
Прафесія выхавальніка — штодзённая і карпатлівая праца, якая патрабуе шмат любові, сіл і поўнай самааддачы, бо педагог павінен быць добрым сябрам і мудрым настаўнікам для кожнага дзіцяці. Часцінку свайго сэрца і душы кожны дзень аддае дзецям выхавальніца дзіцячага сада № 5 г. Пружаны Святлана Мікалаеўна Панасевіч.
Яшчэ з дзяцінства Святлана марыла стаць выхавальніцай. Але спачатку дзяўчына ўладкавалася на працу на завод, адначасова паступіўшы на падрыхтоўчае аддзяленне пры Брэсцкім педагагічным інстытуце, які затым паспяхова скончыла завочна. І вось ужо 32 гады працуе з дзецьмі.
У цяперашні час Святлана Мікалаеўна — выхавальніца другой малодшай групы, у якой 17 дзяцей — сур’ёзных і смяшлівых, непаседлівых, дапытлівых, з рознымі характарамі і звычкамі дзяўчынак і хлопчыкаў. І на ўсіх іх хапае вялікага сэрца і цяпла жанчыны. Кожны дзень Святлана Панасевіч адкрывае новыя магчымасці і дорыць незабыўныя ўражанні ад зносін з малымі.
Цярплівасць і міласэрнасць, увага да кожнага — на гэтым будуецца ўся праца Святланы Мікалаеўны з дзецьмі. І ёсць яшчэ адзін сакрэт — любоў да дзяцей.
— Яны ўсе бягуць да цябе са сваімі радасцямі, засмучэннямі, расчараваннямі. І для кожнага трэба знайсці словы, некага супакоіць, жвавага спыніць, але і не пакрыўдзіць. Абавязкова адказаць кожнаму на пытанне, — дзеліцца выхавальніца.
Адчуваецца, што ў сваёй педагагічнай дзейнасці Святлана Мікалаеўна імкнецца пазбягаць манатоннасці, разумна чаргаваць заняткі з адпачынкам і гульнямі, каб дзецям некалі было сумаваць. А чым здзіўляць малых? Тады і вырашыла выхавальніца заняцца цестапластыкай. Як прызнаецца жанчына, рамёствы вабяць і хлопчыкаў, і дзяўчынак, усе з задавальненнем бягуць на гурток і чакаюць з нецярплівасцю наступны занятак. Для Святланы Панасевіч кожнае дзіця — гэта цэлы свет, адзіны і непаўторны.
З цеплынёй адгукаецца пра выхавальніцу загадчыца дзіцячага сада Святлана Місюля:
— У ёй дзіўным чынам спалучаюцца велізарная працавітасць, любоў да прафесіі і дзяцей, імкненне да ўдасканалення педагагічнага майстэрства.
Напярэдадні прафесійнага свята Святлана Мікалаеўна далучылася да віншаванняў калег. Пажадала ўсім моцнага здароўя, творчых поспехаў, натхнення, падзякі і павагі бацькоў.
Анастасія МІХЕЕВА. Фота аўтара