Воскресенье, 5 октября 2025

Прафесійнаму святу педагогаў была прысвечана ўрачыстая праграма ў Палацы культуры

70

Гэта прафесія параўнальная з працай ювеліра, толькі матэрыял куды каштоўней за золата і алмазы — дзіцячыя душы. Гэта прызванне, што не вымяраецца працоўнымі гадзінамі. Менавіта прафесійнаму святу педагогаў была прысвечана цёплая, шчырая і па-сапраўднаму ўрачыстая праграма ў Палацы культуры.

Пралогам мерапрыемства стала выстава-прэзентацыя педагогаў-умельцаў, чый бязмежны творчы патэнцыял і працавітыя рукі ў вольны ад урокаў час вырабляюць сапраўдныя цуды. Тут, у адной прасторы, сабраны дзіўныя работы, выкананыя ў самых розных тэхніках: ад цудоўных карцін з бісеру і масленага жывапісу да неверагоднай алмазнай мазаікі і ўтульных вязаных лялек. Нельга не захапляцца тым, як гэтым дзіўным людзям удаецца сумяшчаць педагагічную працу з такой глыбокай і разнапланавай творчасцю.

У глядзельнай зале сабраліся ганаровыя госці, ветэраны педагагічнай працы, кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі Пружанскага раёна. Менавіта яны закладваюць нам з дзяцінства неабходныя веды, натхненне, матывацыю, жаданне ставіць мэты і ісці да іх. Цёплыя і добрыя словы віншаванняў да ўсіх прысутных выказаў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, а таксама ўручыў граматы і лісты падзякі райвыканкама лепшым педагогам раёна.

— Усе мы выдатна разумеем, што настаўнік Беларусі — гэта асаблівая прафесія. Гэта выхавальнік, старэйшы таварыш і надзейны сябар, на плячах якога ляжыць вялікі цяжар адказнасці. І ўсё-такі не проста прафесія — гэта лёс, выбар сэрца і шлях, па якім ідуць моцныя духам і шчодрыя душой, — падкрэсліў Руслан Васільевіч.

Эстафету віншаванняў падхапіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Ён адзначыў, што сістэма адукацыі — гэта гонар раёна, а дасягненні вучняў на ўсіх узроўнях — лепшая ацэнка работы педагогаў.

Словы глыбокай удзячнасці прагучалі і ад начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандра Момліка. Ён, як ніхто іншы, добра ведае пра ўсе імкненні, задачы і перамогі сучаснай школы.

Старшыня раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў адукацыі і навукі Ірына Казарэз пажадала педагогам простага чалавечага шчасця, моцнага здароўя, энергіі і дабрабыту ў сем’ях. Усе цёплыя словы віншаванняў гарманічна перапляталіся з творчымі падарункамі. Пранікнёныя песні, запальныя танцавальныя нумары і кранальныя відэа-ролікі стваралі ў зале непаўторную, душэўную атмасферу. А завяршыўся гэты цудоўны вечар яркім і дынамічным выступленнем лідскага эстраднага аркестра.

Нізкі паклон вам, дарагія педагогі! Ад усёй душы жадаем вам цярпення, невычэрпнай энергіі і аптымізму. Няхай у вашым жыцці будзе як мага больш нагод для ўсмешак, а заслужаныя поспехі і перамогі вашых выхаванцаў дораць вам сілы і натхненне для новых здзяйсненняў!

Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік