Понедельник, 6 октября 2025

Работнік лясной гаспадаркі Данііл Севасцьянчык — адзін з тых, хто абраў не адпачынак, а дапамогу роднаму краю

571

Кожнае лета на сельскагаспадарчых палях надыходзіць гарачая пара — уборачная кампанія, ад якой непасрэдна залежыць харчовая бяспека краіны. У гэты перыяд да аграрыяў далучаюцца людзі самых розных прафесій, каб унесці свой уклад у агульную справу. Работнік лясной гаспадаркі Данііл Севасцьянчык — адзін з тых, хто абраў не адпачынак, а дапамогу роднаму краю. Зусім нядаўна ў складзе экіпажа камбайна «GS 2124» ён намалаціў тысячу тон збожжа.

Па сваёй асноўнай рабоце Данііл Анатольевіч з’яўляецца ляснічым Міхалінскага лясніцтва Пружанскага лясгаса. З чацвёртага ліпеня, узяўшы заслужаны водпуск, ён вырашыў правесці яго не на адпачынку, а з карысцю — дапамагчы раёну, вобласці і краіне ва ўборцы ўраджаю.

— Ужо сёмы сезон раблю ў якасці памочніка камбайнера. Буду працаваць да шостага жніўня, а потым вярнуся да сваёй асноўнай работы. Прыемна, што магу дапамагчы амаль роднай гаспадарцы ААТ «Жураўлінае», бо нарадзіўся і вырас у аграгарадку Клепачы, — адзначае Данііл Севасцьянчык.

За гэтыя сем сезонаў малады чалавек не раз паказваў высокія вынікі. Напрыклад, летась разам з калегам яны намалацілі больш за тры тысячы тон збожжа. Сёлета хлопец працуе ў камандзе з камбайнерам Аляксандрам Кавелькам.

Аб дасягненні экіпажа хутка даведаліся і калегі па асноўнай рабоце Данііла. Павіншаваць з працоўным поспехам прыехалі генеральны дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Аляксандр Дзямідка і дырэктар Пружанскага лясгаса Віктар Карніенка, якія ўручылі яму каштоўныя падарункі.

Акрамя Данііла Севасцьянчыка, у жніве–2025 удзельнічаюць і яшчэ два работнікі лясгаса: вальшчык лесу Міхаіл Гайдук і інжынер па ахове лесу Іван Носель. Падзякаваць ім за гэты важны ўклад у харчовую бяспеку краіны прыехалі старшыня Брэсцкага абласнога прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Аксана Шамякова, галоўны ляснічы Дзмітрый Козел і старшыня прафсаюзнай арганізацыі лясгаса Наталля Кульба.
Радуе, што на Пружаншчыне жыве тое самае адзінства, калі людзі самых розных прафесій становяцца плячом да пляча дзеля агульнай мэты.

Руслан Басак

НА ЗДЫМКАХ: 1. Са значным поспехам Данііла Севасцьянчыка віншуе генеральны дырэктар Брэсцкага ДВЛГА Аляксандр Дзямідка. 2. Галоўны ляснічы Пружанскага лясгаса Дзмітрый Козел і старшыня абласнога прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Аксана Шамякова адзначылі ўклад Івана Носеля ва ўборачную кампанію 2025 года.
Фота прадастаўлена Пружанскім лясгасам