Гісторыя з фатаграфіяй
Гэтая рубрыка пэўны час існавала ў нашай газеце, а потым неяк пра яе забыліся. Давайце паспрабуем аднавіць яе разам.
Дасылайце нам адметныя з вашага пункту гледжання фотаздымкі, якія маюць сваю гісторыю, на электронны адрас: RRBud2@brest.by.
На здымку, зробленым у 1915 годзе, Антон Ісідаравіч Шаблоўскі.
На жаль, вядома пра яго няшмат. Але дзякуючы яго праўнучцы Тамары Жарніцкай, якая цяпер жыве ў Брэсце, мы даведаліся, што да рэвалюцыі ён служыў у Маскве ў царскай арміі афіцэрам сувязі. Яго жонка Паліна Яфімаўна Бяляўская была дачкою фельчара бальніцы ў Сакольніках. Адразу пасля рэвалюцыі яны вырашылі вярнуцца на радзіму Шаблоўскага – у Пружаны, дзе купілі цагляны дом (ён і зараз стаіць – чырвоны будынак каля касцёла па вул.Савецкай).
Неўзабаве Антон Ісідаравіч быў запрошаны ў Прачысценскую царкву на пасаду рэгента-псаломшчыка, дзе доўгі час і працаваў – ажно да 1944 года. Як вы памятаеце, падчас вызвалення Пружан царква атрымала значныя пашкоджанні і больш не працавала, таму Шаблоўскі перайшоў у Свята-Аляксандра-Неўскі сабор.
Мы знайшлі і яго былую пеўчую. 90-гадовая жыхарка Пружанаў Вольга Аляксандраўна Мікулік у свой час таксама працавала рэгентам і лічыць Антона Ісідаравіча сваім галоўным настаўнікам. Яна распавяла, што ён сабраў выдатны шматгалосы хор, які славіўся на ўсю акругу, а ў самога яго быў абсалютны слых і вельмі прыгожы голас з аксамітным тэмбрам і шырокім дыяпазонам.
Увогуле, Антон Ісідаравіч быў жыццярадасным чалавекам, вялікім жартаўніком, які зараджаў сваім аптымізмам навакольных.
Падрыхтавала Алена ЗЯЛЕВІЧ.