. Міхаіл Грышкевіч адзначыў, што гэты традыцыйны фэст будзе праводзіцца штогод, бо працаўнікі вёскі заслугоўваюць такога свята. І ў 2026 годзе гасцей будзе рада сустракаць гасцінная зямля ААТ «Агра-Калядзічы».

Атмасферу свята падтрымлівалі артысты Пружанскага Палаца культуры, шчодра даруючы гасцям свае лепшыя песні і яскравыя танцы. Канцэртная праграма «Па-суседску разам» працягвалася выступленнем Андрэя Усанава і гурта «Спадчына», гурта «Добрыя людзi», арт-групы «MEN’S QVATTRO». Дыскатэка «Radio Брэст» завяршыла святочны дзень на пазітыўнай ноце

Раённы фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2025» у аграгарадку Шані стаў яркай і запамінальнай падзеяй, якая аб’яднала жыхароў раёна і падарыла ім шмат станоўчых эмоцый. Свята стала сапраўдным прызнаннем заслуг тых, хто сваёй працай стварае багацце нашага краю.
Крысціна Асіпчук
Фота Кацярыны Масік