Пытанне даволі рытарычнае, але і на яго адказы ёсць. Калі ставіш сабе мэту, каб настрой быў сапсаваны, то так яно і будзе. А наогул, заняцце воднымі працэдурамі, плаваннем настрой толькі павышае, умацоўвае вынослівасць, надае сілы, загартоўвае волю, характар…
Паўтара дзясятка гадоў
Сёлета Пружанскаму Воднаму палацу спаўняецца 15 гадоў з дня яго адкрыцця. У 2010 годзе гэты спартыўны аб’ект гасцінна расчыніў свае дзверы на радасць пружанцаў і гасцей горада. Актыўнымі наведвальнікамі Воднага палаца сталі і жыхары бліжэйшых раёнаў, нават Брэста, Мінска. Гэта адно з любімых месцаў адпачынку многіх. Пацверджанне таму статыстыка, якую нам даў падчас гутаркі дырэктар спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву (СДЮШАР) № 2 Аляксандр Шаманаў.
Акрамя таго, любіцелі фітнэсу, настольнага тэнісу, більярду, саўны таксама змогуць тут знайсці адпачынак для душы і цела.
Ганаровым госцем палаца стаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, але было гэта пасля адкрыцця спартыўнага аб’екта. Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук у мінулым годзе тут быў тры разы і даволі высока ацаніў работу палаца. Быў задаволены дасягненнямі трэнераў і выхаванцаў, даў высокую ацэнку будынку, яго ўнутранага аснашчэння старшыня Алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка.
За невялікі час работы Воднага палаца тут змаглі адпачыць сотні тысяч чалавек. Амаль усе засталіся задаволены дадзенымі паслугамі. Але асноўная дзейнасць спартыўнай установы — выхоўваць будучых чэмпіёнаў. А калі не ўсе імі стануць, то трымацца на вадзе, плаваць тут навучаць, а яшчэ дапамогуць нашым юным жыхарам раёна ўмацаваць здароўе, даць штуршок для росту цела, фарміравання шкілетна-мышачнай масы. І гэта ўжо нямала.
Пра разраднікаў, чэмпіёнаў, кандыдатаў у майстры спорту, трэнераў палаца мы неаднаразова расказвалі на старонках раённай газеты. Апошні матэрыял быў у мінулым нумары. Цяпер жа час расказаць пра Водны палац наогул, прасачыць перспектывы развіцця, вызначыць праблемы, а іх у гэтай вялікай гаспадарцы нямала. Але яны не такія ўжо і буйныя, з імі стараюцца спраўляцца аператыўна.
Што сведчыць статыстыка?
У базу Воднага палаца ўваходзіць басейн даўжынёй 25 метраў на шэсць дарожак, аквапарк з дарослым і дзіцячым сектарамі. Што цікава, 90% прыбылі аб’екта дае менавіта аквапарк. У 2024 годзе палац на ўсіх паслугах зарабіў 600 тысяч рублёў, што даволі значна перавысіла планавае заданне. Толькі аквапарк у 2024 годзе наведала 4287 чалавек, 1800 — басейн, столькі ж саўну, 200 — трэнажорную залу.
Што змянілася
за 15 гадоў?
Прыйшлося выпраўляць канструктыўныя пралікі. Ну куды ж без іх? Пастаянна ідзе паляпшэнне ўмоў заняткаў, працы, адпачынку. Вялася закупка новых трэнажораў. Нядаўна залу аснасцілі кандыцыянерам. Ён быў тут неабходны як паветра, бо ў летнюю спёку займацца было немагчыма, — зала ператваралася ў парнік. Адсутнасць кандыцыянера і адносілася да канструктыўнага праліку.
Два разы на год работа палаца спыняецца на прафілактычнае абслу-гоўванне. У гэты перыяд наведвальнікаў няма, а значыць, і выручкі. Мяняецца плітка, ачышчаецца ад вапнавага налёту, а гэта паверце не так і проста. Не ўсякія сродкі для мыцця могуць выдаліць гэта напластаванне, толькі спецыяльныя, якія каштуюць значных грошай.
На маё пытанне, ці адпавядаюць атракцыёны аўтапарка стандартам якасці, ці бяспечныя яны, Аляксандр Віктаравіч адказаў, што ўсе канструкцыі адказваюць неабходным запатрабаванням. Іх праверку штогод робіць ведамства, якое ажыццяўляе прамысловы
нагляд. Калі будзе хоць адна заўвага, сертыфікат адпаведнасці не выдаецца. З гэтым вельмі строга.
Пераабсталявалі саўну (трэба неяк наведаць), замянілі лесвіцу. Прыходзьце, атрымлівайце асалоду, млейце.
Дык што з праблемамі?
Як паведамляў вышэй, іх хапае. Гаспадарка ў СДЮШАР немаленькая. Акрамя Воднага, да школы адносіцца і Лядовы палац. Самыя значныя з іх у гаспадарчай дзейнасці — гэта выхад са строю абсталявання. Як ведаеце, металічныя канструкцыі заўсёды сутыкаюцца з хлараванай і шчолачнай вадой. Тыя ж лесвіцы зроблены ў асноўным з так званага чорнага металу, які, як яго не фарбуй, не пакрывай, іржавее. Замена адной лесвіцы з нержавеючага металу каштуе сама менш 120 тысяч. Як вам цана? А такіх лесвіц тут нямала. Нават самім яе зрабіць немагчыма, трэба, падазраваю, праект складаць, які таксама грошай немалых патрабуе.
Выйшлі са строю электронныя замкі ў кабінках для пераапранання. Фірма, якая іх усталёўвала, стварала і праграму, на якой закальцаваны каса, шафы, турнікеты. Сродкі на гэта пайшлі немалыя. Былі гэтыя замкі, бранзалеты вытворчасці нямецкай фірмы. Паставілі кітайскай, якія значна танней каштуюць — 80-100 долараў ЗША. Гэтыя прыстасаванні нядоўга вытрымалі. А ўстаноўка аднаго замка каштуе
500 рублёў. Вось і лічыце выдаткі. Прыйшлося пераходзіць на звычайныя замкі. Для захавання асабліва каштоўных рэчаў ёсць сейф. Тым больш, устаноўлены камеры назірання, якія сочаць за наведвальнікамі на ўваходзе.
Не хапае работнікаў, іх тут называюць матросамі, якія адказваюць за бяспеку ў басейне і аквапарку. Але ўсё роўна знаходзяць неяк выйсце. На асабліва гарачы летні сезон наймаюць сезонных матросаў. Ім неабходна прайсці спецыялізаваныя курсы і атрымаць допуск да гэтай дзейнасці. Зарплаты залежаць ад прыбытку палаца. Асноўныя сілы кідаюць на аквапарк, дзе заўсёды намнога больш наведвальнікаў, чым у басейне. Знайсці надзейных людзей на гэта не так і проста. У апошнім за бяспеку вучняў адказваюць іх трэнеры.
Як з санітарнымі ўмовамі?
Аб’ект заўсёды знаходзіцца пад пільнай ўвагай санітарнай службы раёна. Рэгулярна бяруцца спробы вады, правяраецца кожны закуток. Бываюць некаторыя пытанні, але яны хутка вырашаюцца. І з боку санслужбы асаблівых нараканняў няма. А калі вельмі захацець, то можна іх знайсці нават у стэрыльным аперацыйным пакоі.
Што ў завяршэнне?
Што цікава, у дзень, калі мы рыхтавалі гэты матэрыял, у аквапарку было людна. Амаль усе наведвальнікі былі не з Пружанскага раёна. З некаторымі пагутарыла Кацярына Масік.
Сям‘я Абрамовічаў у складзе: Валянціна, Дзмітрый, дочкі Ксенія і Васіліса прыехала з г. Баранавічы. Аказваецца, у гэты дзень адной з дзяўчынак споўнілася 10 гадоў. Бацькі вырашылі сваёй дачушцы зрабіць такі падарунак. Па словах бацькоў, яны ў аквапарк Воднага палаца прыязджаюць штогод. Тут ім усё падабаецца. Персанал заўжды ўважлівы, атракцыёны цікавыя і, немалаважны факт, што кошт усяму задавальненню толькі 10 рублёў.
Сям‘я Даськовых у складзе мамы Паліны, таты Мікалая, дачкі Міраславы і прыёмнага сына Уладзіміра прыехалі са Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. Наведваюць яны наш аквапарк штоквартальна. Сёння ў мамы дзень нараджэння, такі захаплярьны падарунак ёй і ўсёй сям’і зрабіў тата. Гэта добра, калі сямейныя святы адзначаюць не за вялікім сталом, дзе многа ежы і напояў, а ладзяць актыўны адпачынак.
Падводзячы вынікі гэтага матэрыялу, скажу, што Водны палац займае адно з самых дастойных месцаў Пружанскага раёна. Тут можна і добра адпачыць, аздаравіцца і стаць чэмпіёнам.
Адпачывайце, трымайце асалоду, а не шукайце хібы. Зараджайцеся бадзёрасцю і добрым настроем.
Мухі шукаюць адно —
і знаходзяць, пчолы — зусім іншае, і ім таксама шанцуе. Будзьце пчоламі!
Віктар Ільюшчанка
Фота Кацярыны Масік
