Понедельник, 6 октября 2025

Дапамога на жніве ад сям’і Бушко

597

Хто ж выхавае дзіця, як не бацькі!? На сваім прыкладзе пакажуць, што такое быць чалавекам слова, шчырым працаўніком, сапраўдным патрыётам сваёй Айчыны. Маці, напрыклад, навучыць дачку смачна гатаваць, рабіць дома ўборку, нават самой шыць прыгожыя ўборы. Бацька пакажа сыну, як правільна забіваць малатком цвік, каб рукі былі цэлыя, карыстацца дрылём, роўна адрэзваць тую ж дошку. Не важна, што не ўсё можа спатрэбіцца, галоўнае — падрыхтаваць да самастойнага жыцця. І вельмі добра гэта атрымліваецца ў сям’і Аляксандра і Ірыны Бушко з аг. Сухопаль.

Праязджаючы па населеным пункце, нават іх дом прыцягвае ўвагу, бо адмыслова аздоблены, нейкі нават казачны. Але гэта, зразумела, знешняя прыгажосць, якая не ўсё можа сказаць пра чалавека. Сапраўдным гонарам для таты з мамай з’яўляюцца сыны Дзмітрый, Ягор і Павел, якіх змаглі выхаваць правільна, каб не цураліся роднай хаты, былі ў любой сітуацыі проста людзьмі.

Канечне, для хлопцаў аўтарытэтам з’яўляецца больш бацька, калі ён — гаспадар слова і справы, а не пустаслоў. І тут дрэннага пра Аляксандра нічога не скажаш, бо ўмее рабіць усё, што патрэбна ў хатняй гаспадарцы. А для яго, у свой час, прыкладам быў бацька Уладзімір Віктаравіч, які аддаў працы на зямлі каля 40 гадоў жыцця, і дома ўсюды была бачна мужчынская рука. Ужо праўда, што «яблык ад яблыні недалёка падае».

Сыны не проста з’яўляюцца прадаўжальнікамі роду Бушкоў, яны і захапленні бацькі капіруюць. Аляксандр з малых гадоў пачаў захапляцца тэхнікай, з юнацтва ганяў на матацыкле. І на дадзены момант на падворку мае трактары «ЮМЗ-6» і «Беларус 80», а яшчэ на кожнага нашчадка легкавы аўтамабіль і матацыкл. Як вам такі расклад? Галоўнае, што ўсё даведзенае да толку, сядай і едзь. Так і хлопцы, і гайку прыкруцяць, і карбюратар настрояць, і паломку выправяць.


Вось і цяпер, падчас жніва, Ягор, навучэнец Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі, разам з бацькам (на здымку) удзельнічае ва ўборачнай кампаніі на камбайне «КЗС-1218» у ААТ «Роўбіцкае», так вось рука аб руку намалочваюць тоны. Старэйшы падкажа, параіць, малодшаму навука, як усё ж нялёгка дастаецца хлеб. А навучэнец Копыльскага дзяржаўнага каледжа Павел уладкаваўся слесарам у гэтую ж гаспадарку, займаецца абкошваннем тэрыторый. Любая работа не ганебная, калі ты сам так лічыш, калі яна прыносіць карысць табе і іншым. Пра Дзмітрыя мы не забылі, малады чалавек з 1 жніўня зойме сваё першае працоўнае месца — інжынера ў Белтэлекаме.

А па-за жнівом… Бацька працягне займацца індывідуальнай дзейнасцю, выплачваючы падатак на прафесійны даход. А сыны, хто працягне асвойваць прафесію, а каму давядзецца зноў грызці граніт навукі. Абы было здароўе і жаданне працаваць з запалам. Апошняга ў Бушкоў не адняць.


Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік