Вторник, 30 сентября 2025

Дзень народнага адзінства з’яўляецца для нас адным з галоўных свят сучаснай Беларусі

443

Яшчэ раз нагадаем, што ідэя заснавання Дня народнага адзінства прагучала на VI Усебеларускім народным сходзе, які праходзіў пад лозунгам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць». Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка гэтую ідэю падтрымаў.


Чаму выбар паў менавіта на 17 верасня? Справа ў тым, што ў гэты дзень 1939 года Чырвоная армія пачала паход па вызваленні Заходняй Беларусі ад польскай акупацыі. У выніку адбылося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. Была адноўлена гістарычная справядлівасць — наш беларускі народ стаў адзіным і непадзельным. Пра гэта казаў у сваім звароце падчас урачыстага пасяджэння, якое прайшло ў Палацы культуры г. Пружаны, старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

Урачыстасці пачаліся з флэшмобу на плошчы Палаца культуры. У гэтым відовішчным прадстаўленні ўдзел прынялі выхаванцы спартыўных аддзяленняў дзіцячых юнацка-спартыўных школ. Адсутнасць лёду і канькоў не перашкодзіла нават маленькім фігурысткам паказаць сапраўднае мастацтва. Грацыя, тэхніка, дзіцячая непасрэднасць радавалі да слёз. Кіравала выступоўцамі харэограф аддзялення фігурнага катання ДЮСШ № 2 Таццяна Хадаровіч. Яна расказала мне, што ў працэсе падрыхтоўкі да гэтага зладжанага флэшмобу былі задзейнічаны многія супрацоўнікі спартыўных школ. Кіравала працэсам галоўны спецыяліст райвыканкама Вольга Клімук. На плошчы сваё майстэрства паказвалі яшчэ таэквандысты, хакеісты, футбалісты… Было маштабна, яскрава і захапляльна.


Затым свята прадоўжылася ў Палацы культуры. У фае размясціліся творчыя пляцоўкі ўстаноў адукацыі і дашкольнага выхавання. Мяне больш зацікавілі гістарычная экспазіцыя Ружанскай школы, яе прадстаўляла бібліятэкар, стваральнік школьнага музея Галіна Саўчанка, спявачкі і гарманіст з гімназіі, маленькія ваенныя з дзіцячага садка № 3, а таксама эрудыты з дзіцячага садка № 6.


На ўрачыстым пасяджэнні да прысутных з віншаваннямі і гістарычнымі фактамі звярнуўся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Затым Міхаіл Міхайлавіч уручыў узнагароды пераможцам раённага этапа рэспубліканскага маладзёжнага праекта «SuperПРОФІ». У намінацыі «Культура» перамагла рэжысёр раённага цэнтра культуры Дзіяна Крэтава, у намінацыі «Спорт і турызм» лідзіравала начальнік службы адміністратараў ААТ «Санаторый «Ружанскі» Кацярына Нашылава, у намінацыі «Аграпрамысловы комплекс» лепшай стала ветэрынарны ўрач ААТ «Пружанскі» Марыя Хоміч.


Сваё майстэрства гледачам падаравалі майстры
мастацтва нашага горада.
Віктар Ільюшчанка


Фота Кацярыны Масік