Воскресенье, 5 октября 2025

На мінулым тыдні ў Пружанах адбыўся рэспубліканскі прававы прыём грамадзян з удзелам галоўнага прававога інспектара працы Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюзаў работнікаў аховы здароўя Сяргея Пасталюка

196

Такую форму работы прафсаюзы практыкуюць з сакавіка 2015 года. Больш за сотню прававых інспектараў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі аказваюць бясплатную юрыдычную дапамогу ўсім жадаючым грамадзянам. Прыёмы праходзяць кожны апошні чацвер месяца непасрэдна ў арганізацыях, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёнаў і гарадоў.

Першай лакацыяй стала Пружанская ЦРБ. Медыкаў цікавілі пытанні, якія тычацца працоўнага заканадаўства: аплата працы за начныя змены, арганізацыя графіка работы з улікам складанасці, аб парадку ўмоў звальнення па кантрактнай форме найму і працоўнай дамовы на нявызначаны тэрмін.

Усім, хто звярнуўся, дадзены тлумачэнні і рэкамендацыі непасрэдна падчас кансультацыі, у асобных выпадках аказана дапамога ў складанні працэсуальных дакументаў. Такія сустрэчы яшчэ раз даказваюць, што папулярнасць прафсаюзных прававых прыёмаў з году ў год узрастае, асабліва гэта датычыцца невялікіх райцэнтраў. Работніку не даводзіцца ехаць у вобласць, каб вырашыць спрэчнае пытанне і атрымаць кваліфікаваную кансультацыю юрыста.

Працягнулася сустрэча з грамадзянамі ў Палацы культуры. Аналіз зместу зваротаў яшчэ раз паказаў, што асноўная маса пытанняў датычыцца менавіта працоўнай дзейнасці і ўсіх нюансаў, звязаных з адпачынкам, прыёмам і звальненнем, адпрацоўкай дыплома, водпускам па доглядзе за дзіцяці. Другімі па актуальнасці былі пытанні прымянення жыллёвага заканадаўства. Іх часта задаюць маладыя спецыялісты, якія прыбылі на першае месца працы па размеркаванні. На трэцім — пытанні пенсійнага права: аб парадку і ўмовах прызначэння пенсіі за выслугу гадоў, падаўжэння кантракта, аплаты бальнічных і іншыя.

З лістапада 2017 года падчас прававых прыёмаў да прафсаюзных юрыстаў далучыліся супрацоўнікі органаў пракуратуры. Як паказала практыка, такая сумесная работа дае магчымасць найбольш якасна і эфектыўна рэагаваць і вырашаць праблемныя пытанні, з якімі звяртаюцца грамадзяне. У складаных выпадках гэта дае магчымасць на месцы прапрацаваць план далейшых дзеянняў па абароне правоў работнікаў.

Ірына Велясевіч. Фота аўтара