Воскресенье, 5 октября 2025

І поўняцца засекі ў ААТ «Велікасельскае Агра»

526

Гарачая пара. У разуменні кожнага гэтае словазлучэнне можа мець розныя значэнні. Адны збіраюцца на курорты, каб адпачыць, пазагараць, узнавіць свае сілы, а можа, нават знайсці новых сяброў. Іншыя проста атрымліваюць асалоду ад сонца, а надвячоркамі ўдыхаюць прахалоднае паветра, слухаюць спевы птушак. А для нашых хлебаробаў цяпер самы час, каб сабраць годны ўраджай, праявіўшы ўсю сваю цярплівасць і паказаўшы руплівасць у працы, ашчаднасць да кожнага зярнятка. І сумнявацца не даводзіцца, што ўсё ў нас атрымаецца найлепшым чынам, калі справа даручана такім працавітым людзям, як, напрыклад, з ААТ «Велікасельскае Агра».

На гэтым тыдні ў чарговы раз наведаліся карэспандэнты «раёнкі» ў гаспадарку. Паміж аграгарадкамі Стараволя і Вялікае Сяло на, здаецца, бязмежным і такім залацістым палетку ў 190 га праводзілася ўборка піваварнага ячменю гатунку «бертэ», вырошчваннем якога ў нашым раёне займаецца ўсяго пяць гаспадарак. Культура патрабуе асаблівага догляду, таго ж унясення азотных угнаенняў, адпаведных хімпраполак. Але агранамічная служба ААТ «Велікасельскае Агра» складаецца з вопытных спецыялістаў, якія прымяняюць новыя падыходы да ўзроблівання глебы, выкарыстоўваюць інавацыйныя тэхналогіі пры вырошчванні сельгаскультур. Ураджайнасць пакуль — 47,5 ц/га. Ужо ўбралі 65% (план — 245 га) плошчаў піваварнага ячменю, і пры спрыяльным надвор’і да выхадных гэтая культура пэўна будзе ўбрана. Пасля чаго пройдзе дапрацоўку і ачыстку на КЗСе і будзе адвезена на склад. Ураджай увесь пойдзе ў рахунак дзяржзаказу.

Адразу за камбайнамі ідзе прасаванне саломы ў рулоны з наступнай вывазкай і складзіраваннем у сцірты. Такая вось зладжаная работа. Што можаш выканаць сёння, то не адкладвай на заўтра, бо можа і пагода сапсавацца, і згубіш проста час, які павінен быць заўсёды на тваім баку, асабліва падчас жніва. Зноў жа да кемлівасці работнікаў ААТ «Велікасельскае Агра». Што рабіць, калі валок саломы вельмі высокі і чапляе за агрэгаты трактара? Адказ просты: патрэбна спераду тэхнікі змайстраваць гідраўлічны каток, які і будзе яго прыціскаць да зямлі. Сказана — зроблена.

Перамяшчаемся за в. Бакуны, дзе таксама ідзе ўборка толькі ўжо насеннікаў шматгадовых злакавых траў. Плошча — 145 га, больш толькі ў ААТ «Жураўлінае» — 196 га. Тут работа праводзіцца па меры выспявання насення, абавязкова дасушка і дапрацоўка. Частка ўраджаю пойдзе на рэалізацыю, а нешта застанецца ў сельгаставарыстве, каб потым выкарыстаць падчас перазалужэння. Травы таксама падлягаюць старэнню, таму і трэба думаць пра іх узнаўленне. Адсюль жа і якасная кармавая база, і надоі малака на карову, якія з’яўляюцца ў ААТ «Велікасельскае Агра» самымі высокімі ў раёне. Значыць, працуюць у правільным накірунку, выбудоўваюць рэальную стратэгію развіцця гаспадаркі.

Так вось і працуюць нашы хлебаробы. Хоць і цяжка даводзіцца, але добра разумеюць людзі, што за іх гэтую работу ніхто не зробіць. Адным словам, хто, калі не мы?


Вадзім Раўнейка

На здымках:

  1. Уладзіслаў Таразевіч задзейнічаны на адвозцы насеннікаў траў. І хоць адпрацаваў у гаспадарцы нямнога, але ўсім задаволены на сто працэнтаў.
  2. Любой дапамозе будзе рады механізатар Яўген Яроменка, у тым ліку і слушнай парадзе галоўнага агранома Сяргея Капіцы.
  3. Жыць на працы ў жніво няпроста, але пачэсна. Таму і працуюць «да сёмага поту» камбайнер Аляксандр Дайнэка і старшы камбайнер Аляксандр Слабада.
    Фота Кацярыны Масік