У нядзелю, 20 кастрычніка, споўнілася 85 гадоў з моманту выхаду першага нумара раённай газеты, а ўжо сёння мы прымалі віншаванні ад кіраўніцтва Пружаншчыны і раённай арганізацыі РГА «Белая Русь».
Віншаваў наш калектыў з юбілеем выдання намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч.
– Мы разам робім вялікую справу па асвеце нашага народа, па запаўненні інфармацыйнага вакууму. Значнасць «Раённых будняў» нельга пераацаніць. «Раёнка» заўсёды была, ёсць і будзе сапраўднай газетай для народа, якая даносіць, у першую чаргу, тое, што народ жадае ведаць, – падкрэсліў Руслан Васільевіч.

Ён жа ўручыў нашым калегам заслужаныя ўзнагароды. Ганаровай граматай Пружанскага раённага Савета дэпутатаў за высокі прафесіяналізм у падрыхтоўцы матэрыялаў, вялікі вопыт работы ў раённай газеце і ў сувязі з 85-годдзем раённай газеты «Раённыя будні» ўзнагароджаны выконваючы абавязкі адказнага сакратара Алег Сідарэнка.


Пісьмом падзякі Пружанскага раённага выканаўчага камітэта адзначаны фотакарэспандэнт Кацярына Масік і загадчык аддзела вэб-інфармацыі Уладзіслаў Шпарла.
Цёплыя словы прагучалі ад старшыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Таццяны Кашкан.
– Вас паважаюць, вас любяць, вас шануюць. Я асабіста адношуся да вас з вялікай любоўю. Дай Вам Бог здароўя моцнага, шчасця, міра, дабрыні, спаўнення асабістых і службовых жаданняў, – адзначыла Таццяна Канстанцінаўна.

Яна ўручыла пярвічнай арганізацыі РГА «Белая Русь» Установы «Рэдакцыя Пружанскай раённай газеты «Раённыя будні» і яе старшыні, галоўнаму рэдактару Віктару Ільюшчанку, Падзяку за праяўленую ініцыятыву, актыўную грамадзянскую пазіцыю, удзел у правядзенні грамадска-палітычных акцый, мерапрыемстваў, якія маюць важнае значэнне для развіцця Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».
А яшчэ старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» завітала ў рэдакцыю з сапраўдным кандытарскім шэдэўрам – тортам, які таксама ўручылі калектыву. І мы шчыра дзякуем, бо было вельмі прыемна і смачна!

«Раённыя будні» пачалі свой новы, 86-ы год. Спадзяёмся, што ён будзе напоўнены яркімі падзеямі, а мы пастараемся напоўніць інфармацыйную прастору Пружаншчыны цікавымі артыкуламі, аператыўнымі навінамі і душэўнымі матэрыяламі пра нашых землякоў.
Уладзіслаў Шпарла
Фота Кацярыны Масік